All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

27 February 2022

Аповед дзевяты. Вайна.


Ён ніколі нічога не расказваў. Сядзеў у фатэлі або на краі ложка, глядзеў «Праверкі на дарогах» Германа-старэйшага і казаў, што ўсё гэта глупства. Казкі. Што не было так насамрэч. Не было і не магло быць. Зразумела, мы хацелі ведаць, як было насамрэч, аднак ён абыякава глядзеў перад сабой, ківаў галавой і нічога не расказваў. Дзевятага траўня ён глядзеў чарговы ваенны фільм і, склаўшы рукі на грудзях, маўчаў. Мы абступалі яго і прасілі што-небудзь успомніць, але ён жартаваў і рабіў выгляд, што распавядаць няма чаго. Мы не верылі. Ішоў час, і аднойчы мы перасталі пытацца.

Тое дзевятае траўня было такім, як і ўсе іншыя. Мы былі ў цёткі, у хаце, дзе ён жыў з нядаўняга часу – паколькі не мог заставацца адзін у вёсцы і хадзіў ужо з вялікай цяжкасцю. Па тэлевізары скончылі паказваць «Ляцяць жураўлі», і я ў чарговы раз быў ахоплены сцэнай у лесе і пранізлівымі вачамі паміраючага Аляксея Баталава, якія глядзелі кудысьці скрозь мяне і скрозь час. Потым была паўза, цяжкая і маркотная, якая магла быць запоўнена чым заўгодна.

І раптам дзядуля пачынае гаварыць. Ніхто з нас не чакае гэтага, і мы баімся перапыніць яго непатрэбным словам ці дыханнем. Нават сёння, праз шмат гадоў, я бачу яго ў той момант. Бачу, як ён сядзіць на ложку і распавядае гісторыю, якая паўстае ў маім уяўленні ў шакуючых падрабязнасцях: яны з сябрам беглі праз лес, хаваючыся ад пераследу, нямецкай мовы і кулямётных чэргаў. Яны забраліся на дах нейкага будынка і спрабавалі перачакаць... Гэта страшная гісторыя, і аднойчы я абавязкова ўспомню яе ва ўсіх дэталях, але ў той момант мы былі перш за ўсё ахоплены самім фактам гэтага аповеду. Рукі дзядулі былі звыкла складзеныя на грудзях і ён расказваў, расказваў. Расказваў шмат. Быццам бы ведаў, што гэта апошні раз.

Я думаю, ён сапраўды ведаў. Ён памёр праз некалькі месяцаў, у снежні, аднак той дзень у траўні – гэта мой апошні ўспамін аб ім. Ён сядзіць на ложку і расказвае гісторыю пра вайну. Гісторыю, якую нікому і ніколі не расказваў, і якая ўвесь гэты час заставалася з ім. Памятаю, што ў ягоных вачах быў водбліск нейкай старой і страшнай эмоцыі, якая больш за паўстагоддзя спрабавала вырвацца вонкі, і якую я ніяк не мог зразумець. І вельмі спадзяюся, што не зразумею ніколі.