All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

9 October 2022

Аповед трыццаць сёмы. Лінч.


Няма нічога больш сумнага, чым слухаць аповеды пра чужыя сны, і ўсё ж так цяжка бывае ўтрымацца і не ўспомніць. Тым больш што аб снах у дзяцінстве нам казалі так шмат. Так, нам расказвалі, напрыклад, што нельга есці сыр перад сном. Гадоў праз дзесяць я даведаюся, што гэта ўсяго толькі гарадская легенда, выдуманая і, мусіць, бессэнсоўная, аднак у тыя часы, у вёсцы, яна была праўдай.

Таму што аднойчы, перад сном, я вырашыў гэта праверыць. На нейкім святкаванні ў сярэдзіне лета я з'еў увесь сыр, што ляжаў на стале, і пайшоў спаць. Недзе гадзіны ў дзве ці тры ночы я прачнуўся ад страшнага біцця сэрца і адчування жаху. Памятаю, як глядзеў на чорныя вокны і бачыў у іх працяг свайго сну. У сне я быў заточаны ў нейкую высокую вежу, і нада мною ўзнімаліся цені людзей з вялізнымі жалезнымі сякерамі. Гэта быў вусцішны сон, і ў глыбокай цішыні вясковай хаты я адчуваў шоргат ног і тых самых сякер, занесеных над маёй галавой.

На нейкі час я, вядома, перастаў есці сыр – аднак толькі на час. У менскім ложку гарадская легенда зноў стала гарадской.

І ўсё ж самы страшны сон здарыўся пазней, праз некалькі гадоў пасля смерці бабулі і задаўга да таго, як я ўпершыню ўбачыў фільм Дэвіда Лінча. Сон гэты сніўся мне двойчы, і абодва разы ён быў звязаны з маёй хваробай і адчуваннем уласнай смерці. Памятаю, што аднойчы, у клініцы сну, лекарка доўга і падрабязна тлумачыла мне, якім чынам адзін і той жа сон можа сніцца двойчы. Тлумачыла пра кольцы і кругі сну (пакуль яна расказвала, я ўяўляў сабе арбіты планет), і як часам мы можам трапляць у іх зноў і зноў. Такіх кольцаў было шмат, аднак ніводны сон я не памятаю так выразна, як сон пра маю бабулю. Сон, які сніўся ў дзве самыя страшныя ночы майго жыцця.

Двухпавярховы дом у пустэльным полі, з вялізнымі цьмянымі вокнамі, у якіх нібыта гарыць святло. Святла гэтага я не бачу – але я ведаю, што яно ёсць. Галоўная перавага сну ў тым, што ён надзяляе цябе звышздольнасцямі; такімі, напрыклад, якія дазваляюць бегчы наперад не адрываючы ног ад зямлі ці быць у двух месцах адначасова. Так, у гэтым сне я знаходжуся ўнутры і пры гэтым гляджу на вокны з боку поля. Я гляджу на хату так, як гэта адбываецца ў канцы фільма «У доме» Франсуа Азона.

У акне другога паверха адчуваецца нейкі рух, аднак я нічога не бачу. Я ведаю пра гэты рух, я ўсведамляю яго, але бачу я толькі цьмянае святло. Пры гэтым я знаходжуся ўнізе, на першым паверсе. У пакоі, дзе я стаю, цёмна, аднак побач з сабой я адчуваю тэлефонную трубку. Раптам у акне другога паверха праступае сілуэт маёй бабулі, якая падыходзіць да тэлефона і набірае нумар. Я бачу павольныя, непаваротлівыя рухі яе цені, за якімі гучыць характэрны званок. Усё маё цела напружана, і на першым паверсе, у той самай тэлефоннай трубцы побач са мной, раздаецца голас бабулі. Яна кліча мяне да сябе, аднак я не адказваю. Я хачу адказаць і не магу.

У халодным поце і з цяжкім сэрцам, я прачынаюся.


