All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

9 January 2022

Аповед другі. Тэлепатыя.


Чамусьці я часта ўспамінаю яе, гэтую «французскую» даму. Успамінаю, з якім трапятаннем яна вымаўляла слова «Парыж». Як высвятляла ў нас, хто з нашых бацькоў быў у Францыі. Як казала С'est un cauchemar, калі мы рабілі памылку. Аднак больш за ўсё я ўспамінаю, вядома, яе тэлепатыю.

Пра тэлепатыю мы даведаліся на адным з урокаў, калі яна збіралася вымавіць нейкае слова і раптам замоўкла. І нешта – нейкая боская інжынерыя – прымусіла мяне прашаптаць менавіта гэтае слова. Я не ведаю, чаму зрабіў гэта, аднак яна збялела, пільна паглядзела на мяне, і я апынуўся пад гіпнозам яе застылых зялёных пацерак. «У цябе ёсць тэлепатычныя здольнасці», сказала яна. Я падумаў, што гэта жарт, але ніхто не смяяўся. І больш за ўсіх не смяялася яна. Зусім наадварот. Яна абвяла позіркам усіх нас і спытала, ці верым мы ў тое, што адзін чалавек можа чытаць думкі іншага. Усе маўчалі.

Тады яна папрасіла мяне паўдзельнічаць у невялікім эксперыменце. Я, канешне, нават не думаў адмаўляцца. Па-першае, зусім не хацелася займацца французскай мовай, і па-другое, мне стала цікава. Яна ўсё паўтарала, што верыць у тэлепатыю, што гэта не лухта і не трызненне, што да гэтага трэба ставіцца сур'ёзна. «Я думаю, што ў цябе ёсць здольнасці», сказала яна. «Я думаю, ты прачытаў мае думкі». Сутнасць эксперыменту зводзілася да таго, што я павінен буду выйсці з аўдыторыі, а потым вярнуцца і распавесці, пра што думае адна з маіх аднакласніц. Такім чынам, адной з дзяўчынак трэба будзе глядзець на пенал (дарэчы, я добра памятаю той пенал: пластмасавая міні-туба ружовага колеру) і думаць аб якім-небудзь староннім прадмеце. Я павінен быў здагадацца, пра які прадмет яна думае.

Памятаю, што хвіліна майго трыумфу доўжылася нядоўга. Яна абарвалася роўна ў той момант, калі я падышоў да стала і паглядзеў у вочы аднакласніцы. Трыумф знік, паколькі я глядзеў на пенал, і ў маёй галаве не было аніводнай думкі. Дакладней, думак было залішне шмат – проста я нават прыблізна не ведаў, пра што яна думае. Усе вакол глядзелі на мяне ў чаканні цуду. Асабліва гэта адчувалася ў трывожным маўчанні дамы, якая перабірала пацеркі і чакала ад мяне правільнага адказу. Я ж сказаў тое першае, што прыйшло ў галаву. Усе чакалі цудаў, а я сказаў яблык. Эксперымент быў спешна завершаны, і праз імгненне мы ўжо вывучалі праклятае Passé composé.

Ніколі да таго дня я не думаў пра тэлепатыю, аднак пасля свайго правалу стаў заўважаць адгаданыя думкі і боскія супадзенні, усе гэтыя драбнюткія вібрацыі сусвету. Так, праз гады, калі я вяртаўся дадому з універсітэта (у той час я вучыўся ўжо на першым курсе), я пачаў звяртаць увагу на дзяўчыну з чырвоным сігналам, якая працавала ў метро. Яна ўваходзіла ў вагон на канцавой станцыі, правярала, каб у цягніку нікога не заставалася, і давала сігнал машыністу. І вось я стаў заўважаць, што яна заўсёды ўваходзіць менавіта ў мой вагон. Які б з пяці вагонаў я ні абраў, мы разміналіся з ёй у аднолькавых дзвярах, і ўвесь шлях дадому я думаў аб гэтай дзіўнай сувязі паміж мной і гэтай дзяўчынай. Здаецца, я думаў аб гэтай сувязі да таго часу, пакуль аднойчы не зразумеў, што ў маёй свядомасці існавалі толькі тыя дні, калі яна ўваходзіла ў мой вагон. Што ж тычыцца тых бясконцых вяртанняў дадому, калі мы разміналіся з ёй у розных канцах цягніка, усе яны сціраліся з памяці.

Роўна як і той старонні прадмет, аб якім думала безназоўная дзяўчынка, разглядаючы свой пенал на ўроку французскай мовы. Але ж часам здаецца, што цуд быў зусім побач.