All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

26 June 2022

Аповед дваццаць другі. «Адрыятык».


Мы вярталіся дадому з Пагоста. Мы вярталіся з могілак, дзе быў пахаваны мой прадзед Ісаак. Той самы, які быў нечым накшталт сямейнай легенды. У 1913 годзе ён быў адным з тых, хто сеў на параход «Адрыятык» і адправіўся ў Амерыку ў пошуках новага жыцця. Паводле партовага рэестра, ён прыбыў у Манхэтэн з Ліверпуля 28 жніўня 1913 года. Зусім нядаўна яму споўнілася 19 год. У яго кішэні было 25 даляраў, і пасля Нью-Ёрка ён збіраўся ехаць у Канэктыкут. Стрыечны брат асеў ў Амерыцы, а Ісаак вярнуўся дадому, дзе заставаўся да самай смерці, жыў звычайны жыццём і любіў паўтараць ангельскае слова money (ён вымаўляў яго прыкладна так: «мані»). Упершыню ў жыцці я пабываў на яго магіле, ад якой захаваўся толькі невыразны вобраз сіняй агароджы і калючыя галінкі акацыі.

Вёска Пагост знаходзілася на самым поўдні краіны (я пішу «знаходзілася», таму што пасля двух гадоў жыцця ў эміграцыі цяперашні час перастае значыць тое, што значыў калісьці), і перад намі лунаў доўгі шлях дадому. Наглытаўшыся сухога дарожнага пылу, мы селі нарэшце ў аўтобус, які павінен быў завезці нас назад у Менск. Аўтобус быў маленькім, з незвычайным размяшчэннем сядзенняў: дзве вузкія лаўкі, якія глядзелі адна на адну з процілеглых канцоў салона. Сядзець было горача і няёмка – люка не было, вокны не адчыняліся, нас увесь час штарміла і кідала ў розныя бакі. Кідала так, што я баяўся за косткі і ўнутраныя органы, гатовыя ў любы момант разарвацца ці змяніць звыклае размяшчэнне.

Аўтобус часта спыняўся, каб падабраць новых людзей і выпусціць старых. Прыпынкі гэтыя былі неабходныя яшчэ і таму, што давалі магчымасць удыхнуць паветра, якога так не хапала ўсярэдзіне. І вось у нейкі момант мы спыніліся ў невялікай вёсцы і забралі трох чалавек – дзвюх дарослых жанчын і адну дзяўчыну. Яны селі насупраць нас, і я застыў у захапленні. Увесь аўтобус застыў перад маімі вачыма – увесь аўтобус і ўвесь свет. Я глядзеў на гэтую дзяўчыну ды ўсведамляў, што нічога больш прыгожага не бачыў ніколі ў жыцці – і, магчыма, ніколі ўжо не ўбачу. Аўтобус перастаў кідацца і падскокваць увесь той час, што я быў захоплены яе авальным тварам, адхіленым позіркам і цёмнымі валасамі, сцягнутымі шырокай гумкай. Мне падабалася яе ружовая майка з дурным малюнкам, яе кароткія джынсавыя шорты і загарэлыя ногі. Мне падабаліся яе старыя, стаптаныя красоўкі. Мне падабалася нават тое, што яна ні разу не паглядзела ў мой бок і толькі сарамліва, напаўпаварота разглядала пыльную шыбу аўтобуса.

Я хацеў, каб яна ехала з намі да самага Менска, да той самай вуліцы, дзе быў мой дом. Кожны раз, калі здараўся прыпынак, сэрца пачынала біцца мацней, і я баяўся, што гэта канец. Яна выйдзе, і я больш ніколі яе не ўбачу... І ўсё ж у патрэбны момант сэрца не паспела перастроіцца, не паспела выскачыць ці закрычаць, таму што за некалькі хвілін да нейкай богам забытай вёскі яна раптам павярнулася ў бок кіроўцы і сказала :

– Спыніце ў К.! Мне трэба сысці.

Усё знікла ў адзін момант – і не таму, што яна выходзіла тут, у лясной глушы далёка ад Менска. А таму, што яе голас аказаўся такім звычайным. Якім вульгарным быў яе тон. Якім няправільным было гэта «сысці». Якімі грубымі былі яе рухі, калі яна пачала прабірацца да дзвярэй. Якімі былі яе зубы.