2 October 2022

Аповед трыццаць шосты. Падарунак.


Смерць заўсёды была адваротным бокам дзён нараджэння. Мы, аднак, гэтага не ведалі. Мы задзімалі свечкі і разгортвалі падарункі і ўсё ніяк не разумелі, чаму ніхто, акрамя нас, не любіў дзён нараджэння. Для нас яны проста былі – гэтыя радасныя стрэлы раз на год. Яны нічога не набліжалі і нічога не аддалялі. Памятаю, як часта я падыходзіў да дзядулі напярэдадні яго дня нараджэння ў сярэдзіне чэрвеня і пытаўся, ці хвалюецца ён. Што ён адчувае. Ён жа ўсміхаўся, глядзеў у акно ці ў газету і казаў, што не хвалюецца. Што нічога не адчувае. Раней адчуваў, а зараз ужо не.

І ўсё ж для мяне гэта быў асаблівы дзень. «З-за падарункаў?» спытала аднойчы сястра. Я задумаўся, бо не быў гатовы да такога пытання. І шчыра сказаў, што так. З-за падарункаў. Але ж падарункі тыя былі таямніцай, і таямніцы я любіў ці не больш за ўсё на свеце.

І ўсё ж я мучыўся гэтыя апошнія дні перад запаветнай раніцай. Я ведаў, што падарунак абавязкова будзе, што ён ужо выдуманы і нават куплены – і ляжыць у доме, у адным з пакояў. У адной з шаф. Я мучыўся жаданнем зазірнуць у кожны з іх і наперад ўбачыць тое, што досвіткам будзе шамацець ля майго ложка. І што, заспаны ці бяссонны, я буду распакоўваць перад сняданкам. Зразумела, былі намёкі, здагадкі, доказы, аднак гэтага было мала. І потым – хіба я хацеў ведаць адказ?

Я добра памятаю той дзень, калі вучыўся ў чацвёртым класе, і застаўся дома адзін напярэдадні дня нараджэння. Як апантаны, я насіўся па ўсёй кватэры, гуляў у футбол бейсбольным мячом і час ад часу думаў аб заўтрашнім дні. У нейкі момант я не вытрымаў і прыйшоў у пакой мамы, дзе ў адзежнай шафе (я, канешне, ведаў) ляжаў заўтрашні падарунак. Думкі блыталіся, і мяне з'ядала адчайнае жаданне працягнуць руку і зазірнуць унутр. Аднойчы я адкрыў шафу і адчуў гэты шчыльны і недаступны пах блузак, кольцаў, рамянёў і сукенак. Аднак ужо праз секунду я не вытрымаў напругі і зачыніў шафу. Шафа рыпнула – і не зачынілася да канца.

Праз паўгадзіны я вярнуўся назад, і на гэты раз я быў ужо больш рашучы. Я зазіраў ва ўсе куты, я адводзіў сукенкі ў бок, я запускаў рукі ў маміны пальчаткі і бранзалеты. Я паднімаў кашулі, я рассоўваў шкарпэткі і джынсы. І ўвесь час я адчайна спрабаваў не згарэць ад сораму – здавалася, у любы момант мой твар гатовы быў успыхнуць ад злачыннай напругі. Але вось нарэшце я ўбачыў скрутак на верхняй паліцы шафы. Дрыготкімі рукамі я дастаў яго з шафы і паклаў на канапу. Я ведаў, што гэта было: футбольная форма з імем улюбёнага футбаліста. Не ў сілах стрымаць захапленне, я распрануўся, надзеў форму і забіў уяўны гол. Потым зноў пераапрануўся і вярнуў скрутак на верхнюю паліцу шафы.

