Гульні, у якія мы гулялі, былі крыху дзіўнымі. Магчыма, прычына ў тым, што ў дзяцінстве я так ніколі і не атрымаў таго, пра што марыў: электрычны цягнік са свістком, які ездзіць па круглай чыгунцы і выпускае бледныя аблокі пары. Магчыма, калі б у мяне быў гэты цягнік, мы не выдумлялі б гэтых вар'яцкіх гульняў, пра якія бацькі, вядома, нічога не ведалі.
У адным з дзіцячых садоў Менска, дзе я правёў год ці два, была даволі вялікая пляцоўка, абгароджаная сеткаватым жалезным плотам. Уздоўж плота цягнулася вытаптаная сцяжынка, якая сыходзіла ў мясцовую прадуктовую краму. Кожную раніцу па гэтай сцяжынцы ішлі жанчыны сталага ўзросту з пакетамі і торбамі, і аднойчы мне ў галаву прыйшла ідэя. Я падгаварыў двух дзяцей з маёй групы, дзяўчынку і хлопчыка, і мы выстраіліся ўздоўж плота. Так мы глядзелі на ўсіх тых бабулек, што вярталіся з магазіна з прадуктамі.
Ідэя была простай, бессэнсоўнай і (як мне здавалася) зусім геніяльнай. Кожны раз, калі якая-небудзь жанчына выходзіла на сцяжынку ўздоўж плота, мы адчайна хапаліся рукамі за жалезную агароджу і крычалі: «Дайце нам хлеба, мы вельмі галодныя! Дайце нам хлеба!» Зразумела, ніякага голаду мы не адчувалі, аднак мэта гульні заключалася менавіта ў тым, каб атрымаць хлеб. «Калі ласка, дайце нам хлеба!» крычалі мы, і бабулі застывалі на месцы. Ніхто не праходзіў міма. Думаю, некаторыя з іх разумелі, што іх разыгрываюць, аднак такіх была меншасць. У асноўным жа яны спыняліся і размаўлялі з намі. «Які жах! Няўжо вас тут не кормяць?» пыталі яны, і мы адмоўна ківалі галавой і працягвалі ўмольваць выратаваць нас. Я добра памятаю тую бабулю, што раскрыла сваю торбу, дастала хлеб і спрабавала перадаць яго нам. Аднак жалезныя пруты плота былі непераадольнай перашкодай.
Гульня гэтая працягвалася некалькі дзён – пакуль выхавальнікі не ўбачылі нас ці пакуль адна з найбольш чуллівых бабуль не прыйшла да дырэктара дзіцячага сада і не сказала, што неабходна перастаць марыць дзяцей голадам.
Адна з любімых гульняў у вёсцы называлася «Пераслед», і прыдумаў яе не я. Здаецца, прыдумала яе дзяўчынка па імені Гражына, што жыла непадалёк ад нашага дома. Сутнасць гульні заключалася ў тым, што мы сядзелі на лаўцы каля плота і глядзелі на людзей, якія праходзілі міма. У нейкі момант адзін з нас паднімаўся і пачынаў пераследваць чалавека, які па той ці іншай прычыне падаваўся нам цікавым. Пераслед працягваўся да канца вуліцы, і сутнасць гульні была ў тым, каб скапіраваць чалавека найбольш дакладна (хаду, выправу, рукі) і пры гэтым не выдаць сябе. Для гэтага мы захоўвалі дыстанцыю ў два ці тры метры і спрабавалі не рабіць шуму і трапляць дакладна ў крок кліента.
Мы часта цярпелі няўдачу, і ўсё гэта вылівалася ў сцэны няёмкасці і сораму, аднак часам нам удавалася пратрымацца да самага канца вуліцы. І ўсё ж лепш за ўсё гэта атрымлівалася ў Гражыны. Памятаю, як яна пераследвала жанчыну, якая зняла з ног летнія туфлі, узяла іх у руку і пабегла наперад басанож па гарачым асфальце. Гражына зняла свае басаножкі і пабегла за ёй. Гэта было цудоўна, і я да гэтага часу бачу ўсё гэта ў падрабязнасцях. Яна дабегла да канца вуліцы і засталася незаўважанай. Мы захоплена крычалі ёй з лаўкі ля нашага дома, і, здавалася, чарговы гарачы поўдзень быў пражыты не дарма.
З бясконцых хатніх гульняў я больш за ўсё памятаю тую, што была звязана з дыскавым тэлефонам белага колеру і чэзлай зялёнай кнігай з тэлефоннымі нумарамі ўсіх дамоў вёскі. Мы тэлефанавалі і нешта казалі, пра нешта пыталіся. Для нас гэта была гульня. Прычым у гульні не было мэты – увесь сэнс быў у самім працэсе. Мы тэлефанавалі на незнаёмыя нумары і часам шматзначна маўчалі ў трубку. Рэакцыя людзей была рознай. Нехта кідаў трубку, а нехта пачынаў размаўляць.
Аднак, як аказалася, у гэтую гульню гулялі не мы адны. Аднойчы дзядуля паклікаў мяне да тэлефона, і дрыготкай рукой я ўзяў трубку і пачуў голас незнаёмай дзяўчыны. Яна сказала, што я ёй падабаюся, і яны з сяброўкамі хочуць прызначыць мне спатканне. Гэта гульня была куды больш сур'ёзная за нашу: яна ведала маё імя і нумар дома, у якім я жыў. І вось я стаяў ля стала ў пярэднім пакоі, чырванеў і зусім сур'ёзна гаварыў з ёй. Адказваў на мільён пытанняў, якія яна задавала; пра тое, колькі мне гадоў, і ці падабаецца яна мне. Дзядуля з цікавасцю разглядаў мяне, і ў нейкі момант сястра здзекліва ўсміхнулася. А мне нават у галаву не прыходзіла тое, што я магу проста пакласці слухаўку і скончыць гэтую гульню.