Як мы гулялі ў футбол?
Мы гулялі ў футбол з ранняй раніцы і да надыходу ночы. Мы гулялі да таго моманту, калі пот пачынаў сцякаць салёным ручаём па шортах і валасах. Мы гулялі так, што вада пасля заканчэння матчаў пачынала набываць салодкі смак. Мы гулялі ў пяску і на асфальце. Мы гулялі басанож на іржышчы, з-за чаго ступні раздзіраліся да крыві. Мы гулялі так, што мячы лопаліся ад напругі, утвараючы характэрны выбух. Гулялі, пакуль адчувалі ўласнае дыханне, і абрысы варот яшчэ можна было распазнаць у вячэрнім прыцемку.
Наш талент сцёрся ў часе, і сёння цяжка ўжо што-небудзь сцвярджаць – аднак трэнер мясцовай каманды заўважыў маю апантанасць, і з падробленымі дакументамі я паехаў гуляць на футбольны турнір (з падробленымі, таму што нарадзіўся ў Менску, і не меў права гуляць за мясцовую каманду). Мне далі дванаццаты нумар і пазіцыю цэнтральнага паўабаронцы. Я атрымаў грошы за перамогу ў адным з матчаў і прывабную форму з гетрамі, шортамі і футболкай крэмавага колеру. На футболцы не было майго прозвішча, і марыў я зусім пра іншы нумар, аднак усё гэта былі дробязі. Галоўнае – я гуляў. «Да страты прытомнасці», як казаў мой дзядуля. «Да страты пульса». Думаю, што гуляў нядрэнна – прынамсі, «старэйшыя» заўсёды бралі мяне на свае матчы ў восем вечара. Гэта быў прывілей, і кожны гол аддаваўся ў сэрцы чарговым прыступам шчасця.
І ўсё ж была адна праблема. Я ўсё ніяк не мог пераканаць родных у тым, што гуляю сапраўды добра. Яны ўсміхаліся, яны закатвалі вочы. Прызнання ў мяне не было. Сёстры дык і наогул ставіліся варожа да гэтага футбольнага вар'яцтва, паколькі менавіта ім трэба было прыходзіць на стадыён перад сняданкам, абедам і вячэрай, каб клікаць мяне дадому... А я крычаў «так, зараз!», і працягваў гуляць далей. І яны прыходзілі зноў, і на гэты раз даводзілася бегчы дадому, праглынаць ежу і бегчы назад. Увогуле, яны мелі поўнае права ненавідзець як футбол, так і свайго малодшага брата. Які, вядома, любіў распавесці пра тое, што забіў усе голы свету.
Аднойчы мы загуляліся – зрэшты, як заўсёды. Пот, пыл, расчараванне, шчасце. Двойчы ўжо сёстры прыходзілі клікаць мяне дадому, і абодва разы я прасіў даць мне яшчэ дзесяць хвілін. Быў позні ліпеньскі вечар, некаторыя вясковыя хаты каля стадыёна пагасілі святло, аднак мы працягвалі гуляць. Па-першае, сілы яшчэ былі (яны абвастраліся з надыходам ночы). Па-другое, лік быў роўны. 24:24. Лік, вядома, хутчэй гандбольны, чым футбольны, аднак у той дзень мы гулялі на маленькім полі, і матч працягваўся некалькі гадзін. Мы вырашылі, што будзем гуляць да пераможнага гола. Да дваццаць пятага. Змярканне падступала, і ўсё ж мы не заўважалі яго – вароты і мяч свяціліся для нас неонавым святлом. Раптам да бегавой дарожкі, што цягнулася побач з футбольным полем, прыйшла мая цётка. Я ведаў, што гэта сур'ёзна, і ў мяне наўрад ці атрымаецца ўрваць хаця б адну хвіліну гульні. Я падбег да яе і паспрабаваў растлумачыць, што лік роўны, і наступны гол будзе апошнім. Яна не была ўпэўнена ў гэтым, аднак вось ужо і мая каманда (ад якой заставалася некалькі чалавек – абаронцы разбегліся па хатах) пачала пераконваць яе. У выніку яна пагадзілася.
Я памятаю, як яна хадзіла ўздоўж межаў поля і назірала за намі. Ох, гэта было відовішча. Нашы стомленыя, упартыя целы ў гэтым пыльным ліпеньскім паўзмроку. Ніхто ўжо не крычаў, на крык не было сілы. Мы гулялі ў поўнай цішыні, у якой чуліся толькі мяч і нашае збітае дыханне. Мы гулялі доўга. Гулялі так, нібыта страцілі вароты. Момант трыўмфу здарыўся нечакана – нечакана для ўсіх, у тым ліку мяне самога. Я атрымаў мяч побач з тым самым месцам, дзе стаяла цётка, і нанёс удар... Мяч перасёк палову поля, праляцеў над галавой брамніка, які неабачліва выйшаў наперад, і апусціўся ў сетку. Гэта быў гол. Гэта была перамога. Мы крычалі і абдымаліся так, нібыта выйгралі чэмпіянат сусвету.
Але галоўнае – я бачыў бляск у вачах сваёй цёткі, якая доўга яшчэ расказвала пра тое, які я футбаліст, і які важны і прыгожы гол я забіў. Сёстры па-ранейшаму закатвалі вочы, аднак мяне гэта ўжо не клапоціла. Я атрымаў прызнанне, і ніхто ўжо не мог сапсаваць момант майго трыумфу. Верагодна, я забіў тысячы мячоў за час нашых футбольных матчаў, аднак менавіта гэты гол быў самым шчаслівым у маім жыцці. Я ўспомніў аб ім зусім нядаўна, калі мы размаўлялі пра дзяцінства. Я ўспомніў пра яго, а яшчэ пра таго футбольнага трэнера, які, як і я, да вар'яцтва захапляўся гульнёй. Ён вучыў мяне біць пенальці, ездзіў на маленькім шэрым фальсквагене, і павесіўся праз некалькі гадоў у сваёй кватэры на ўскрайку вёскі.