Увечары, перад вячэрай, я прыйшоў на кухню, і пачаў угаворваць маму пакінуць мяне заўтра дома. «Чаму?» пацікавілася мама, і я прамямліў нешта няўпэўненае пра дзень нараджэння. Мама сказала, што дзень нараджэння – гэта цудоўна, аднак у школу ўсё роўна трэба ісці. «Добра», уздыхнуў я і нават не заўважыў, як вымавіў: «Ну нічога. Прынамсі, заўтра мы гуляем у футбол, і я змагу надзець новую форму...». Мама здзіўлена паглядзела на мяне, і ў гэты момант я ўсвядоміў жах маіх словаў. Памятаю, з якой ганьбай я выйшаў з кухні і накіраваўся ў свой пакой...

Дзеці ўсяго свету дзеляцца на дзве паловы. Адны адчыняюць бацькоўскія шафы і знаходзяць падарункі і іншыя таямніцы, а іншыя ніколі гэтага не робяць. У той вечар я зразумеў, што пераступіў нейкую важную лінію. Убачыў тое, на што нельга было глядзець. Аднак усё ж гэта была іншая лінія. Не тая, што адкрыецца мне праз шмат гадоў, у нейкі чэрвеньскі дзень, калі я падыду да дзядулі і ў чарговы раз запытаю пра дзень нараджэння. Калі зразумею нарэшце, што мы гаворым пра розныя рэчы. Што я кажу пра дзень нараджэння, а дзядуля гаворыць пра смерць.


25 September 2022

Аповед трыццаць пяты. Тамара і страх смерці.


У вёсцы, насупраць дома лепшага сябра, стаяў аднапавярховы цагляны будынак. Гэта было месца, дзе спявалі. Дзіўная справа: я не ніколі бачыў, каб у двор хто-небудзь уваходзіў. Роўна як я ніколі не бачыў, каб з яго выходзілі. Цагліна была самая звычайная, белая, з непрыемнымі сінімі ўкрапінамі. Адным з такіх украпін быў крыж. «Сектанты», казаў мой сябар. Я ж думаў пра крывавыя ахвярапрынашэнні. Я думаў пра смерць. Калі ў глыбіні дома чуліся галасы, звонкія, падобныя на яечны воск, мне кожны раз здавалася, што яны спяваюць пра смерць.

Я хацеў бы расказаць пра тое, як аднойчы мы з сябрам праніклі ўнутр і ўбачылі страшны рытуал з немаўлятамі, вогнішчам і старажытнымі танцамі, аднак нічога падобнага не адбылося. Я заўсёды абыходзіў гэты будынак. Мне было страшна ад адной думкі, што я магу апынуцца там, сярод людзей з чорнымі капюшонамі, і роўна гэтае пачуццё з'явілася ў тую ноч, калі я ўпершыню ўбачыў «Дзіця Размары».

У дзяцінстве мне ўвогуле здавалася, што рэлігія патрэбная для таго, каб баяцца смерці. І я баяўся. Напрыклад, тых рытуальных працэсій, што праходзілі па нашай вуліцы кожны раз, калі нехта паміраў. Людзі неслі крыжы і партрэты, безуважліва грала духавая музыка. І кожны раз унутры штосьці адмірала, сэрца пераставала біцца. Мяч застываў у паветры, і на хвіліну ці на дзве ніхто не гуляў у футбол. Аднойчы мне сказалі, што калі паглядзець на твар мёртвага, здарыцца вялікае няшчасце. Магчыма, смерць. Пасля гэтага я пачаў адварочвацца, стараўся не глядзець. І ўсё ж неяк, седзячы на плоце ля нашага дома, я павярнуўся і ўбачыў край белага твару ў адкрытай труне. Я хутчэй заплюшчыў вочы, але было ўжо позна. І потым не адно яшчэ лета, калі здаралася няшчасце, нават самае нязначнае, я кожны раз думаў пра тое, як падчас пахавання не стрымаўся і ўбачыў твар нябожчыка.

Насамрэч, ніхто пры нас не казаў пра смерць. Ніхто, апроч Тамары.

