All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

5 June 2022

Аповед дзевятнаццаты. Абрад.


Да дому сябра я ішоў альбо з кнігай, альбо з футбольным мячом. На гэты раз у руках у мяне быў мяч, і я ішоў па выгаралых пылам і спякотай вуліцах, адбіваючы няроўны рытм і спрабуючы не патрапіць у казурка або аскепак шкла. Як заўсёды, я прайшоў могілкі, дом культуры, сталовую і аднапавярховы цагляны дом, адкуль вырываліся рэлігійныя песні тых, каго мы з сябрам называлі ці то баптыстамі, ці то сатаністамі. Прынамсі, калі б нам сказалі, што ў двары таго дзіўнага цаглянага дома адбываюцца жахлівыя ахвярапрынашэнні, мы б не здзівіліся. Аднак пра дом гэты як-небудзь іншым разам.

Перад брамкай я спыніўся і паклікаў сябра. Ніхто не адказаў. Я дакрануўся да вісклівага рычагу брамкі, аднак апусціць не адважыўся і адступіў назад. Два словы аб тым, чаму я не мог зайсці. Справа ў тым, што ўсё сваё дзяцінства я баяўся сабак. Баюся і цяпер, аднак зараз, калі ў нагах спіць аўстралійская аўчарка, не мае сэнсу казаць пра гэта. Скажу так: я баюся ўсіх сабак, акрамя адной. Або, хутчэй, не баюся, але адчуваю трывогу ды трапятанне, якія вяртаюць мяне ў далёкі летні дзень, калі я разбудзіў сабаку, які спаў на парозе вясковай хаты. Дзядуля, які сядзеў на лаўцы за два метры ад мяне, сказаў, што нельга будзіць спячага сабаку. Я спытаў, чаму, і ён адказаў аднаскладовай формулай, якая захавалася ў маёй падсвядомасці на ўсё астатняе жыццё: «Таму што сабака – гэта звер».

Адчуванне таго, што сабака жыве па сваіх законах, і ты ніколі не зможаш ведаць у поўнай меры, пра што ён думае, завісла ў павуцінні дзіцячых страхаў, і вярталася да мяне яшчэ сотні разоў. Варта мне на секунду пра яго забыцца, як палец намацвае глыбокі шнар у верхняй частцы ілба, пакінуты ўкусам таго самага сабакі, якога я так недарэчы разбудзіў аднойчы ў хаце сваёй цёткі. Абудзіў выпадкова, зусім не жадаючы таго, аднак усё ж разбудзіў.

Я стаяў перад брамкай і баяўся ўвайсці. Я ведаў, што там, за высокім плотам, ёсць сабака. Ён павінен быў быць на прывязі, аднак я не ведаў напэўна. І ўсё ж на імгненне жаданне ўбачыць сябра аказалася мацнейшым за страх, і я адчыніў брамку. Увайшоў... Брамка зачынілася. З нямеючым сэрцам я паклікаў сябра яшчэ раз, і на гэты раз пачуў сабачы брэх. За брэхам услед рушыў і сам сабака, які выскачыў з-за гаража і пабег у мой бок. Здаецца, я ніколі ўжо не забудуся пра рудую пысу і гэты бясконцы брэх, з якім ён скакаў вакол мяне. «Сабакі адчуваюць страх», казалі мне, аднак ніхто не растлумачыў, куды падзець гэты страх. Дзе кнопка, дзе выключальнік? 

Ён скакаў вакол мяне цэлую вечнасць. Скакаў, я ведаў, каб укусіць, угрызціся ў руку, разарваць на часткі. Я баяўся рушыць з месца. Думка аб тым, каб развярнуцца і выйсці на вуліцу, здавалася немагчымай, і таму я толькі адчайна адбіваўся голасам і футбольным мячом, прылепленым да маіх далоняў. Я крычаў так, што мой голас павінны былі пачуць на кожнай вуліцы, але вёска нібыта вымерла. Я па-ранейшаму клікаў сябра, але ўжо неяк ціха і безнадзейна. Уся гэтая сцэна доўжылася хвілін пяць ці дзесяць, і я не ведаю, колькі б яна працягвалася яшчэ (сябар, як высветлілася пазней, той раніцай збіраў у лесе чарніцы) – калі б раптам дзверы дома не адчыніліся, і з іх не выйшаў дзед майго сябра. Босы, без кашулі, у адных штанах... Пра што ён падумаў, калі яго дзённы сон перапыніў вусцішны крык за вокнамі? Пра што ён падумаў, калі ўбачыў заплаканага, звар'яцелага дзіця з футбольным мячом у руках? 

