All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

13 November 2022

Аповед сорак другі. Ведзьмы і дыяфільмы.


Дзверы былі белымі і старамоднымі. У іх не было прарэзаў са шклом, у іх наогул не было нічога, акрамя ледзь прыкметных падцёкаў фарбы, якія я любіў мацаваць пальцамі і здзіраць, як засохлыя раны. Дзверы вялі ў дзіцячы пакой і амаль ніколі не зачыняліся – нават позна ўвечары, перад сном, маці пакідала доўгую вузкую палоску святла. Здаецца, я памятаю яе адчыненай толькі ў тыя рэдкія, але шчаслівыя моманты, калі з шафы даставалася велізарная кардонная каробка з дыяфільмамі. Гэта адбывалася прыкладна а дзевятай гадзіне вечара, пасля вячэры і пасля зробленых урокаў.

Рытуал пачынаўся з таго, што перад зачыненымі дзвярыма ставіўся зэдлік з серабрыстым праектарам. Перад зэдлікам выстройваліся нізкія крэслы, абабітыя мяккай тканінай, на якіх мы заставаліся сядзець наступныя паўгадзіны. Мама ўладкоўвалася перад намі, і мы пачыналі выбіраць дыяфільмы. Каробка тая была да краёў набіта рознакаляровымі бочачкамі са згорнутай плёнкай, і ў кожнай была казка, гісторыя, мультфільм. У кожнай была замочная шчыліна ў іншы свет, і ад прадчування можна было страціць розум.

Памятаю, што амаль заўсёды я спрабаваў абраць «Ну, пачакай!», аднак у каробцы не было дыяфільма, якога я не любіў. Калі плёнка была абрана, мама ўстаўляла яе ў пярэднюю частку праектара. Памятаю, што кожны раз гэта здавалася мне нечым накшталт цуду, і я глядзеў на маміны рукі ў поўным захапленні. І вось святло ў пярэднім пакоі выключалася, і на дзвярах загараўся яркі квадрат экрана. Тая самая замочная шчыліна з цёплым святлом праектара. Мама пачынала круціць колца, і на экране праступалі першыя выявы. Усё нямала ўнутры ад карцінак і слоў, што апускаліся на дзверы. Праектар пакрысе награваўся і пачынаў выдаваць гарачы пах плёнкі. На ўвесь час паказу, да самога слова «канец» (слова, якога я так баяўся), звычайны свет пераставаў мець значэнне ці ўвогуле існаваць.

А аднойчы мама дастала бочачку, пра якую мы нічога не ведалі. Плёнка была самай звычайнай, але калі на дзвярах з'явіліся словы «Вельмі страшная казка», усё напружылася ўнутры, і цемра і цішыня вакол набылі свой асаблівы голас і праніклі ў маё ўяўленне. На экране затрымцелі карцінкі з ведзьмамі (але толькі не казачнымі, а сапраўднымі) і перапалоханымі людзьмі, якія жылі ў лесе. Як заўсёды, унізе карцінак быў тэкст, і мама чытала яго з нервам і напругай, ад якіх халадзела ў сэрцы. У казцы былі заклінанні і таямніцы, якія доўга яшчэ пасля таго вечара сніліся мне па начах.

Праз шмат гадоў я куплю дакладна такі ж праектар, і на столі зусім іншай кватэры пачнуць праступаць напаўзнаёмыя кадры старых дыяфільмаў. Я нават з'езджу дадому і знайду тую самую кардонную каробку з сотняй рознакаляровых бочачак. Аднак там, сярод ваўкоў, зайцоў і сіндбадаў-мараходаў, не знойдзецца самай страшнай казкі. Так, што я пачну думаць, што гэтую казку прыдумаў я сам, і мама не чытала яе з той нервовай напругай, якая так моцна ўразіла мяне ў дзяцінстве.