Тамара. Тома. Былая вучаніца маёй бабулі, якая любіла прыходзіць да нас у двор і расказваць гісторыі з жыцця. Гэта было іншае жыццё, дзіўнае і незразумелае мне, аднак я любіў сядзець побач і слухаць. Тамара была высокай жанчынай, з вялізнай капой чорных валасоў, і кожны раз мне здавалася, што валасы ў яе пахнуць макам. Часам яна казала пра рэчы, пра якія мне нельга было слухаць, і часткі незнаёмых фраз былі настолькі незразумелымі, што яны застаюцца ў маёй галаве да гэтага часу. Здаецца, менавіта яна, неўзабаве пасля ганебнага рэферэндуму, сказала нам: чырвонае і зялёнае, якое пачварнае спалучэнне.

Яна любіла бавіць час у нашым доме. Тамара (такое старамоднае імя, такое немагчымае сёння) жыла на іншым канцы вёскі, аднак яна прыходзіла да нас і падоўгу сядзела на верандзе або на зялёнай лаўцы ля ганка. Ёй падабаліся гэтыя размовы з бабуляй, якая была старэйшая за яе на трыццаць гадоў, і размовы гэтыя маглі скончыцца ўжо ў прыцемках.

Менавіта ў прыцемках Тамара загаварыла аднойчы пра смерць. Я вярнуўся пасля футбола і, мокры ад поту і выпалены сонцам, сеў на лаўку. Тамара сядзела паміж кустамі чырвонай парэчкі і размаўляла з дзядулем. Дзядуля сядзеў насупраць і расказваў пра чарговую смерць у вёсцы. Размова зайшла аб царкве, старасці і страху смерці. Словы станавіліся абстрактнымі і складанымі, і з кожнай фразай мне ўсё больш хацелася спаць. Аднак аднойчы Тамара сказала: «Ісакавіч, а я зразумела пра смерць. Я зразумела, напэўна, чаму людзі ў вашым узросце перастаюць баяцца смерці». Памятаю, як напружана я глядзеў у яе твар, у чорныя вочы і ў нябачныя маршчыны. «Уся справа ў тым, што з цягам часу ты перажываеш столькі смерцяў і хвароб, што ўласная смерць перастае здавацца такой ужо падзеяй. Я маю рацыю?»

Тамара склала рукі на грудзях і нахілілася да дзядулі. Дзядуля кіўнуў, глыбока і з нейкім непераадольным цяжарам.


18 September 2022

Аповед трыццаць чацвёрты. Біблія.


У 90-я гады нам увесь час спрабавалі прадаць рэлігію. У актавых залах выступалі «Сведкі Іеговы», у пераходах суровыя людзі ў змрочных паліто спрабавалі ўручыць літаратуру з крыжамі на вокладцы, у трамваі дама ў белай адзежы распавядала пра Біблію, у кінатэатрах паказвалі фільмы пра Ісуса, а на аўтобусных прыпынках тлустая жанчына спявала рэлігійныя песні. Жанчыну гэтую я баяўся – баяўся яе адвечнай хусткі і яе звонкага голасу, ад якога рабілася не па сабе. Часта я чуў яе песні з самай раніцы, калі чакаў школьны аўтобус і спрабаваў прачнуцца ад кароткай ночы. Голас выклікаў у мяне страх, нейкае фізіялагічнае адчуванне жаху, і я гатовы быў заскочыць у любы тралейбус. Нават у той, што ішоў у супрацьлеглы бок.

Памятаю, што аднойчы я апынуўся ў школе, у якой на той момант працавала маці. Мне было дзевяць гадоў, і мама вырашыла, што пакуль яна на занятках, я магу пасядзець у актавай залі на якой-небудзь лекцыі. А аднойчы, калі я апынуўся на занятку мамы (як правіла, яна саджала мяне за свой стол), я загуляўся з яе чарнільнай ручкай, і дзяўчына, што сядзела за першай партай, падняла руку і сказала: «Паглядзіце, што зрабіў ваш сын!» І чамусьці толькі ў той момант я заўважыў, што ўвесь стол быў афарбаваны ў цёмна-фіялетавы колер. Чарнілы выцеклі і зафарбавалі часопіс, сшыткі і мае далоні.