Не кажучы ні слова, ён паглядзеў на мяне, пасля чаго ўзяў сабаку на рукі і пасадзіў на ланцуг. Зайшоў у хату і вярнуўся з нажніцамі. Адрэзаў ад сабакі рыжы касмыль поўсці і паклаў на лаўку. Дастаў некалькі белых цаглінаў і абнёс імі невялікі ўчастак зямлі. У цэнтры, між цаглінамі, паклаў невялікі згустак сабачай поўсці. Дастаў з кішэні запалкі, пасля чаго падпаліў поўсць. Я памятаю гэты тонкі струмень полымя, афарбаваны ў руды колер. А ўжо потым ён сказаў мне скакаць над полымем некалькі разоў. Злева направа, потым справа налева. Я зрабіў гэта – дваццаць, можа быць, трыццаць разоў, моўчкі, не выпускаючы з рук футбольны мяч. Я зрабіў бы ўсё, што заўгодна. Усё, аб чым бы ён мяне ні папрасіў.

– А зараз ідзі, – сказаў ён. – Цяпер ты не будзеш баяцца.

І я пайшоў дадому – па тых самых вуліцах, што і раней. Міма злавеснага цаглянага дома, міма сталовай, міма дома культуры і могілак. Усё было так, як было заўсёды – толькі цяпер я не баяўся гэтага сабакі. Я не баяўся ніводнага сабакі на свеце. На гэтыя некалькі хвілін, а магчыма, на цэлую вечнасць – я зрабіўся бясстрашным.


29 May 2022

Аповед васемнаццаты. Пахаванне.


А пятай раніцы. Машына спынілася, і нечая рука адчыніла дзверы. Мы спалі ўсю дарогу. Было холадна і няўтульна, і так не хацелася расплюшчваць вочы. Пачынаўся світанак, пачварны і тужлівы. Такі неабавязковы ў халодную раніцу. Суровы мужчына з чорнай барадой, што прывёз нас, аб нечым спытаў, і калі цётка адказала, неяк сканфузіўся. Сказаў, што калі б ён ведаў загадзя... Зразумела, ён узяў грошы і паехаў назад – а я зайздросціў яму. Яму і яго цёплай машыне, у якой да самага Менска будзе іграць радыё.

Брамка не рыпнула. Гэта падалося мне дзіўным, але трэба было ісці далей. Двор быў цёмны, і я амаль не пазнаваў гэтых мясцін. Ці не хацеў пазнаць, ці не мог расплюшчыць вочы. Дрэвы здаваліся чужымі, а гараж нагадваў вялізны драўляны куфар. Мы прайшлі ў дом, прасякнуты пахам воску і мёда. Дзядуля не спаў. Ён прашаптаў нешта страшнае, нешта нервовае, а потым сказаў, што сабака ўцёк з дому. Я баяўся глядзець па баках. Недзе ў доме ляжала цела – але я не ведаў, дзе.

На кухні ля стала мітусілася нейкая жанчына ў чорнай хустцы і ці то нешта гатавала, ці то нешта раскладвала. Яна не прывіталася з намі –толькі азірнулася на якую секунду. Я паняцця не меў, хто яна такая. Ніхто не ведаў. Калі мама спытала ў дзядулі, ён сказаў, што нехта прывёў гэтую жанчыну ў дом – «яна ведае, што робіць». Я пачаў назіраць за ёй. У рухах было столькі досведу, столькі ўпэўненасці, што раптам мне стала лягчэй. Ніхто з нас не ведаў, што трэба рабіць. З гэтым мёдам, з гэтым царкоўным віном. А яна ведала. Яна ўсё ведала.

