All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

10 July 2022

Аповед дваццаць чацвёрты. Шавец.


Машына... Машына была свабодай. Калі мы забіраліся на задняе сядзенне і заплюшчвалі вочы, то цалкам аддаваліся дарозе. Дарога несла нас наперад. Можна было прыдумваць гісторыі за каламутным шклом, а можна было высунуць руку і памацаць вецер. Машыну гэтую, вуглаватую таўрыю белага колеру, дзядуля адваёўваў з боем, і калі нарэшце атрымаў – стары сябар знік («рэўнасць», казалі суседзі), а бабуля прынесла шампунь і памыла яе ў двары дома. Ну а для нас машына была свабодай, і не было шчасця больш поўнага і сапраўднага, чым раптоўныя словы дзядулі пасля вячэры: «Дзеці, сядайце ў машыну, я буду вас катаць». І мы кружылі па незнаёмых мясцінах, ніжэй апускалі шыбы і адчувалі пах лесу.

А аднойчы дзядуля паглядзеў на мой футбольны мяч, збіты і змучаны за першы месяц бясконцай гульні, і сказаў: «Лёша, паехалі – будзем яго ратаваць».

І мы паехалі – удваіх, у невядомым кірунку. Больш за тое, дзядуля дазволіў мне сядзець на пярэднім сядзенні, што зрабіла гэтую паездку зусім ужо памятнай і асаблівай. Дзіўным было тое, што я паняцця не меў, куды мы едзем, і ўсё ж у нейкі момант дзядуля растлумачыў: «Мы едзем да майго знаёмага. Ён шавец, і ён палатае твой мяч».

Шавец жыў за царквой, у вялізнай драўлянай хаце, якая нагадвала замак. Памятаю, як дзядуля спыніў машыну ля высокага плота, і мы падышлі да зялёнай брамкі. Шавец чакаў нас. Высокі мужчына з чорнымі ад працы рукамі, які гатовы быў задушыць цябе голасам і ўсім сваім выглядам. Дзядуля прывітаўся, і шавец адказаў адборным матам, ад якога ў вачах у мяне пайшлі кругі. Калі мы зайшлі ў дом і селі на лаўку, матам загаварыў і дзядуля – дзядуля, які, я быў упэўнены, і слоў такіх не ведае. Зразумела, я ведаў выраз «лаяцца, як шавец», аднак я і ўявіць не мог, што фраза гэтая была настолькі літаральнай.

У нейкі момант я дастаў футбольны мяч (ці тое, што ад яго засталося) і кавалкі адарванай скуры, і дзядуля сказаў:

«Вось, купілі мяч, … тваю маць».

Шавец пачаў працаваць. Станок, пальчаткі, гарачы пах скуры. Размова абпальвала мой слых, і дыханне перахапляла ад разумення таго, што ўпершыню ў жыцці я знаходжуся ў сапраўднай мужчынскай кампаніі. Часам шавец звяртаўся да мяне, аднак я не паспяваў зрэагаваць, ды яму ўсё роўна не быў цікавы мой адказ. Часам дзядуля расказваў, што я лепшы футбаліст у свеце, і ў такія моманты я адчуваў сябе як у той раз, калі аднойчы да дзядулі ў госці прыйшоў стары прыяцель, і яны загаварылі пра мяне. «Вось, паглядзі – мой унук. На пяці мовах размаўляе». А я глядзеў на качак, якія гулялі ў двары, ды ледзь не самлеў: на пяці мовах! Я кепска ведаў ангельскую, а мяне зараз прымусяць размаўляць па-італьянску...

А потым, хвілін праз трыццаць, шавец аддаў мне мяч, і на стале з'явілася празрыстая бутэлька. Дзядуля папрасіў мяне пачакаць у двары, і раптам я зразумеў, што не вытрымаў мужчынскай кампаніі. У двары я стаяў каля веранды, якая шчыльна зарасла вінаградам, і разглядаў мяч. Празрыстая бутэлька, чорныя рукі, мат... І гэты мяч – зіготкі на сонцы, пакрыты скурай, ідэальна круглы. Зусім як новы.


3 July 2022

Аповед дваццаць трэці. Марожанае.


