Улетку, у вёсцы, мы пілі гарбату з кантовых шклянак. Ці нават не мы, а я адзін. Ва ўсіх астатніх былі серабрыстыя кубкі з маленькай ручкай – такія, якімі належала карыстацца дарослым людзям. Мне ж давалі высокія шкляныя колбы, уціснутыя ў залацістыя падшклянкі. Я не любіў іх. Яны здаваліся дзіцячымі, несапраўднымі, зневажальнымі. Праз гады я ўбачу такія шклянкі ў дрыжачых вагонах цягнікоў, і буду з нудой адпіваць пякучую гарбату салодка-чорнага колеру. Гарбата будзе занадта цукровай і нясмачнай, аднак я ўсё роўна буду яе заказваць – дзеля разьбяных падшклянкаў і чарговага дзіцячага ўспаміну. Правадніца будзе са здзіўленнем выносіць недапітую гарбату, не падазраючы, вядома, што ўдзельнічае ў рытуале. Што гарбата была выпіта яшчэ дваццаць гадоў таму.
Аднак усё гэта будзе потым – а пакуль я ненавіджу гэтыя шклянкі. Іх змрочны выгляд не выклікае ніякіх эмоцый, і на гарачай верандзе, дзе тлеюць мухі і пахне чорнай парэчкай, я з зайздрасцю назіраю за старэйшымі сёстрамі і тым, як яны п'юць гарбату з кубкаў серабрыстага колеру. У мяне ж у руцэ гэтая бязглуздая кантовая шклянка, і я ўсё думаю пра тое, калі надыдзе нарэшце надлом у маім дзяцінстве, і я змагу зрабіць наступны крок. Таму што ў нейкі момант я ўжо апантаны гісторыяй з гарбатай, і ў чарговы раз прашу дазволіць мне піць з кубка.
Аднойчы мае просьбы зрабіліся настолькі назойлівымі, што мама вырашыла ні ў чым мяне больш не пераконваць і прыбрала нарэшце гэтую клятую шклянку.
Сонечны чэрвень свяціў у вокны веранды, дзесьці ўдалечыні гуляла радыё, і ўся сям'я сядзела за сталом. Разлілі гарбату, і я глядзеў на серабрысты кубак з пачуццём вялікага трапятання. Зразумела, справа была зусім не ў гарбаце і нават не ў падшклянку. Гэта была ініцыяцыя. Гэта быў той самы надлом. Наступны крок. Момант, якога я чакаў усё дзяцінства. З кубка струменілася гарачая пара, і ў нейкі момант я з усмешкай паглядзеў на сваіх сясцёр і паднёс кубак да твару... аднак ён выслізнуў з маіх пальцаў, і кіпень апарыў мае голыя ногі. Я закрычаў. Боль быў пякучы і невыносны, і мама спачувальна правяла мяне ў дом.
Памятаю, як я сядзеў за сталом дзядулі і глядзеў у артыкул з разгорнутай газеты. Па шчоках збягалі слёзы, чорна-белы артыкул расплываўся, раствараўся ў маіх вачах, і я думаў пра тое, што ні за што больш не вярнуся на веранду. Аднак праз некалькі хвілін мама падышла да мяне і спытала, ці хачу я ўсё ж выпіць гарбаты. Я кіўнуў, і яна запрасіла мяне назад.
Сонечнае святло, усе сядзяць за сталом. Ніхто не прамаўляе ні слова. Дзядуля ўслухоўваецца ў радыё. Стрыечная сястра гартае кнігу. На стале стаіць звыклая кантовая колба з залацістым падшклянкам, і маё дзяцінства працягваецца.
...І ўсё ж менавіта гарбата стала нейкай ініцыяцыяй у маім жыцці. Так, мы сядзелі аднойчы на верандзе, вячэрняй і крыху таямнічай, і пра нешта размаўлялі. Часам маўчалі, а часам сястра даставала гітару і пачынала граць песню, якую напісала ў той самы дзень. За акном гудзелі мільёны казурак, заўтра быў бясконцы выходны, і ноч магла пачацца калі заўгодна. Было радасна таму, што сёстры казалі пра незразумелыя рэчы і пры гэтым не праганялі мяне прэч... І вось аднойчы стрыечная сястра папрасіла нас апісаць ідэальныя ўмовы для таго, каб... піць гарбату.
Памятаю, што сястра расказала пра пякучую раніцу, яркае сонца і моцную смагу. Ты ў гарачым памяшканні, і ты пачынаеш піць гарачую гарбату. Стрыечная сястра ледзь прыкметна ўсміхнулася і павярнулася да мяне. Я сказаў, што больш за ўсё люблю піць гарбату ўвечары, калі ўтульна ў цёплым пакоі ў чырвоных танах, і калі на сценах вісяць карціны, а недзе на фоне іграе музыка. Стрыечная сястра зноў усміхнулася і сказала: гэта быў тэст, і толькі што мы апісалі ідэальныя ўмовы і абстаноўку для таго, каб заняцца сэксам. Я пачырванеў, і ўсё крыху паплыло перад вачыма. Сэкс. Упершыню гэтае слова, пра сэнс якога я мог толькі здагадвацца, было прамоўлена адносна мяне.