У хату пачалі прыходзіць людзі, і некаторых я ведаў. Яны маўчалі, клалі руку на нашыя плечы, нешта шапталі. Пыталіся пра святара. Мне было няёмка, бо я не плакаў. Увесь час здавалася, што я згубіўся, і ніхто навокал не збіраецца мяне шукаць. У нейкі момант вярнулася цётка і сказала, што святар адмаўляецца прыходзіць, калі мы не заплацім вялізную суму. Нешта зморшчылася і скаланулася ўнутры ад гэтых словаў. Я заплюшчыў вочы і падумаў пра вялізную царкву, што расла ў цэнтры вёскі. Падумаў тады, што ніколі не быў унутры, і ўжо ніколі не буду.

Свечкі, малітвы, людзі, слёзы.

У вялізнай зале, куды мы ўвайшлі, было шмат людзей. Я спадзяваўся, што ніхто з іх не будзе размаўляць са мной – не будзе шаптаць, не будзе чапаць за плячо, не будзе чакаць ад мяне слёз. У цэнтры стала стаялі талеркі і міскі з ежай, аднак есці не хацелася. «Табе трэба што-небудзь з'есці», сказала суседка, з сынам якой я гуляў некалі ў футбол. «Давай я пакладу кашы». Я паспрабаваў сказаць «не», аднак яна не хацела слухаць. «Гэта прасяная каша, вельмі смачная». Я ненавідзеў прасяную кашу больш за ўсё на свеце, і ўсё ж не было сэнсу спрачацца. Яна паклала мне дзве ці тры лыжкі, і мне заставалася толькі з нудой глядзець на гэтую страшную мешанку бледна-жоўтага колеру, ад якой зыходзіў ненавісны пах школьнага сняданку. Нехта пачаў разліваць віно. Густое і бардовае, як кроў – я зачаравана глядзеў на тое, як яно разліваецца ў празрыстыя келіхі. У нейкі момант у жываце завуркатала, і я паспрабаваў кашу... Паспрабаваў – і ўжо не мог адарвацца. Я з'еў цэлую талерку і папрасіў яшчэ. Дзіўнае адчуванне, ад якога было сорамна. Гэтулькі нуды і рыданняў вакол, гэтулькі пакутлівых успамінаў аб мінулым, а я ем самую смачную кашу ў сваім жыцці...

Свечкі, малітвы, людзі, слёзы.

Позна ўвечары, пасля трупнай і трубавай музыкі, пасля стогнаў і магільнай зямлі, мы вярнуліся ў хату і леглі спаць. Памятаю, як добра было ў цёплым ложку пасля бясконцага дня. Кожная клетка цела пашыралася, выдыхала, адыходзіла ад напружання. Хацелася спаць, і я ведаў, што ніхто ўжо не перашкодзіць мне заплюшчыць вочы і забыцца. Праўда, у нейкі момант, ужо пасля поўначы, я прачнуўся ад брэху сабак, уключанага святла і грукату дзвярэй. Нехта сказаў, што сабака вярнуўся ў дом, і я зноў праваліўся ў глыбокі сон.


22 May 2022

Аповед семнаццаты. Афрыка.


Мая цётка ніколі не лезла ў кішэнь па слова. Казала тое, што думае. Выкурвала пачак цыгарэт у дзень, а калі піла каву, то гэта была самая чорная кава з тых, што можна ўявіць. Распытвала пра дзяўчат, якія мне падабаліся. Давала парады, ад якіх я спачатку чырванеў, а затым бляднеў. Валодала бяспройгрышным ударам у бадмінтоне і ведала адказ на любое пытанне. А аднойчы, яшчэ да смяротнай хваробы, паклікала мяне на сваю кухню, дзе ў цыгарэтным дыме і стойкім паху кававых зерняў прымусіла напісаць распіску аб тым, што я буду шпацыраваць з ёй па вуліцах, калі яна састарэе. Яна папрасіла намаляваць пячатку і паставіць подпіс. Я зрабіў і тое, і другое. Яна схавала распіску ў сваёй сумачцы, і потым доўга яшчэ даставала і нагадвала мне пра яе існаванне.