Ніхто не любіў марожанае так, як любіла яго мая бабуля. Яна не прызнавала іншых дэсертаў, і марожанае магла есці ў любое надвор'е і ў любую пару года. У любых колькасцях. Так, сямейная легенда гаворыць аб тым, што аднойчы бабуля з'ела дзевятнаццаць пачкаў марожанага запар. Мільён разоў мы пыталіся ў яе: бабуля, ці гэта праўда? І мільён разоў яна адказвала: вядома, праўда.

Насамрэч, у нас не было прычын не верыць ёй. Бабуля любіла розыгрышы, часта жорсткія (некалі, будучы студэнткай, яна магла набраць у імбрычак халоднай вады і наліць гэтую ваду ў раскрыты рот захропшага суседа па інтэранту – па словах бабулі, храп імгненна спыняўся. У познія гады метады былі больш гуманныя: перад сном яна клала побач з сабой плюшавую цацку, і ў выпадку храпу запускала яе ў дзядулю, які спаў у іншым канцы спальні.) Увогуле, не было нічога дзіўнага ў тым, што бабуля магла здзейсніць што-небудзь падобнае.

Па словах маёй цёткі, усё адбывалася прыкладна так. Яны сядзелі на вакзале ў чаканні аўтобуса. Было горача, да аўтобуса было яшчэ шмат часу, і яны вырашылі з'есці пачак марожанага. Далей, як гэта звычайна адбываецца, адной пачкі падалося мала. Купілі другую. Потым трэцюю. Чацвёртую. Пятую. У нейкі момант цётка перастала ўдзельнічаць у эксперыменце, і толькі назірала. Аднойчы рот бабулі анямеў, і на дванаццатым пачку сценкі страўніка ператварыліся ў лёд. Былі моманты, калі бабуля пыталася: «Можа быць, усё?» Але цётка толькі пытала: «Апошні?» Былі моманты, калі цётка прапаноўвала спыніцца, але бабуля з'ядала чарговы пачак з падвоеным апетытам. У рэшце рэшт, было вырашана спыніцца на пачцы нумар дзевятнаццаць. Мы, якія любілі марозіва больш за жыццё (і якія памятаюць да гэтага часу, што сапраўдны пачак – гэта сто грам і ніяк не менш), слухалі ўсё гэта так, нібыта гісторыя гэтая была аб звышнатуральных здольнасцях. Магчыма, так яно і было.

Таму нічога дзіўнага не было ў тым, што калі я вяртаўся з першага футбольнага турніру ў сваім жыцці, і аўтобус спыніўся на ўездзе ў вёску, я перш за ўсё зайшоў у мясцовую краму і выдаткаваў частку заробленых грошай на сем пачкаў марожанага (для ўсіх, хто быў дома). Я добра памятаю адчуванне лёгкага, амаль бязважкага дзіцячага шчасця, калі я ішоў праз пустую ранішнюю вёску і ведаў, што марожанае не паспее растаць да таго моманту, як я вярнуся дадому... 

Аднак у пачках марожанага вымяраліся не толькі футбольныя перамогі. Так, я памятаю той дзень, калі дзядуля пачуў пра акцыю ў адной з мясцовых крам, дзе прапаноўвалі вялізныя грошы за кілаграм кабачкоў. Быў жнівень, і мы якраз рыхтаваліся збіраць ураджай; памятаю, як, набраклыя і пажоўклыя ад сонца, яны ляжалі на сухім пяску і бясконца спелі і пакрываліся жоўтымі плямамі. Яны былі мяккімі, поўнымі семак і вады – ніхто з нас не любіў іх. І вось у адной з мясцовых крамаў аб'явілі акцыю. Склаўшы некалькі ўраўненняў у розуме, дзядуля вырашыў, што да вечара мы станем мільянерамі. «Уяўляеце, колькі пачкаў марожанага мы зможам купіць?» спытаў ён. «Дзвесце?» выказаў здагадку я.