Лекцыя, тым часам, была пра рэлігію. Актавая зала была набітая настаўнікамі і школьнікамі. Людзі, што стаялі на сцэне, расказвалі пра Біблію, аднак я сумаваў і нічога не разумеў з таго, пра што яны распавядалі. Потым яны спусціліся ў залу і расставілі на падлозе вялізныя кардонныя каробкі. Яны былі набіты кнігамі, і не было ніякіх сумневаў у тым, што гэта былі за кнігі.

Чалавек з рэлігійнай арганізацыі (мяркую, гэта былі тыя самыя «Сведкі Іеговы») звярнуўся да ўсёй залы з пытаннямі, звязанымі з біблейскімі запаведзямі. Памятаю, што ў нейкі момант ён сказаў: «Узніміце рукі ўсе тыя, хто заўсёды кажа праўду. Хто ніколі не хлусіць». Зразумела, я адразу ж падняў руку. Такіх нас было не надта шмат, і ў нейкі момант я спалохаўся, што мяне заўважаць і спытаюць, як мне ўдаецца жыць настолькі сумленна. Але абышлося.

А потым чалавек дастаў кнігу з каробкі і паказаў яе нам. Гэта была Біблія. Але якая. Яркая, глянцавая вокладка фіялетавага колеру – у тыя часы гэтая кніга была сапраўднай з'явай. У нас яна стаяла на кніжнай паліцы ў дзіцячым пакоі. За месяц ці два да гэтага сястра прынесла яе са школы, і некалькі нядзель запар я з задавальненнем прагортваў гісторыі з Новага Запавету, пераказаныя ў выглядзе коміксу. І вось зараз чалавек у чорным стаяў каля сцэны і казаў, што будзе раздаваць кнігі ўсім, хто прыйшоў у залу. Аднак яго непакоіла тое, што людзей у актавай зале было зашмат, і кніг магло не хапіць. У сэрцы маім пахаладзела: я страшэнна хацеў займець гэтую кнігу.

«Давайце зробім так», сказаў чалавек, чарговы раз абводзячы позіркам залу. «Я ведаю, што ў некаторых з вас дома ўжо ёсць такая кніга. Таму я вельмі прашу. Тыя, у каго яна ёсць, у брата ці ў сястры, падніміце руку». Было некалькі чалавек, якія паднялі рукі, аднак я нават не думаў гэтага рабіць... І вось яны ўжо пачалі раздаваць тыя біблейскія коміксы, а я сядзеў і чакаў сваёй чаргі. Памятаю, як хлопец з пустым стосам фіялетавых кніг наблізіўся да месца, дзе я сядзеў, і я ўсхвалявана працягнуў руку. Аднак перш, чым аддаць мне кнігу, ён усё ж запытаў: «Дакладна няма такой кнігі дома?» Я ўпэўнена пакруціў галавой: «Не». І ў той вечар у нас дома аказалася другая Біблія.


11 September 2022

Аповед трыццаць трэці. Квэст.


Памятаю, што апоўдні мяне прывезлі ў сельскую мясцовасць па-за межамі Ньюкасла. Вузкія ангельскія дарогі, на якіх нельга размінуцца, не заехаўшы адным колам на абочыну. Шырокія зялёныя палі, дзе ў траве ляжаць спакойныя ангельскія каровы. Яны ляжаць там не проста так – яны нібыты ўкручаны ў зямлю, іх нябачныя ногі ідуць глыбока ў глебу. Менавіта тут, у летні дзень маіх першых ангельскіх канікул, я і здзейсніў гэты невытлумачальны ўчынак. Учынак, які затрымаўся ў маёй памяці нібы тая костка, якую нельга ні выплюнуць, ні праглынуць.

