У 90-я гады нам увесь час спрабавалі прадаць рэлігію. У актавых залах выступалі «Сведкі Іеговы», у пераходах суровыя людзі ў змрочных паліто спрабавалі ўручыць літаратуру з крыжамі на вокладцы, у трамваі дама ў белай адзежы распавядала пра Біблію, у кінатэатрах паказвалі фільмы пра Ісуса, а на аўтобусных прыпынках тлустая жанчына спявала рэлігійныя песні. Жанчыну гэтую я баяўся – баяўся яе адвечнай хусткі і яе звонкага голасу, ад якога рабілася не па сабе. Часта я чуў яе песні з самай раніцы, калі чакаў школьны аўтобус і спрабаваў прачнуцца ад кароткай ночы. Голас выклікаў у мяне страх, нейкае фізіялагічнае адчуванне жаху, і я гатовы быў заскочыць у любы тралейбус. Нават у той, што ішоў у супрацьлеглы бок.
Памятаю, што аднойчы я апынуўся ў школе, у якой на той момант працавала маці. Мне было дзевяць гадоў, і мама вырашыла, што пакуль яна на занятках, я магу пасядзець у актавай залі на якой-небудзь лекцыі. А аднойчы, калі я апынуўся на занятку мамы (як правіла, яна саджала мяне за свой стол), я загуляўся з яе чарнільнай ручкай, і дзяўчына, што сядзела за першай партай, падняла руку і сказала: «Паглядзіце, што зрабіў ваш сын!» І чамусьці толькі ў той момант я заўважыў, што ўвесь стол быў афарбаваны ў цёмна-фіялетавы колер. Чарнілы выцеклі і зафарбавалі часопіс, сшыткі і мае далоні.
Лекцыя, тым часам, была пра рэлігію. Актавая зала была набітая настаўнікамі і школьнікамі. Людзі, што стаялі на сцэне, расказвалі пра Біблію, аднак я сумаваў і нічога не разумеў з таго, пра што яны распавядалі. Потым яны спусціліся ў залу і расставілі на падлозе вялізныя кардонныя каробкі. Яны былі набіты кнігамі, і не было ніякіх сумневаў у тым, што гэта былі за кнігі.
Чалавек з рэлігійнай арганізацыі (мяркую, гэта былі тыя самыя «Сведкі Іеговы») звярнуўся да ўсёй залы з пытаннямі, звязанымі з біблейскімі запаведзямі. Памятаю, што ў нейкі момант ён сказаў: «Узніміце рукі ўсе тыя, хто заўсёды кажа праўду. Хто ніколі не хлусіць». Зразумела, я адразу ж падняў руку. Такіх нас было не надта шмат, і ў нейкі момант я спалохаўся, што мяне заўважаць і спытаюць, як мне ўдаецца жыць настолькі сумленна. Але абышлося.
А потым чалавек дастаў кнігу з каробкі і паказаў яе нам. Гэта была Біблія. Але якая. Яркая, глянцавая вокладка фіялетавага колеру – у тыя часы гэтая кніга была сапраўднай з'явай. У нас яна стаяла на кніжнай паліцы ў дзіцячым пакоі. За месяц ці два да гэтага сястра прынесла яе са школы, і некалькі нядзель запар я з задавальненнем прагортваў гісторыі з Новага Запавету, пераказаныя ў выглядзе коміксу. І вось зараз чалавек у чорным стаяў каля сцэны і казаў, што будзе раздаваць кнігі ўсім, хто прыйшоў у залу. Аднак яго непакоіла тое, што людзей у актавай зале было зашмат, і кніг магло не хапіць. У сэрцы маім пахаладзела: я страшэнна хацеў займець гэтую кнігу.
«Давайце зробім так», сказаў чалавек, чарговы раз абводзячы позіркам залу. «Я ведаю, што ў некаторых з вас дома ўжо ёсць такая кніга. Таму я вельмі прашу. Тыя, у каго яна ёсць, у брата ці ў сястры, падніміце руку». Было некалькі чалавек, якія паднялі рукі, аднак я нават не думаў гэтага рабіць... І вось яны ўжо пачалі раздаваць тыя біблейскія коміксы, а я сядзеў і чакаў сваёй чаргі. Памятаю, як хлопец з пустым стосам фіялетавых кніг наблізіўся да месца, дзе я сядзеў, і я ўсхвалявана працягнуў руку. Аднак перш, чым аддаць мне кнігу, ён усё ж запытаў: «Дакладна няма такой кнігі дома?» Я ўпэўнена пакруціў галавой: «Не». І ў той вечар у нас дома аказалася другая Біблія.