Такім чынам, мы зрэзалі ўсе кабачкі, што раслі ў агародзе, загрузілі іх у багажнік дзядулінай таўрыі, і паехалі ў краму. Я памятаю пякучую скураную абіўку сядзення, выпаленую сонцам, а таксама прадчуванне хуткага трыумфу. Здаецца, мы сабралі дваццаць ці трыццаць кілаграмаў кабачкоў і пакінулі частку даспяваць на сонцы. Заехалі ў двор крамы, дзе да нас выйшла жанчына ў шэрым халаце. Яна ведала дзядулю, і дзядуля з задавальненнем расказаў ёй аб тым, што яе чакае. Ён адчыніў багажнік, і жанчына разгублена агледзела кабачкі. «Ой не, ды што вы! Гэта ўсё не тое. У вас не цукіні, а кабачкі. Нам патрэбны тоненькія і цёмна-зялёныя, а ў вас зусім не тое. Я тут нават на жавальныя гумкі дзецям не набяру, не тое, што на марожанае...».

Шлях назад быў доўгім і бясконца тужлівым. Дзядуля маўчаў, а мы змрочна глядзелі ў акно. Мільянерамі мы не сталі, і не купілі дзвесце пачкаў марожанага, а ўвечары адкрылі багажнік і выкінулі кабачкі на сметнік за хатай.


26 June 2022

Аповед дваццаць другі. «Адрыятык».


Мы вярталіся дадому з Пагоста. Мы вярталіся з могілак, дзе быў пахаваны мой прадзед Ісаак. Той самы, які быў нечым накшталт сямейнай легенды. У 1913 годзе ён быў адным з тых, хто сеў на параход «Адрыятык» і адправіўся ў Амерыку ў пошуках новага жыцця. Паводле партовага рэестра, ён прыбыў у Манхэтэн з Ліверпуля 28 жніўня 1913 года. Зусім нядаўна яму споўнілася 19 год. У яго кішэні было 25 даляраў, і пасля Нью-Ёрка ён збіраўся ехаць у Канэктыкут. Стрыечны брат асеў ў Амерыцы, а Ісаак вярнуўся дадому, дзе заставаўся да самай смерці, жыў звычайны жыццём і любіў паўтараць ангельскае слова money (ён вымаўляў яго прыкладна так: «мані»). Упершыню ў жыцці я пабываў на яго магіле, ад якой захаваўся толькі невыразны вобраз сіняй агароджы і калючыя галінкі акацыі.

Вёска Пагост знаходзілася на самым поўдні краіны (я пішу «знаходзілася», таму што пасля двух гадоў жыцця ў эміграцыі цяперашні час перастае значыць тое, што значыў калісьці), і перад намі лунаў доўгі шлях дадому. Наглытаўшыся сухога дарожнага пылу, мы селі нарэшце ў аўтобус, які павінен быў завезці нас назад у Менск. Аўтобус быў маленькім, з незвычайным размяшчэннем сядзенняў: дзве вузкія лаўкі, якія глядзелі адна на адну з процілеглых канцоў салона. Сядзець было горача і няёмка – люка не было, вокны не адчыняліся, нас увесь час штарміла і кідала ў розныя бакі. Кідала так, што я баяўся за косткі і ўнутраныя органы, гатовыя ў любы момант разарвацца ці змяніць звыклае размяшчэнне.

Аўтобус часта спыняўся, каб падабраць новых людзей і выпусціць старых. Прыпынкі гэтыя былі неабходныя яшчэ і таму, што давалі магчымасць удыхнуць паветра, якога так не хапала ўсярэдзіне. І вось у нейкі момант мы спыніліся ў невялікай вёсцы і забралі трох чалавек – дзвюх дарослых жанчын і адну дзяўчыну. Яны селі насупраць нас, і я застыў у захапленні. Увесь аўтобус застыў перад маімі вачыма – увесь аўтобус і ўвесь свет. Я глядзеў на гэтую дзяўчыну ды ўсведамляў, што нічога больш прыгожага не бачыў ніколі ў жыцці – і, магчыма, ніколі ўжо не ўбачу. Аўтобус перастаў кідацца і падскокваць увесь той час, што я быў захоплены яе авальным тварам, адхіленым позіркам і цёмнымі валасамі, сцягнутымі шырокай гумкай. Мне падабалася яе ружовая майка з дурным малюнкам, яе кароткія джынсавыя шорты і загарэлыя ногі. Мне падабаліся яе старыя, стаптаныя красоўкі. Мне падабалася нават тое, што яна ні разу не паглядзела ў мой бок і толькі сарамліва, напаўпаварота разглядала пыльную шыбу аўтобуса.