У той час я часта думаў пра свайго прадзеда. Глядзеў на фатаграфію, на якой ён стаяў у квітнеючым двары, ужо пасля Амерыкі, і думаў: навошта ён вярнуўся? Чаму не застаўся там, чаму адмовіўся ад мары, якая прымусіла яго аднойчы сесці на гэты шматдзённы параход з Ліверпуля ў Манхэтэн? Пабываўшы нарэшце ў Нью-Ёрку, я напісаў аб Ісааку апавяданне – там шмат домыслаў і здагадак, аднак я так адчайна спрабаваў растлумачыць сабе гэтае вяртанне. Як бы там ні было, з моманту напісання апавядання я захоўваю ў тэлефоне чорна-белую фатаграфію таго самага карабля – з чатырма мачтамі, з велізарнымі дымлівымі трубамі пасярэдзіне... А калі казаць пра дзяўчыну, якую я ўбачыў аднойчы у салоне аўтобуса, які рухаўся з могілак у вёсцы Пагост, дзе пахаваны Ісаак, то яна пакінула след. Няроўныя зубы прыгожай дзяўчыны – няўжо існуе нешта больш цудоўнае і сэксуальнае за гэта?..


19 June 2022

Аповед дваццаць першы. Уільям Фолкнер і драўляная труна.


Няма сэнсу пісаць пра мінулае, казаў Джордж Оруэл, калі ты не гатовы распавесці пра тое, за што табе сорамна. Тут былі ўжо такія гісторыі, і будуць яшчэ – і ўсё ж няма ў маім мінулым эпізоду, які можна б было параўнаць з гэтым. Ён выклікае ў мяне складаныя пачуцці, ён выклікае боль і млоснасць, і я амаль нікому пра яго не расказваў. Тыя, каму расказваў, адводзілі вочы і прасілі не працягваць. І ўсё ж я напісаў назву – так што мне давядзецца распавесці да канца...

Панядзелак. Канец жніўня, чаканне другога курса універсітэта. Мы сустрэліся каля яе дома і селі ў прыгарадны аўтобус, які павёз нас па сухой пыльнай дарозе ў вёску пад Менскам. Гэта вядомая вёска, музей пад адкрытым небам; тут святкуюць Масленіцу, сюды водзяць замежнікаў. Тут добра, асабліва ў панядзелак – хаця б таму, што ў панядзелак музей не працуе. Каб патрапіць унутр, мы не сталі шукаць білетны кіёск (ён усё роўна быў зачынены) – мы ведалі іншы шлях. Мы прайшлі некалькі метраў убок і пералезлі праз драўляны плот, які даўно ўжо не рыпеў з прычыны волкасці і гнілога бярвення. Так мы апануліся ўнутры.

Я ведаў тут кожны дом, бо прыязджаў сюды са сваім школьным класам і прывозіў сяброў з Англіі. Млын, старая школа, сельская хата – уся гэта бутафорыя, пародыя на мінулае, да якога я не мог заставацца абыякавым. Наш вясковы дом даўно ўжо быў прададзены, і нешта цягнула мяне сюды, у гэтыя штучныя двары і трохметровыя калодзежы. На гэты раз, аднак, мы прыехалі не за гэтым. На гэты раз мы хацелі натрапіць на зацішнае месца, дзе нас не знойдуць нават тыя, хто не будзе шукаць.

У вёсцы было пуста. Цёплы летні дзень, магчыма, апошні за год – і вакол нікога. Толькі нашы крокі і палахлівыя свойскія птушкі, якія насцярожана гулялі па вуліцах.

Урэшце мы знайшлі тое, што шукалі. Зацішны дворык на ўскраіне вёскі – тут была тая самая павець, набітая саломай і сенам, аб якой я думаў. Сена, разадзьмутае цёплым надвор'ем, амаль дакраналася даху павеці, і ўсё ж калі мы ляглі на яго, калі прыціснулі сваёй летняй стомленасцю, з'явіліся гэтыя запаветныя метр ці паўтара. Цішыня была дасканалай, абсалютнай – і кожны подых, кожны рух выдаваў нас свету... У нейкі момант побач з намі прайшоў чалавек, працаўнік музея, і мы затаілі дыханне. Ён прайшоў міма, і я адчуў моцнае біццё сэрца. Аднойчы ад сырога, прэлага сена стала цяжка дыхаць, і мы спусціліся ўніз.

Унізе, на лаўцы, стаяла труна. Паўгадзіны таму, калі мы толькі зайшлі ў гэты двор, я не заўважыў яе. Цяпер жа я адчуў устойлівы пах маладога дрэва, які пераносіў мяне ў дзяцінства. Мы селі на траву. Яна дастала фотаапарат, а я дастаў кнігу. У той час я быў захоплены Фолкнерам – вывучаў свет Йокнапатофы і перачытваў бясконцыя сказы раманаў «Шум і лютасць» і «Святло ў жніўні». Цяпер жа я чытаў «Авесалом, Авесалом!» – верагодна, самую складаную і непраходную кнігу Фолкнера, якая, аднак, прыцягвала мяне мовай і прысутнасцю персанажа па імі Квенцін Компсан.

