Два разы ў жыцці я бег праз усю вёску і крычаў нечалавечым голасам. Крычаў так, што ўсе абарочваліся. Крычаў адно слова. Слова, якое сціскала, здушвала мяне да гэтага істэрычнага крыку.
Упершыню гэта здарылася ў той спякотны летні дзень, калі паветра нагадвае павуцінне, і ёсць пэўнае адчуванне, што вакол наогул нічога не павінна адбывацца. Калі светам кіруе лянота і распалены тэрмометр. Я сядзеў на верандзе і разглядаў, як на падаконніку даспяваюць памідоры, і адной рукой гладзіў ката. У думках я спрабаваў наблізіць футбольны матч, які павінен быў адбыцца ўвечары. І раптам у двары пачуўся нейкі шум, галасы, паніка, адчыняюцца дзверы, і маю маму ўводзяць у хату ў нейкім жудасным паўнепрытомным стане, якое на той момант я не паспяваю распазнаць. У мяне жудасна стукае сэрца, і я пытаю, што здарылася. «Ударылася, нічога страшнага», кажа цётка, і я бляднею яшчэ больш.
Маму пасадзілі на падлозе ў пярэднім пакоі, і я перажыў, відаць, самыя страшныя моманты ў сваім жыцці. Маміны вочы былі расплюшчаны і пры гэтым нічога не выказвалі. Яны глядзелі кудысьці наперад, у пустату, і ў мяне застыла кроў ад бледнага твару і гэтых новых, незразумелых мне вачэй. Мама не рухалася. Рухалася навокал усё, людзі, сцены, кнігі, але толькі не рухалася яна. Я ўскрыкнуў. Што рабіць? Ніхто не ведаў, усе нервова перашэптваліся і толькі глядзелі на яе.
І тады я выскачыў з дому, пераскочыў цераз плот і пабег па вуліцы. Тратуар плыў ад слёз і бязладных рухаў. Я бег кудысьці наперад і крычаў, крычаў адно толькі слова, якое мела для мяне значэнне. Я крычаў «мама», і я ці то клікаў кагосьці на дапамогу, ці то выкрыкваў з сябе тое адчуванне жывёльнага жаху, якое адчуў у той дзень, і якое доўга яшчэ працягвала мяне пераследваць. Нават пасля таго, як я вярнуся дадому і ўбачу маці, якая будзе казаць, што не памятае нічога з таго, што здарылася ў той дзень.
Другі раз гэта адбылося на стадыёне, бліжэй да светлага летняга вечара, калі лёгкая чырванаватая палоска ляжала на футбольнай траве, змучанай шыпамі і падножкамі. Мы даігрывалі апошні матч, дабівалі апошні гол і павольна і стомлена разыходзіліся па хатах. Здаецца, у той дзень мы не перамаглі і не прайгралі, таму я без усялякіх эмоцый павярнуў на бегавую дарожку і пайшоў у бок школьнага саду. І раптам вырашыў паглядзець уверх. Недзе там, у небе, віднелася бардовая пляма, якая пакрысе апускалася ўніз. У маёй галаве здарылася нейкая страшная хімічная рэакцыя, і я раптам зразумеў, што гэтая чырвоная кропка можа азначаць толькі адно.
«Метэарыт!» закрычаў я на ўвесь стадыён і пабег кудысьці наперад. Я бег так хутка, як толькі мог, бо ведаў, што мне трэба хутчэй уцячы. Памятаю, у мяне мільганула думка, што я пакідаю сяброў паміраць на стадыёне, але пры гэтым нельга было марнаваць ні секунды. І таму я бег, праз стадыён, праз школьны сад, праз вуліцу – і ўвесь час крычаў. Крычаў адно толькі слова, якое мела значэнне ў той момант: «Метэарыт! Метэарыт! Метэарыт!» Людзі азіраліся і глядзелі ўгору, ледзь паспяваючы разгледзець святло з чырвоным адлівам.
«Метэарыт!» закрычаў я, забягаючы ў дом. Мама спытала «дзе?», але на небе ўжо нічога не засталося. На шчасце, метэарыт праляцеў міма, злёгку размінуўшыся з нашым светам.