Адзін з самых ранніх успамінаў пра яе – гэта летні дзень на цэнтральнай плошчы. Мы сядзелі на лаўцы ў чаканні аўтобуса, які павязе нас у Менск. Елі марозіва і размаўлялі пра ўсё без разбору. Я любіў цётку і звяртаўся да яе па імені і заўсёды на «ты». У тыя дні я марыў аб джунглях і пустынях, і ў нейкі момант размовы задаў такое пытанне: «Наташа, а дзе знаходзіцца Афрыка?» Я быў упэўнены, што яна ведае. І яна ведала. Не разважаючы ні секунды, яна паказала рукой уздоўж адной з вуліц і сказала: «Там». І колькі б урокаў геаграфіі ў мяне ні было, колькі б разумных кніг я ні прачытаў, я заўсёды ведаў, дзе знаходзіцца Афрыка. Уздоўж вуліцы Ціхамірава, за лесам.

А яшчэ я добра памятаю той пахмурны восеньскі дзень, шмат гадоў пасля таго эпізоду, калі я ўжо выкладаў ва ўніверсітэце, і цётка праходзіла знясільваючыя сеансы хіміятэрапіі ў адной з менскіх бальніц. Пасля заняткаў я забраў маму з працы і мы паехалі яе праведаць. «Наташа», спыталі мы па тэлефоне. «Чаго табе хочацца? Мы прывязем тое, што скажаш». Зразумела, яна ведала, чаго жадае. Гамбургер ды фрыткі з Макдональдса. Мы купілі ўсё гэта і паехалі ў шпіталь.

У гэтым успаміне ёсць нешта светлае і прыгожае, і ёсць нешта пакутлівае і зусім ужо невыноснае. Цётка была худая і змучаная. У гарачай палаце пахла смерцю і прасцінамі. Бяздушна гучала радыё. Мы выйшлі з палаты і спусціліся ўніз. Прайшлі праз ветраны двор і селі на лаўку за нейкай бальнічнай прыбудовай. Здаецца, упершыню цётка не паліла. Але я памятаю тое шчырае захапленне, з якім яна разгарнула карычневы папяровы пакет і дастала гамбургер. Са здзекам і выклікам пах разлятаўся над бальнічным дваром, а цётка трыумфальна дапівала колу... (Ёсць у гэтай гісторыі нешта сямейнае. Калі дзядулю забіралі ў бальніцу, ён ведаў, што памірае, і папрасіў купіць яму піва ды арэхаў. Цётка расказвала, як яго везлі, ужо бледнага і бяссільнага, па бальнічным калідоры, і ён з усмешкай дапіваў піва.)

Потым будуць іншыя ўспаміны, жахлівыя і ўжо апошнія, аднак я заплюшчваю вочы і бачу цётку там, у двары лякарні. Гэты погляд, гэтая ўсмешка – я бачу іх гэтак жа выразна, як абрысы афрыканскага берага на краі звычайнай беларускай вёскі.


15 May 2022

Аповед шаснаццаты. Футбол.


Як мы гулялі ў футбол?

Мы гулялі ў футбол з ранняй раніцы і да надыходу ночы. Мы гулялі да таго моманту, калі пот пачынаў сцякаць салёным ручаём па шортах і валасах. Мы гулялі так, што вада пасля заканчэння матчаў пачынала набываць салодкі смак. Мы гулялі ў пяску і на асфальце. Мы гулялі басанож на іржышчы, з-за чаго ступні раздзіраліся да крыві. Мы гулялі так, што мячы лопаліся ад напругі, утвараючы характэрны выбух. Гулялі, пакуль адчувалі ўласнае дыханне, і абрысы варот яшчэ можна было распазнаць у вячэрнім прыцемку.

Наш талент сцёрся ў часе, і сёння цяжка ўжо што-небудзь сцвярджаць – аднак трэнер мясцовай каманды заўважыў маю апантанасць, і з падробленымі дакументамі я паехаў гуляць на футбольны турнір (з падробленымі, таму што нарадзіўся ў Менску, і не меў права гуляць за мясцовую каманду). Мне далі дванаццаты нумар і пазіцыю цэнтральнага паўабаронцы. Я атрымаў грошы за перамогу ў адным з матчаў і прывабную форму з гетрамі, шортамі і футболкай крэмавага колеру. На футболцы не было майго прозвішча, і марыў я зусім пра іншы нумар, аднак усё гэта былі дробязі. Галоўнае – я гуляў. «Да страты прытомнасці», як казаў мой дзядуля. «Да страты пульса». Думаю, што гуляў нядрэнна – прынамсі, «старэйшыя» заўсёды бралі мяне на свае матчы ў восем вечара. Гэта быў прывілей, і кожны гол аддаваўся ў сэрцы чарговым прыступам шчасця.

