All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

24 April 2022

Аповед трынаццаты. Зіма.


Змёрзлыя правады і халодныя пальцы ног. Аднойчы надыходзіць момант, калі яшчэ ранняй восенню ты заўважаеш надыход зімы. Непрыемнае адчуванне, пасля якога не застаецца сумневаў: час рухаецца наперад. Не ты. Цябе адкідае назад. Ты застаешся стаяць. А яна надыходзіць. Зіма. Надыходзіць, а потым цягнецца, пакутліва і прастудна. Яна ўсё ніяк не скончыцца, гэтая зіма, і нават позняй вясной ты з нудой вывуджваеш яе з цёплага паветра і зялёнага лісця. Гэта той самы надлом, пра які пішуцца кнігі і здымаюцца фільмы. І ён зусім не выяўляецца ў драхлай памяці і маршчынах у кутках вуснаў. Проста вецер у кастрычніку пачынае дзьмуць мацней.

Цікава, што да гэтага клятага моманту зіма была яшчэ адным урокам у школьным раскладзе – і далёка не самым горшым. Так, улетку можна быць гуляць у футбол, увесну думаць пра лета, увосень жыць успамінамі пра лета, але ж і ўзімку была ялінка, былі Каляды, быў снег (добры снег, не той, што пачаў падаць пазней), былі доўгія зімовыя канікулы. Я ўспамінаю, напрыклад, як на першым курсе ўніверсітэта чытаў «Мёртвых» Джойса ў цёплым фатэлі свайго пакоя, а на вуліцы было -25. Памятаю, як добра мне было ад усведамлення таго, што зараз зіма, і яна так выдатна кладзецца на апошнія старонкі аповеду.

А яшчэ раней здарыўся той халодны дзень, які ўсё ніяк не выходзіць з маёй галавы.

Сястра прывяла мяне ў дом да сваёй сяброўкі, высокай і хваравіта худой дзяўчыне ў празрыстых акулярах. Гэта быў канец снежня, і на вуліцы мароз пакрысе адшчыкваў ад цябе цэлыя кавалкі валасоў і скуры. У кватэры было ціха, цёпла і цёмна. Сястра размаўляла з сяброўкай, а я гуляў па вялізных пакоях і разглядаў незнаёмыя прадметы. Фатаграфіі, кнігі, статуэткі – памятаю, што ўпершыню ў жыцці мне падалася гэтая надзвычайная магчымасць бесперашкодна хадзіць па чужой хаце. У рэшце рэшт я натрапіў на дзіўны прадмет. Гэта быў мініятурны гульнявы апарат. Слот-машына з рычажком, які мяняў распалажэнне садавіны і лічбаў на трох белых стужках. Рэч зусім невялікая, аднак зробленая так складна і так прывабна, што мне страшна захацелася забраць яе сабе. Праўда, я наўрад ці мог на гэта разлічваць – нават калі б я набраўся смеласці і папрасіў, упэўнены, што ніхто не дазволіў бы мне яе ўзяць. Такім чынам, я сцягнуў з паліцы слот-машыну і апусціў рычаг уніз. Лічбы змяшаліся з садавінай. Чарадзейства. Магія. Потым я паспрабаваў зрабіць гэта зноў, аднак на гэты раз нешта хруснула ўнутры апарата, пасля чаго рычаг павіс як знежывелая рука. Механізм быў зламаны. Злачынна азіраючыся, я схаваў прадмет у нейкай шафе і вярнуўся да сястры і яе сяброўкі.

Потым мы пайшлі гуляць па снежных менскіх вуліцах, каталіся з высокай ледзяной гары (здаецца, гэта быў той знакаміты Курган на Паўднёвым Захадзе) і наогул выдатна бавілі час. А пасля ўжо вярнуліся дадому, каб выпіць гарбаты і развітацца. Мае пальцы ледзь рухаліся, калі я браўся за кубак – аднак гэта якраз не выклікала трывогі. Трывогу выклікаў той факт, што ў нейкі момант сяброўка сястры сказала, што хоча падарыць свайму сябру адну цікавую рэч. Усё адбывалася як у страшным сне: зразумела, слот-машыны не аказалася на ранейшай паліцы, і пачаліся пошукі. «Ты не браў?» спытала мяне сяброўка сястры. Не дачакаўшыся майго бледнага і няўпэўненага «не», яна пачала высоўваць шуфляды, паднімаць кнігі і нават зазіраць пад ложкам – зразумела, цацкі не было. Потым яна яшчэ раз павярнулася да мяне, але ўжо з падазрэннем: «Гэта ты ўзяў?» Я сказаў, што не, але яна не паверыла. Сястры было няёмка, і яна адчайна спрабавала апраўдаць мяне. А ў той момант, калі мы сабраліся ўжо сыходзіць, сяброўка сястры схілілася нада мной (усё ж такі яна была непрыстойна высокай) і сказала: «Я ведаю, што ўзяў ты. Проста скажы, дзе. Ты забраў?»

І мне, вядома, прыйшлося прызнацца. Я думаў, што мяне заб'юць ці прынамсі аддадуць пад суд, аднак гэтага не здарылася. Сястра была здзіўленая, а яе сяброўка з сумам сказала, што Новы год зусім хутка, і давядзецца шукаць новы падарунак. Здаецца, усё абышлося, але мне было вельмі непрыемна, і вельмі сорамна, і хацелася хутчэй вырвацца на вуліцу з цёплай кватэры. Туды, дзе жыла і ледзянела гэтая страшная, бясконцая, але ў нечым выратавальная зіма.