Дзяцей было шмат, і да гэтага часу я не ведаю, што гэта было. Дарослыя з Тайнсайда арганізавалі імпрэзу з брытанскім сцягам, гульнямі і ежай. На мне была чорна-белая майка The Who вялізных памераў, набытая раніцай, і ў той дзень я быў па-сапраўднаму шчаслівы. Усё пачалося з футбола, аднак з усяго матчу я памятаю толькі таго ангельскага хлопца з рудымі валасамі, што ўвесь час спрабаваў адабраць у мяне мяч і адчайна крычаў "Fuck!" А затым пачаўся квэст, сутнасцю якога было дабрацца з адной часткі вёскі ў іншую пры дапамозе падказак, размешчаных на слупах, у траве і ў расколінах плота.

Дзяцей падзялілі на дзве каманды, і мы пачалі пошук малюсенькіх лісткоў белай паперы, дзе пры дапамозе рэбусаў і загадак тлумачылася, у які бок неабходна ісці за наступнай падказкай. Каманды пачыналі з розных бакоў вёскі, аднак падказкі ў нас былі аднолькавыя, і фінішная прамая таксама была адна на дваіх. Гульня была знясільваючай і складанай, і сонца парыла ўсё мацней. Памятаю, што ў нейкі момант мы дашлі да драўлянага плота на краі нейкага поля, і хтосьці з нас адшукаў падказку. Прачытаўшы загадку, мы зразумелі, што трэба звярнуць на поўнач. Менавіта ў гэты момант я чамусьці падумаў, што нічога на свеце не хачу так моцна, як перамагчы ў гэтай гульні. 

Іншымі словамі, я прапанаваў адарваць частку падказкі – тую частку, якая казала пра поўнач. Так і зрабілі. Цынічна паціраючы рукі, мы змянілі падказку і адправіліся на поўнач вёскі. Далей усё было проста, і я памятаю, што мы без праблем адшукалі астатнія загадкі і дабраліся да нейкага шатра, які і быў фінішам нашага квэста.

Там, у цяні, мы селі на драўляныя шэзлонгі і халодным ліманадам адсвяткавалі перамогу. Зразумела, у нейкі момант дарослыя пачалі перажываць: другой каманды ўсё не было. Наша захапленне пакрысе растваралася ў шыпучым ліманадзе, і мы асцярожна пераглядаліся. Мы спрабавалі схаваць нездаровае ўзбуджэнне, якое ўсё больш нагадвала пачуццё віны за тое, што адбываецца. У нейкі момант частка дарослых вырашыла пайсці шукаць другую каманду, і праз гадзіну ці дзве, незадаволеныя і злыя, удзельнікі другой каманды ўвайшлі ў шацёр і цяжка ўпалі ў шэзлонгі. Яны хацелі есці, іх мучыла смага – але больш за ўсё ім хацелася забіць нас. Па-першае, мы выйгралі. Па-другое, яны так і не дабраліся да фінішу самастойна. І вось аднойчы нехта выказаў меркаванне, што падказку змянілі. Усе паглядзелі ў наш бок, але мы маўчалі. І больш за ўсіх, зразумела, маўчаў я.

Я спадзяваўся, што ніхто не выдасць мяне –мяне і маю ідэю. Ніхто і не выдаў, і таму абвінавачанне спынілася на стадыі крыўды. Памятаю, што ўжо пачынаўся змрок, калі мы з'яжджалі з вёскі. Вузкая дарога пятляла з боку ў бок, і кароў больш не было. Я думаў пра сённяшні дзень. Я ніяк не мог зразумець, навошта зрабіў тое, што зрабіў. Дзіўная рэч: у мяне не было пачуцця сораму. Аднак было відавочнае адчуванне, што ў гэтай перамозе таксама не было ніякага сэнсу.