Я хацеў, каб яна ехала з намі да самага Менска, да той самай вуліцы, дзе быў мой дом. Кожны раз, калі здараўся прыпынак, сэрца пачынала біцца мацней, і я баяўся, што гэта канец. Яна выйдзе, і я больш ніколі яе не ўбачу... І ўсё ж у патрэбны момант сэрца не паспела перастроіцца, не паспела выскачыць ці закрычаць, таму што за некалькі хвілін да нейкай богам забытай вёскі яна раптам павярнулася ў бок кіроўцы і сказала :

– Спыніце ў К.! Мне трэба сысці.

Усё знікла ў адзін момант – і не таму, што яна выходзіла тут, у лясной глушы далёка ад Менска. А таму, што яе голас аказаўся такім звычайным. Якім вульгарным быў яе тон. Якім няправільным было гэта «сысці». Якімі грубымі былі яе рухі, калі яна пачала прабірацца да дзвярэй. Якімі былі яе зубы.

У той час я часта думаў пра свайго прадзеда. Глядзеў на фатаграфію, на якой ён стаяў у квітнеючым двары, ужо пасля Амерыкі, і думаў: навошта ён вярнуўся? Чаму не застаўся там, чаму адмовіўся ад мары, якая прымусіла яго аднойчы сесці на гэты шматдзённы параход з Ліверпуля ў Манхэтэн? Пабываўшы нарэшце ў Нью-Ёрку, я напісаў аб Ісааку апавяданне – там шмат домыслаў і здагадак, аднак я так адчайна спрабаваў растлумачыць сабе гэтае вяртанне. Як бы там ні было, з моманту напісання апавядання я захоўваю ў тэлефоне чорна-белую фатаграфію таго самага карабля – з чатырма мачтамі, з велізарнымі дымлівымі трубамі пасярэдзіне... А калі казаць пра дзяўчыну, якую я ўбачыў аднойчы у салоне аўтобуса, які рухаўся з могілак у вёсцы Пагост, дзе пахаваны Ісаак, то яна пакінула след. Няроўныя зубы прыгожай дзяўчыны – няўжо існуе нешта больш цудоўнае і сэксуальнае за гэта?..


19 June 2022

Аповед дваццаць першы. Уільям Фолкнер і драўляная труна.


Няма сэнсу пісаць пра мінулае, казаў Джордж Оруэл, калі ты не гатовы распавесці пра тое, за што табе сорамна. Тут былі ўжо такія гісторыі, і будуць яшчэ – і ўсё ж няма ў маім мінулым эпізоду, які можна б было параўнаць з гэтым. Ён выклікае ў мяне складаныя пачуцці, ён выклікае боль і млоснасць, і я амаль нікому пра яго не расказваў. Тыя, каму расказваў, адводзілі вочы і прасілі не працягваць. І ўсё ж я напісаў назву – так што мне давядзецца распавесці да канца...

Панядзелак. Канец жніўня, чаканне другога курса універсітэта. Мы сустрэліся каля яе дома і селі ў прыгарадны аўтобус, які павёз нас па сухой пыльнай дарозе ў вёску пад Менскам. Гэта вядомая вёска, музей пад адкрытым небам; тут святкуюць Масленіцу, сюды водзяць замежнікаў. Тут добра, асабліва ў панядзелак – хаця б таму, што ў панядзелак музей не працуе. Каб патрапіць унутр, мы не сталі шукаць білетны кіёск (ён усё роўна быў зачынены) – мы ведалі іншы шлях. Мы прайшлі некалькі метраў убок і пералезлі праз драўляны плот, які даўно ўжо не рыпеў з прычыны волкасці і гнілога бярвення. Так мы апануліся ўнутры.

Я ведаў тут кожны дом, бо прыязджаў сюды са сваім школьным класам і прывозіў сяброў з Англіі. Млын, старая школа, сельская хата – уся гэта бутафорыя, пародыя на мінулае, да якога я не мог заставацца абыякавым. Наш вясковы дом даўно ўжо быў прададзены, і нешта цягнула мяне сюды, у гэтыя штучныя двары і трохметровыя калодзежы. На гэты раз, аднак, мы прыехалі не за гэтым. На гэты раз мы хацелі натрапіць на зацішнае месца, дзе нас не знойдуць нават тыя, хто не будзе шукаць.

