Яна прыходзіла да нас раз у паўгода і кожны раз казала адно і тое ж: «Які прыгожы хлопчык». Яшчэ з парога, яшчэ не ўбачыўшы мяне, яна казала, што калі б я быў маладзейшы гадоў на дваццаць ці трыццаць, яна абавязкова б закахалася. Я чырванеў, хаваўся за дзвярыма ці ўцякаў у іншы пакой. А яна ўсё паўтарала: якая прычоска, які авал твару. Я не мог зразумець: няўжо яна гаворыць праўду?
А аднойчы я прачнуўся раніцай і зразумеў, што ператварыўся ў жудаснае насекомае... Але ж не. Насамрэч, усё было не так. Я прачнуўся раніцай і ўбачыў, што на мезеным пальцы правай рукі ўскочыла вялізная бародаўка. Прычым ускочыла неяк адразу, не даўшы апамятацца. Яна не расла, пакутліва і балюча, увесь папярэдні тыдзень. Яна з'явілася адразу, адной раніцай, неяк раптоўна. Так, што я баяўся нават зірнуць на яе. Памятаю, як я зачапіў ёй матавую шурпатасць шпалер, і яна ўшчыкнула болем і пачала сыходзіць крывёй. Які жахлівы, які неабавязковы пачатак дня.
«Які прыгожы хлопчык!» сказала яна і на гэты раз, і я сарамліва схаваў руку за спіну. Ідэя таго, што яна магла ўбачыць мезенец правай рукі і больш ужо ніколі не закахацца ў мяне ў сваім далёкім мінулым, падалася невыноснай. І ўсё ж яна ўбачыла. «Пакажы», сказала яна, і я асцярожна і ў нейкай бясконца запаволенай здымцы працягнуў сваю правую руку. Яна паглядзела на бародаўку і ўсміхнулася. «Так, зразумела», сказала яна. «У наступны раз».
Наступны раз здарыўся даволі хутка – здаецца, гэта быў дзень нараджэння. У нейкі момант яна ўстала з-за стала і папрасіла мяне прайсці з ёй у мой пакой. Я паглядзеў на маму і на іншых гасцей, аднак ніхто не азваўся голасам ці хаця б позіркам. Усе былі ахоплены размовамі, смехам і мясам па-французску. Я, зразумела, ніколькі не сумняваўся, што мне трэба ісці за ёй – у іншы канец кватэры, за зачыненыя дзверы, у мой пакой. Тут, у цьмяным святле пачатку кастрычніка, яна ўключыла настольную лямпу і пасадзіла мяне побач з сабой. Памятаю, што ў яе далоні быў урывак шпагату, які чамусьці моцна спалохаў мяне. «Цяпер», прашаптала яна, «я хачу, каб ты даў мне сваю правую руку».
Яна паклала маю руку на свае калені і завязала вузел на шпагаце. Я глядзеў на сваю далонь і спрабаваў не дыхаць – толькі адчуваць яе пах. Новы, незнаёмы пах іншага чалавека. Затым яна паглядзела на маю бародаўку і паднесла вузел шпагату да мезенца. Потым пачала прамаўляць нейкія словы, і я не мог нават уявіць сабе, што яны значылі. Размова з д'яблам? Ведзьмін загавор? Малітва? Я слухаў яе грудны шэпт у цёмным, бясшумным пакоі і са здзіўленнем разумеў, што мне зусім не было страшна.
А потым яна ўключыла святло і ўсё прапала. Голас, шпагат, пах іншага чалавека. Усё сцерлася ў памяці – нават бародаўка сціснулася і пачала цьмянець. Мы вярнуліся да стала і селі на свае ранейшыя месцы. Размовы і смех вакол працягваліся, і мяса па-французску па-ранейшаму стаяла на стале.