Я невыразна памятаю яе доўгі белы плашч і яркую хустку, наматаную вакол шыі. Усе мае ўспаміны пра яе звязаны з восенню, з ветраным і золкім кастрычнікам, калі сонца не было і ў любы момант мог пачацца дождж. Вакол бегалі дзеці, калупаліся ў пясочніцах і ўзбіраліся на горкі (горкі я не любіў – і зламаў нагу ў той жа дзень, што ўпершыню скаціўся ўніз). Мне было нецікава з імі, і я сыходзіў у бок і падсаджваўся да яе на лаўку. Я не памятаю яе твару, але мне здаецца, што яна ўсміхалася. Яна была рада, што пачыналася гэтая штодзённая размова. Размова аб звышнатуральным.
Думаю, што уся мая фантазія менавіта адтуль – з гэтых размоваў з ёй, безаблічнай дамай з трывожным голасам, якая распавядала пра дэманаў і злых духаў. Часам я ўздрыгваю, калі думаю пра гэта. Яна была выхавацелькай у дзіцячым садку, а мне было пяць гадоў. Мне было пяць гадоў. Я яшчэ не прачытаў аніводнага аповеду Эдгара По аб прывідах, не паглядзеў ніводнай серыі «Сакрэтных матэрыялаў», і не пачуў усіх тых жудасных гісторый аб галубах апраметнай, якімі палохалі ў школе. Мне было пяць гадоў.
І так, сапраўды – мы размаўлялі. Хаця спачатку распавядала толькі яна. Глядзела на мяне і расказвала, напрыклад, такую гісторыю. Да яе ў госці прыйшла старая сяброўка, стаяла на вуліцы, і бясконца аб нечым распавядала. Крычала. Я не памятаю падрабязнасцяў, але я выразна ўяўляў сабе сяброўку, і той двор, і нават яе голас. Я не ведаў, пра што яна крычала, аднак то быў немы, ашалелы крык, ад якога халадзела ўнутры. «Ад яе крыку», сказала яна і спалохана паглядзела на мяне, «набеглі злыя духі, сарвалі хустку з яе шыі і разарвалі на часткі». Жывёльны жах быў у яе вачах, і я неспакойна ўглядаўся ў іх – і чакаў, што ў любы момант падымецца восеньскі вецер і сарве з яе гэтую стракатую хустку.
Такіх аповедаў было шмат, і ў нейкі момант я перастаў ужо толькі слухаць і пачынаў размаўляць з ёй. Я пачаў расказваць свае гісторыі. Зразумела, нічога падобнага ў маім жыцці не адбывалася, аднак я выдумляў на хаду. Гэтыя гісторыі былі без пачатку і без канца, аднак у іх былі зародкі вар'яцкіх сюжэтаў, зрыўкі дэталяў, выцягнутых з дзіцячай фантазіі. Так, я расказваў пра тое, як сядзеў у садзе, побач з калодзежам, і вакол знікалі прадметы, адзін за адным, варта было толькі адвярнуцца. Нейкія прывіды, што жылі побач. Нейкія жудасныя галасы. Нейкае шыпенне ў кустах. Яна слухала вельмі ўважліва, і пераставала слухаць толькі ў тыя моманты, калі наставаў час вяртацца ўнутр, калі пачынаўся дождж, альбо дзецям надакучвала гуляць на вуліцы.
О, яна верыла. Яна ні на секунду не сумнявалася, што гаворыць праўду. Што такія рэчы сапраўды адбываліся з ёй, са мной, з усімі людзьмі на свеце. Пасля ўсё гэта, вядома, давала аб сабе знаць – напрыклад, калі я баяўся заставацца адзін ці занадта ўважліва ўглядаўся ў цені на сцяне. Аднак больш за ўсё мне запомнілася тое, як яна сустрэлася аднойчы з маёй мамай, і яны загаварылі пра мяне. «Ой ён вельмі добры», казала яна. «Мы з ім размаўляем. Я расказваю яму гісторыі пра сябе – і, ведаеце, ён кажа, што з ім адбываюцца такія ж гісторыі». Мама, зразумела, нічога не ведала. А я стаяў збоку, ціхі хлопчык з маўклівым голасам. Стаяў, слухаў яе голас і адчуваў, што паміж намі была гэтая жудасная негалосная сувязь, якая захоўвалася да таго часу, пакуль доўжылася восень.