У вёсцы было пуста. Цёплы летні дзень, магчыма, апошні за год – і вакол нікога. Толькі нашы крокі і палахлівыя свойскія птушкі, якія насцярожана гулялі па вуліцах.

Урэшце мы знайшлі тое, што шукалі. Зацішны дворык на ўскраіне вёскі – тут была тая самая павець, набітая саломай і сенам, аб якой я думаў. Сена, разадзьмутае цёплым надвор'ем, амаль дакраналася даху павеці, і ўсё ж калі мы ляглі на яго, калі прыціснулі сваёй летняй стомленасцю, з'явіліся гэтыя запаветныя метр ці паўтара. Цішыня была дасканалай, абсалютнай – і кожны подых, кожны рух выдаваў нас свету... У нейкі момант побач з намі прайшоў чалавек, працаўнік музея, і мы затаілі дыханне. Ён прайшоў міма, і я адчуў моцнае біццё сэрца. Аднойчы ад сырога, прэлага сена стала цяжка дыхаць, і мы спусціліся ўніз.

Унізе, на лаўцы, стаяла труна. Паўгадзіны таму, калі мы толькі зайшлі ў гэты двор, я не заўважыў яе. Цяпер жа я адчуў устойлівы пах маладога дрэва, які пераносіў мяне ў дзяцінства. Мы селі на траву. Яна дастала фотаапарат, а я дастаў кнігу. У той час я быў захоплены Фолкнерам – вывучаў свет Йокнапатофы і перачытваў бясконцыя сказы раманаў «Шум і лютасць» і «Святло ў жніўні». Цяпер жа я чытаў «Авесалом, Авесалом!» – верагодна, самую складаную і непраходную кнігу Фолкнера, якая, аднак, прыцягвала мяне мовай і прысутнасцю персанажа па імі Квенцін Компсан.

– Я пачытаю табе, – сказаў я, і яна пагадзілася.

Пачаўшы чытаць, я агледзеўся па баках і яшчэ раз звярнуў увагу на труну. Вярнуўся да кнігі, аднак не здолеў скончыць нават адну старонку. Адчуўшы прыліў шалёнай эйфарыі, я раптам вырашыў, што буду чытаць кнігу лежачы там. Лежачы ў труне. Гэтая вар'яцкая ідэя ўелася ў галаву, і я ўсё ніяк не мог ад яе адкараскацца. У рэшце рэшт, я падняўся з травы, прайшоў да лаўкі і залез наверх. Я лёг у труну, выцягнуў рукі і пачаў чытаць. Цяжкія, бясконца доўгія ангельскія сказы і аднойчы, здаецца, пстрычка фотаапарата. Хуткая пстрычка, аднак унутры нешта пачало адбывацца. Я не зразумеў. Я працягваў чытаць уголас, нават не падазраючы, куды прывядзе мяне гэты момант. Забываючыся, што ёсць рэчы, якія рабіць нельга. Не таму, што верыш ці не. Не таму, што ёсць на тое нейкая прычына. А проста нельга.

Праз тыдзень я аказаўся на аперацыйным стале. Без прычыны, без болю, без папярэджання. Вакол бегалі лекары, запускалі ў мяне доўгія інструменты і разглядалі нейкія здымкі. Мужчына ў бела-зялёным адзенні сеў побач і сказаў, што мне патрэбны пераліванне крыві і тэрміновая аперацыя. «Ты можаш памерці», сказаў ён. «Тое, што ў цябе ўнутры... Гэта вельмі небяспечна».


12 June 2022

Аповед дваццаты. Фобіі.


Боль гэты крыху нагадвае паколванне, аднак замест іголак пальцы ног пранізваюць нервовыя імпульсы. На секунду кроў адступае, ледзянее, афарбоўваецца ў сіні колер. Галава яшчэ не пачынае кружыцца. Гэта адбудзецца пазней. Пакуль жа ты проста хочаш адступіць назад – а зусім не заплюшчыць вочы, як гэта было з выдатнымі прывідамі дзяцінства. Калі ты заплюшчыш вочы, то страціш раўнавагу, і, магчыма, ніколі ўжо не вернеш яе.

