All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

30 January 2022

Аповед пяты. Смерць.


У канцы «Спячага» гераіня Даян Кітан пытаецца Вудзі Алена:

– У што ты верыш?

– У сэкс і смерць, – адказвае той.

Сэкс і смерць: магчыма, наймацнейшыя імпульсы ў жыцці чалавека, і я буду яшчэ шмат разоў вяртацца да іх на працягу гэтых аповедаў з мінулага. Аднак першае пытанне, якое варта задаць сабе, гучыць так: калі я ўпершыню ўсвядоміў, што смерць мае на мяне нейкія правы?

Памятаю, што ў 2006 годзе, у Ньюкасле, я быў у машыне з англічанкай, якая ўвесь час расказвала пра тое, што ледзь не трапіла ў жудасную аварыю два тыдні таму. У яе гісторыі было столькі яркіх дэталяў, столькі жахлівых падрабязнасцяў, і распавядала яна пра іх так эмацыйна, што я жыва ўявіў абломкі, кроў, стогны і жоўтую паліцэйскую стужку. Аднак абышлося. Яна сказала, што ў апошні момант ёй удалося звярнуць у бок і застацца жывой. «У тую секунду», сказала яна, «я ўпершыню ўсвядоміла, што сапраўды магу памерці. Што жыццё можа скончыцца ў любы момант».

Больш за ўсё ў гэтай гісторыі мяне ўразіла адна дэталь: гэты момант надышоў для яе так позна.

Аднойчы ён абавязкова надыходзіць, той момант, і бязлітасна рассякае жыццё на дзве паловы. І не тое, каб ты станавіўся іншым чалавекам, аднак у вачах пачынае праступаць ледзь прыкметная туга, прэсная ежа набывае смак, і з'яўляецца незразумелая любоў да паэзіі.

На печы мы праводзілі палову зімовых канікулаў. Другую палову мы сядзелі ўнізе і глядзелі на агонь. Усё дзяцінства мне здавалася, што ў полымі, у іскрах і нават у вуглях чыталіся дзіўныя і крыху злавесныя гісторыі, якіх ніколі не было ва ўсюдыісных казках братоў Грым. Таму што менавіта кніга з казкамі братоў Грым ляжала на печы, побач са старымі пледамі, сушанымі яблыкамі і п'есай Грыбаедава. Кнігу тую я амаль ніколі не прагортваў, а калі і рабіў гэта, то хутчэй разглядаў карцінкі і ўяўляў сюжэты, якіх не было ў казках, але якія таіліся ў глыбокіх скляпеннях дымавой печы. І ўсё ж так прыемна было ляжаць там, асабліва ў бясконцыя зімовыя дні, калі за акном панавала завіруха, і да вяртання ў горад была яшчэ цэлая вечнасць.

Печ была высокай. Каб забрацца на яе, трэба было падняцца па рыпучых зялёных прыступках, а потым зрабіць яшчэ адзін высілак пры дапамозе рук і рэзкага рыўка ўгару. Калі ўсё гэта было зроблена, ты апынаўся на даволі вялікай прасторы, дзе лёгка змяшчаліся тры ці нават чатыры чалавекі. Зразумела, даволі часта на печцы адбываліся жорсткія баі за гарбузовыя семечкі, за месца ў сцяны ці хаця б пасярэдзіне. Апошні casus belli, дарэчы, быў асабліва папулярным, бо калі ты спускаўся ўніз хаця б на некалькі хвілін, то ўжо на доўгі час губляў месца паводдаль ад абрыву. Колькі разоў я праходзіў міма печы ўлетку, глядзеў на яе сумную і халодную цішыню ды пустэчу і думаў пра тое, што ніхто не змагаецца за яе цяпер, і ніхто не мае жадання падняцца наверх.

Я ўспамінаю адзін з зімовых дзён, калі мы трое аказаліся на печы і спрабавалі адваяваць тое запаветнае месца ля сцяны. У нейкі момант я рэзка павярнуўся ў бок, каб падрыхтаваць чарговы наступ, аднак печы пада мной не аказалася, і я праляцеў тры метры ўніз... Я часта думаю пра той момант, і спрабую вылічыць пры дапамозе каранёў і інтэгралаў, які працэнт быў у мяне на тое, каб выжыць. Каб прызямліцца так, каб не проста не зламаць галаву і хрыбетнік, але ўстаць праз секунду і ў бледнай паніцы выйсці з пакоя. Каб не атрымаць ні драпіны і адчуць толькі здзіўлены і нервовы позірк маёй цёткі. Верагодна, той працэнт мізэрна малы, аднак менавіта так усё і здарылася.

Памятаю, як наступнай раніцай, за сняданкам, стрыечная сястра ўзяла чайную лыжку і паказала мне, як я падаў. Для гэтага яна паднесла лыжку да краю стала і ў паветры спусціла яе ўніз, перакруціўшы некалькі разоў. Аказваецца – і я сапраўды не памятаў гэтага – я зрабіў тры поўныя абароты, пакуль дабраўся да падлогі. У гэтай візуальным вобразе было нешта пацешнае, амаль камічнае, аднак чым больш часу праходзіла з таго дня, тым выразней я разумеў, што гэта была смерць. Яна заявіла на мяне правы, аднак мне ўдалося ўвярцецца. І як мінімум раз у месяц гэтая думка з'яўлялася да мяне ноччу і не давала заснуць – нават калі я стамляўся пасля доўгага дня, і мне дужа хацелася спаць.