All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

6 February 2022

Аповед шосты. Бяссонніца.


Калі я апынуўся нарэшце ў гэтым круглым пакоі з дзясяткам іншых людзей, лекар урачыста паабяцала кожнаму з нас, што зусім хутка мы заснем. Cпачатку яна папрасіла нас заплюшчыць вочы і ўявіць што-небудзь прыемнае. Блакітнае неба, сіняе мора, зялёны парк. Так заўсёды ў бальнічных кабінетах: чым больш прымітыўна, тым лепш. Я заплюшчыў вочы і ўявіў бераг ракі. Лекар уключыла гукі прыроды, прыглушыла святло і папрасіла нас паслабіць пальцы ног. Потым зняць напругу ў шчыкалатках. Потым пазбавіцца напружання ў мышцах ног. Дзесьці на ўзроўні таліі я адчуў, што вакол стала ціха, зніклі шоргаты і нават, здавалася, дыханне людзей, якія мяне акружалі. Я расплюшчыў вочы і ўбачыў, што астатнія пацыенты спяць, і дыханне паступова пераходзіць у сап. Лекар аглядае ўсіх нас і задаволена выходзіць з пакоя. Я па-ранейшаму не магу заснуць, і пасля заканчэння сеансу ізноў іду да лекара.

Ад дзіцячых бяссонніц мяне ратавалі тры рэчы: «Зарослы ставок» Паленава, дыван на сцяне і фарфоравыя фігуркі людзей і жывёл у старым буфеце ля акна. Яны здараліся перыядычна, гэтыя бяссонніцы, і апоўначы я варочаўся ў ложку з жахлівай забабоннай думкай, што калі за ўсю ноч не засну ні на секунду, то раніцай абавязкова памру. Каб хоць неяк супакоіць нервы, я азіраўся па баках, прывыкаў да цемры і шукаў знаёмыя абрысы дывана і карцін на сцяне. Ажыўляў фарфоравыя фігуркі, шукаў дзяўчыну з кнігай на пейзажы Паленава і выцягваў сюжэты са складаных узораў дывана. Нарэшце засынаў пасля трох ночы, а раніцай думаў, што ўсё ў парадку – забабонная фантазія не ажыццявілася.

Гэтым разам лекар сказала, што мне прыйдзецца прыйсці на сеанс мацнейшага гіпнозу. «Ты занадта шмат думаеш аб тым, аб чым думаць не варта» (у той час мне было гадоў дваццаць, і я быў цалкам з ёй згодны). Потым запісала мяне на гіпноз у лабараторыю сну і сказала, што на ўсё ёсць навука. 

Вядома, што ў нейкі момант я зразумеў, што не памру, калі так і не здолею заснуць. І ўсё ж на самым краі маёй свядомасці заставалася гэтая нязручная думка, што ў такім выпадку са мной здарыцца што-небудзь непапраўнае. Прычына дзіцячых бяссонніц так і засталася таямніцай, і ў гэтым была мая галоўная прэтэнзія да ўсіх разважлівых людзей, якія раілі перастаць думаць пра благое. Як мне падавалася, я і не рабіў гэтага; я лічыў авечак, называў гарады на кожную літару алфавіту, а аднойчы ўспомніў маналог Чацкага «А суддзі хто?..», які па нейкай прычыне памятаю да гэтага часу і які старанна прыгадваю ў бяссонныя ночы. Праўда, я больш ужо не спрабую знайсці прычыну. Мусіць, яна ёсць – тая самая думка, ідэя, успамін. Але якая? І дзе інструкцыя да таго, як выключыць святло ў пакоі, дзе няма выключальніка?

У лабараторыі сну мяне правялі ў вялікую залу з некалькімі асобнымі пакоямі. Кожны нагадваў бальнічную палату, але без вокнаў і дэпрэсіўных тумбачак. Замест іх ля самотнага ложка стаялі дзіўныя апараты, падобныя на архаічны камп'ютар з далёкіх васьмідзесятых. Лекар папрасіла легчы на ложак і прыслухацца да голасу. І вось у нейкі момант у гэтым камп'ютары сапраўды пачуўся павольны мужчынскі голас, які размаўляў са мной. Ён прасіў, каб я ўявіў улюбёны парк. У бальнічных кабінетах, я ведаў, чым больш прымітыўна, тым лепш. Голас прасіў мяне ўявіць, што я іду па гэтым парку, і вакол спяваюць птушкі, і недзе побач струменіцца ручай... Я заплюшчыў вочы, я ўціснуўся ў падушку, я рабіў усё, каб навука перамагла мяне. Аднак хвілін праз дзесяць я перастаў слухаць голас, падняўся з ложка і выйшаў з пакоя.

Памятаю, як я глядзеў на гадзіннік у тую першую раніцу ў жыцці, калі перажыў бяссонную ноч. Сёння я часам зарабляю грошы на бессонніцы, аднак у той год мне было адзінаццаць ці дванаццаць, і я быў упэўнены, што змены адбыліся, і я ўжо ніколі не буду ранейшым. Галава не балела, спаць таксама не хацелася – хіба не было гэта дзіўным? Я апрануўся і прыйшоў на кухню. Мама гатавала сняданак. Сястра, як звычайна, яшчэ спала. Я сеў каля стала, і маці папрасіла мяне адарваць старонку ў календары. Я адарваў. Мама спытала, як я спаў гэтую ноч, і што мне снілася. Я адказаў, што мне нічога не снілася. «Звычайная справа», сказала мама. «Бывае».