Зразумела, мы з сябрам былі закаханы ў яе, у гэтую бледную дзяўчыну, што працавала ў бібліятэцы. Мы ўрачыста падносілі кнігу, клалі на стол назвай уверх і казалі: Хэмінгуэй. Навошта было казаць «Хэмінгуэй», калі і без таго было зразумела, хто напісаў кнігу? Думаю, у скронях пульсавала не толькі закаханасць, але і гордасць. У рэшце рэшт, нам было ўсяго толькі чатырнаццаць гадоў, і мы чыталі вялізныя кнігі, якія не ўваходзілі ў школьную праграму. «Па кім звоніць звон», напрыклад. «Бывай, зброя!» Нават «Астравы ў акіяне». Аднак яна заставалася спакойнай. Упісвала нашыя імёны ў картку і адзначала дату, калі трэба было вярнуць кнігу. У яе прычосцы не было нічога асаблівага, і апраналася яна проста, аднак цяжка было не закахацца ў яе. Яна працавала ў бібліятэцы, а мы любілі чытаць.
У бібліятэцы было цёмна і халаднавата. Тут пахла пылам і пафарбаванай падлогай. Спачатку цішыня крыху адпужвала нас, аднак паступова мы прывыкалі, і вось ужо зусім спакойна здымалі кнігу з паліцы і падыходзілі да яе стала. Аднойчы побач з ёй стаялі кветкі, і ўнутры ўсё нервова скаланулася ад нахабства нябачнага саперніка. І хто яго ведае, што за выбух здарыўся ў маёй галаве, калі я ўлавіў відавочны сэксуальны падтэкст апавядання «У нас у Мічыгане», упісанага яе бледнай рукой у маю бібліятэчную картку?
Як там яно гучыць, гэтае старое клішэ? Калі ты не чытаў Хэмінгуэя ў юнацтве, у цябе не было юнацтва? Клішэ – аднак што зрабіць, калі ў чатырнаццаць гадоў мы з сябрам толькі і рабілі, што гулялі ў футбол ды чыталі кнігі Хэмінгуэя. Прынамсі, тыя з іх, што захоўваліся ў маленькай бібліятэцы на ўскрайку вёскі, дзе мы бавілі лета. Хэмінгуэй быў для нас пропускам у іншае вымярэнне, і няхай мы яшчэ не ведалі, што рабіць у тым вымярэнні, мы адчайна ў яго імкнуліся. У тым вымярэнні не было выйграных футбольных матчаў і не было бацькоў, якія клікалі нас вячэраць так несвоечасова.
Самы яркі момант, звязаны з тым часам, здарыўся пасля прачытання «Вясновых вод». Дарэчы, мала хто ўспамінае гэты ранні твор Хэмінгуэя. Успамінаюць звычайна раман «Бывай, зброя!» ці аповесць «Старык і мора». Аднак менавіта «Вясновыя воды» здзейснілі ўва мне рэвалюцыю – некалькімі апошнімі фразамі аповесці (я перачытаў яе гадоў пяць назад, і ў ёй ужо не было той магіі, што я некалі адчуў). У той момант я скончыў чытаць і падумаў, што аддаў бы ўсё на свеце за адну толькі друкарскую машынку. Аднак друкарскай машынкі ў нас не было. Так што я ўзяў чысты сшытак і аловак і напісаў некалькі словаў. Я і зараз добра памятаю гэтыя словы: «Чарлстан, Паўночная Караліна. Пляж».
Як любы падлеткавы запал, раман ператварыўся ў аповесць, а аповесць у апавяданне. Амерыканскі пісьменнік знік у часе, сябар пераехаў у іншы горад, а бібліятэку зачынілі (ці перабудавалі – што яшчэ трагічней). Бледнай дзяўчыны таксама няма, і засталася адна толькі ваза – праўда, ужо без кветак. Аднак гэтая ваза – партал у мінулае. Партал у іншае вымярэнне, пароль да якога – «Хэмінгуэй».