І ўсё ж была адна праблема. Я ўсё ніяк не мог пераканаць родных у тым, што гуляю сапраўды добра. Яны ўсміхаліся, яны закатвалі вочы. Прызнання ў мяне не было. Сёстры дык і наогул ставіліся варожа да гэтага футбольнага вар'яцтва, паколькі менавіта ім трэба было прыходзіць на стадыён перад сняданкам, абедам і вячэрай, каб клікаць мяне дадому... А я крычаў «так, зараз!», і працягваў гуляць далей. І яны прыходзілі зноў, і на гэты раз даводзілася бегчы дадому, праглынаць ежу і бегчы назад. Увогуле, яны мелі поўнае права ненавідзець як футбол, так і свайго малодшага брата. Які, вядома, любіў распавесці пра тое, што забіў усе голы свету.

Аднойчы мы загуляліся – зрэшты, як заўсёды. Пот, пыл, расчараванне, шчасце. Двойчы ўжо сёстры прыходзілі клікаць мяне дадому, і абодва разы я прасіў даць мне яшчэ дзесяць хвілін. Быў позні ліпеньскі вечар, некаторыя вясковыя хаты каля стадыёна пагасілі святло, аднак мы працягвалі гуляць. Па-першае, сілы яшчэ былі (яны абвастраліся з надыходам ночы). Па-другое, лік быў роўны. 24:24. Лік, вядома, хутчэй гандбольны, чым футбольны, аднак у той дзень мы гулялі на маленькім полі, і матч працягваўся некалькі гадзін. Мы вырашылі, што будзем гуляць да пераможнага гола. Да дваццаць пятага. Змярканне падступала, і ўсё ж мы не заўважалі яго – вароты і мяч свяціліся для нас неонавым святлом. Раптам да бегавой дарожкі, што цягнулася побач з футбольным полем, прыйшла мая цётка. Я ведаў, што гэта сур'ёзна, і ў мяне наўрад ці атрымаецца ўрваць хаця б адну хвіліну гульні. Я падбег да яе і паспрабаваў растлумачыць, што лік роўны, і наступны гол будзе апошнім. Яна не была ўпэўнена ў гэтым, аднак вось ужо і мая каманда (ад якой заставалася некалькі чалавек – абаронцы разбегліся па хатах) пачала пераконваць яе. У выніку яна пагадзілася.

Я памятаю, як яна хадзіла ўздоўж межаў поля і назірала за намі. Ох, гэта было відовішча. Нашы стомленыя, упартыя целы ў гэтым пыльным ліпеньскім паўзмроку. Ніхто ўжо не крычаў, на крык не было сілы. Мы гулялі ў поўнай цішыні, у якой чуліся толькі мяч і нашае збітае дыханне. Мы гулялі доўга. Гулялі так, нібыта страцілі вароты. Момант трыўмфу здарыўся нечакана – нечакана для ўсіх, у тым ліку мяне самога. Я атрымаў мяч побач з тым самым месцам, дзе стаяла цётка, і нанёс удар... Мяч перасёк палову поля, праляцеў над галавой брамніка, які неабачліва выйшаў наперад, і апусціўся ў сетку. Гэта быў гол. Гэта была перамога. Мы крычалі і абдымаліся так, нібыта выйгралі чэмпіянат сусвету.

Але галоўнае – я бачыў бляск у вачах сваёй цёткі, якая доўга яшчэ расказвала пра тое, які я футбаліст, і які важны і прыгожы гол я забіў. Сёстры па-ранейшаму закатвалі вочы, аднак мяне гэта ўжо не клапоціла. Я атрымаў прызнанне, і ніхто ўжо не мог сапсаваць момант майго трыумфу. Верагодна, я забіў тысячы мячоў за час нашых футбольных матчаў, аднак менавіта гэты гол быў самым шчаслівым у маім жыцці. Я ўспомніў аб ім зусім нядаўна, калі мы размаўлялі пра дзяцінства. Я ўспомніў пра яго, а яшчэ пра таго футбольнага трэнера, які, як і я, да вар'яцтва захапляўся гульнёй. Ён вучыў мяне біць пенальці, ездзіў на маленькім шэрым фальсквагене, і павесіўся праз некалькі гадоў у сваёй кватэры на ўскрайку вёскі.