Тым не менш, нічога я не адчуваў у далёкі летні дзень, калі мы ўпершыню каталіся на коле агляду. У той дзень мне не было страшна – у параўнанні з сапраўдным дамавым і рэальным прывідам, вышыня была выдумкай. І таму я з усіх сіл круціў гэты жоўты дзіцячы штурвал, які нагадваў дваровыя арэлі (кабінкі раней выглядалі менавіта так). Мама з сястрой спалохана трымаліся за сядзенні, а я, забраўшыся на самую вяршыню і без канца нешта выкрыкваючы, працягваў раскручваць нас па крузе…

Праз пятнаццаць гадоў, напрыканцы вясны, я купіў білет на кола агляду. Паўгадзіны я стаяў і глядзеў, як пустыя кабінкі круцяцца па заведзеным коле. Зноў і зноў я прапускаў сваю чаргу. Далоні ўвесь час пацелі, а ў пальцах ног пульсавала ўжо знаёмая боль. І вось нарэшце я ўвайшоў унутр. Я быў падрыхтаваны: на галаве былі навушнікі, у слухаўках гучаў Боб Дылан. «Hurricane». Музыку я ўключыў для таго, каб не чуць біцця свайго сэрца. Мне было страшна, фізічна страшна, аднак я мусіў гэта зрабіць. Мой самалёт у Лондан, першы пасля аперацыі, ляцеў праз некалькі тыдняў, і я павінен быў падрыхтавацца.

І ўсё ж я не быў да яго гатовы. Аперацыя адабрала так шмат і пры гэтым нічога не дала ўзамен (акрамя боязі вышыні). Было наіўна думаць, што кола агляду дапаможа саўладаць з прорвай у тысячы метраў. І калі перад узлётам сцюардэса спытала, што са мной, а я паспрабаваў ёй адказаць, горла сціснуў панічны прыступ, і я не змог вымавіць ні слова… А потым, у Лондане, паніка яшчэ шмат разоў вярталася да мяне, з рэўнасцю і без пачуцця гумару, хоць я так адчайна адштурхоўваў яе дарагімі ангельскімі снатворнымі і заспакаяльнымі.

– Глядзі, мама! – закрычаў я аднойчы. – Глядзі, я буду плыць!

Я скокнуў у раку, прыкладна так, як скакаў тысячу разоў у басейне. Бестурботна, не заплюшчваючы вачэй. Я быў упэўнены ў сабе, і да таго ж рака не была глыбокай. Я скокнуў і паспрабаваў вынырнуць. Напэўна, нешта пайшло не так, бо мяне адчайна цягнула ўніз. На нейкае імгненне я апынуўся на паверхні, аднак потым шчупальцы багавіння ўчапіліся ў шчыкалаткі і павалаклі на дно. Раптам я не ўмеў плаваць. Раптам рака не стрымлівала мяне. Я бездапаможна біўся рукамі і нагамі аб каламутную ваду, але ўжо не мог вярнуцца наверх. Я добра памятаю гэты момант, гэтую страшную долю секунды, калі мозг раптам разумее, што гэта ўсё. Што ты ўжо нічога не можаш зрабіць, акрамя як працягваць тануць. Вада набілася ў лёгкія, і ўжо на самым дне нечая рука схапіла маё плячо і выцягнула на паверхню.

Усё, што я памятаю, гэта твар нейкага мужчыны, які пакінуў мяне на беразе і, не кажучы ні слова, нырнуў назад у раку. 

Адчуванне бездапаможнасці, якое ледзь не забіла мяне ў той дзень, застаецца са мной да гэтага часу. Яно пакрысе рассейваецца, распадаецца на часткі і на іншыя страхі (куды больш сумныя і асэнсаваныя), аднак не сыходзіць назаўжды. Думаю, што віной усяму той незнаёмы хлопчык на ровары. Ён спыніўся каля футбольнага поля і сказаў, што В. памёр. «Што?!?» спыталі мы, перарываючы матч. «Як В. памёр? Мы ж толькі ўчора гулялі з ім у футбол». Аднак хлопчык паўтарыў яшчэ раз: «В. памёр. Патануў». Пасля чаго сеў на ровар і з'ехаў.

Мы дайгралі матч. Хаця сумняваюся, што я змог бы гэта зрабіць, калі б ведаў усю праўду. В. памёр у той самай рацэ. У тым самым месцы, дзе нечая рука выцягнула мяне на бераг.