All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

20 February 2022

Аповед восьмы. Слава.


Мы выйшлі з аўтобуса ў самым цэнтры горада, і ў нейкі момант я сказаў, што моцна падрос за апошні час. Маці спытала, як я так падлічыў, і я правёў рукой па сваёй галаве і яе таліі. «Зараз я вышэй за твае ногі». Памятаю чырвоныя штаны маці і бязгрэшны гонар у маім голасе, калі я прамаўляў гэтыя словы.

Я любіў нашы паездкі ў горад. Адметна, што называлася гэта сапраўды «паехаць у горад», нават калі ўвесь гэты час ты і так жыў у горадзе і кожны дзень за акном бачыў толькі яго – гарадскі краявід. «Паехаць у горад» азначала паехаць у цэнтр горада, туды, дзе былі іншыя людзі і іншыя пахі. Так, аднойчы мы прыехалі да таго месца, якое зараз аддадзена рэстарану «Авіньён» з глянцавай падлогай і безгустоўна белымі абрусамі. У тыя часы тут стаяла кафэ з марожаным, і гэта было асаблівае марожанае ў шарыках розных колераў. Шарыкі тыя насаджваліся на вафельны ражок, які зводзіў скулы задоўга да першага ўкусу.

Мы стаялі каля ўваходу ў кавярню і елі марожанае. Быў цёплы летні поўдзень напрыканцы школьных канікул, і сапраўдным шчасцем было знаходзіцца ў паўпустым цэнтры горада і адчуваць на зубах і на языке ледзяны смак ягад і ваніліну. У нейкі момант на пляцоўку перад кавярняй выйшлі людзі з вялізнай камерай і пачалі здымаць нас з мамай. «Гэта тэлебачанне», шапнула маці, і я паспрабаваў есці марожанае як мага больш інтэлігентна. Не думаю, што ў мяне атрымоўвалася, аднак я стараўся вытрымаць гэтыя бясконцыя дзесяць ці пятнаццаць секунд, што камера была накіравана ў наш бок.

Калі мы ехалі дадому, я дапытваў маму пра сённяшні эпізод каля кафэ. «Нас пакажуць па тэлевізары? Калі?» Мама сказала, што яны, мусіць, здымалі выпуск навінаў, і вырашылі дапоўніць здымку сцэнай з жыцця горада. «Думаю, нас пакажуць сёння ўвечары». Я быў узбуджаны. Сёння ўвечары нас убачыць увесь свет. Усё гэта здавалася казкай, выдумкай, трызненнем.

І ўсё ж дзіўным было тое, што ўвечары я выйшаў у двор пускаць папяровыя караблікі. Каля брамы, паміж гаражом і вуліцай, утварылася велізарная лужына пасля начнога дажджу, і ў захапляльнай адзіноце я гуляў у чароўны марскі бой. Ішла сапраўдная вайна: я пускаў караблі адзін на аднаго, тапіў у бездані, а яшчэ размаўляў з імі на мове сапраўдных пірацкіх бітваў. Напэўна, я правёў там шмат часу, бо аднойчы адчуў, як паветра патроху пацямнела, і з дому пачуўся голас маці. «Хутчэй бяжы ў хату, нас паказваюць!»

Зразумела, я кінуў абмяклыя папяровыя лахманы ў лужыну і пабег у хату. Я бег так хутка, што некалькі разоў балюча стукнуўся аб лаўку і ганак. Я ўбег у залу, я ўгледзеўся ў чорна-белы экран, аднак навіны ўжо скончыліся. Кадры з намі былі ў самым канцы выпуску, і мне дасталася толькі рэклама. Я ўсё прапусціў.

Наступныя некалькі дзён я дапытваў усіх, хто глядзеў той выпуск навінаў, каб даведацца падрабязнасці. Кожная дэталь мела значэнне. «Ды там некалькі секунд было», сказала сястра. І ўсё ж праз дзень ці два я мог заплюшчыць вочы і ўявіць сабе гэтыя кадры. З фатаграфічнай дакладнасцю я бачу маці ў яе чырвоных штанах, напаўадчыненыя дзверы кафэ і зялёныя дрэвы. І, вядома, я бачу сябе. Я стаю злёгку апусціўшы галаву і спрабую не есці марозіва, якое растае на летнім сонцы і пачынае крыху працякаць на пальцы. Аднак я не заўважаю гэтага. Я ведаю, што там, наперадзе, уключана камера, і зусім хутка я стану знакамітым.