8 May 2022

Аповед пятнаццаты. Хэмінгуэй.


Зразумела, мы з сябрам былі закаханы ў яе, у гэтую бледную дзяўчыну, што працавала ў бібліятэцы. Мы ўрачыста падносілі кнігу, клалі на стол назвай уверх і казалі: Хэмінгуэй. Навошта было казаць «Хэмінгуэй», калі і без таго было зразумела, хто напісаў кнігу? Думаю, у скронях пульсавала не толькі закаханасць, але і гордасць. У рэшце рэшт, нам было ўсяго толькі чатырнаццаць гадоў, і мы чыталі вялізныя кнігі, якія не ўваходзілі ў школьную праграму. «Па кім звоніць звон», напрыклад. «Бывай, зброя!» Нават «Астравы ў акіяне». Аднак яна заставалася спакойнай. Упісвала нашыя імёны ў картку і адзначала дату, калі трэба было вярнуць кнігу. У яе прычосцы не было нічога асаблівага, і апраналася яна проста, аднак цяжка было не закахацца ў яе. Яна працавала ў бібліятэцы, а мы любілі чытаць.

У бібліятэцы было цёмна і халаднавата. Тут пахла пылам і пафарбаванай падлогай. Спачатку цішыня крыху адпужвала нас, аднак паступова мы прывыкалі, і вось ужо зусім спакойна здымалі кнігу з паліцы і падыходзілі да яе стала. Аднойчы побач з ёй стаялі кветкі, і ўнутры ўсё нервова скаланулася ад нахабства нябачнага саперніка. І хто яго ведае, што за выбух здарыўся ў маёй галаве, калі я ўлавіў відавочны сэксуальны падтэкст апавядання «У нас у Мічыгане», упісанага яе бледнай рукой у маю бібліятэчную картку?

Як там яно гучыць, гэтае старое клішэ? Калі ты не чытаў Хэмінгуэя ў юнацтве, у цябе не было юнацтва? Клішэ – аднак што зрабіць, калі ў чатырнаццаць гадоў мы з сябрам толькі і рабілі, што гулялі ў футбол ды чыталі кнігі Хэмінгуэя. Прынамсі, тыя з іх, што захоўваліся ў маленькай бібліятэцы на ўскрайку вёскі, дзе мы бавілі лета. Хэмінгуэй быў для нас пропускам у іншае вымярэнне, і няхай мы яшчэ не ведалі, што рабіць у тым вымярэнні, мы адчайна ў яго імкнуліся. У тым вымярэнні не было выйграных футбольных матчаў і не было бацькоў, якія клікалі нас вячэраць так несвоечасова.

Самы яркі момант, звязаны з тым часам, здарыўся пасля прачытання «Вясновых вод». Дарэчы, мала хто ўспамінае гэты ранні твор Хэмінгуэя. Успамінаюць звычайна раман «Бывай, зброя!» ці аповесць «Старык і мора». Аднак менавіта «Вясновыя воды» здзейснілі ўва мне рэвалюцыю – некалькімі апошнімі фразамі аповесці (я перачытаў яе гадоў пяць назад, і ў ёй ужо не было той магіі, што я некалі адчуў). У той момант я скончыў чытаць і падумаў, што аддаў бы ўсё на свеце за адну толькі друкарскую машынку. Аднак друкарскай машынкі ў нас не было. Так што я ўзяў чысты сшытак і аловак і напісаў некалькі словаў. Я і зараз добра памятаю гэтыя словы: «Чарлстан, Паўночная Караліна. Пляж».

Як любы падлеткавы запал, раман ператварыўся ў аповесць, а аповесць у апавяданне. Амерыканскі пісьменнік знік у часе, сябар пераехаў у іншы горад, а бібліятэку зачынілі (ці перабудавалі – што яшчэ трагічней). Бледнай дзяўчыны таксама няма, і засталася адна толькі ваза – праўда, ужо без кветак. Аднак гэтая ваза – партал у мінулае. Партал у іншае вымярэнне, пароль да якога – «Хэмінгуэй».