– Я пачытаю табе, – сказаў я, і яна пагадзілася.

Пачаўшы чытаць, я агледзеўся па баках і яшчэ раз звярнуў увагу на труну. Вярнуўся да кнігі, аднак не здолеў скончыць нават адну старонку. Адчуўшы прыліў шалёнай эйфарыі, я раптам вырашыў, што буду чытаць кнігу лежачы там. Лежачы ў труне. Гэтая вар'яцкая ідэя ўелася ў галаву, і я ўсё ніяк не мог ад яе адкараскацца. У рэшце рэшт, я падняўся з травы, прайшоў да лаўкі і залез наверх. Я лёг у труну, выцягнуў рукі і пачаў чытаць. Цяжкія, бясконца доўгія ангельскія сказы і аднойчы, здаецца, пстрычка фотаапарата. Хуткая пстрычка, аднак унутры нешта пачало адбывацца. Я не зразумеў. Я працягваў чытаць уголас, нават не падазраючы, куды прывядзе мяне гэты момант. Забываючыся, што ёсць рэчы, якія рабіць нельга. Не таму, што верыш ці не. Не таму, што ёсць на тое нейкая прычына. А проста нельга.

Праз тыдзень я аказаўся на аперацыйным стале. Без прычыны, без болю, без папярэджання. Вакол бегалі лекары, запускалі ў мяне доўгія інструменты і разглядалі нейкія здымкі. Мужчына ў бела-зялёным адзенні сеў побач і сказаў, што мне патрэбны пераліванне крыві і тэрміновая аперацыя. «Ты можаш памерці», сказаў ён. «Тое, што ў цябе ўнутры... Гэта вельмі небяспечна».


12 June 2022

Аповед дваццаты. Фобіі.


Боль гэты крыху нагадвае паколванне, аднак замест іголак пальцы ног пранізваюць нервовыя імпульсы. На секунду кроў адступае, ледзянее, афарбоўваецца ў сіні колер. Галава яшчэ не пачынае кружыцца. Гэта адбудзецца пазней. Пакуль жа ты проста хочаш адступіць назад – а зусім не заплюшчыць вочы, як гэта было з выдатнымі прывідамі дзяцінства. Калі ты заплюшчыш вочы, то страціш раўнавагу, і, магчыма, ніколі ўжо не вернеш яе.

Тым не менш, нічога я не адчуваў у далёкі летні дзень, калі мы ўпершыню каталіся на коле агляду. У той дзень мне не было страшна – у параўнанні з сапраўдным дамавым і рэальным прывідам, вышыня была выдумкай. І таму я з усіх сіл круціў гэты жоўты дзіцячы штурвал, які нагадваў дваровыя арэлі (кабінкі раней выглядалі менавіта так). Мама з сястрой спалохана трымаліся за сядзенні, а я, забраўшыся на самую вяршыню і без канца нешта выкрыкваючы, працягваў раскручваць нас па крузе…

Праз пятнаццаць гадоў, напрыканцы вясны, я купіў білет на кола агляду. Паўгадзіны я стаяў і глядзеў, як пустыя кабінкі круцяцца па заведзеным коле. Зноў і зноў я прапускаў сваю чаргу. Далоні ўвесь час пацелі, а ў пальцах ног пульсавала ўжо знаёмая боль. І вось нарэшце я ўвайшоў унутр. Я быў падрыхтаваны: на галаве былі навушнікі, у слухаўках гучаў Боб Дылан. «Hurricane». Музыку я ўключыў для таго, каб не чуць біцця свайго сэрца. Мне было страшна, фізічна страшна, аднак я мусіў гэта зрабіць. Мой самалёт у Лондан, першы пасля аперацыі, ляцеў праз некалькі тыдняў, і я павінен быў падрыхтавацца.

І ўсё ж я не быў да яго гатовы. Аперацыя адабрала так шмат і пры гэтым нічога не дала ўзамен (акрамя боязі вышыні). Было наіўна думаць, што кола агляду дапаможа саўладаць з прорвай у тысячы метраў. І калі перад узлётам сцюардэса спытала, што са мной, а я паспрабаваў ёй адказаць, горла сціснуў панічны прыступ, і я не змог вымавіць ні слова… А потым, у Лондане, паніка яшчэ шмат разоў вярталася да мяне, з рэўнасцю і без пачуцця гумару, хоць я так адчайна адштурхоўваў яе дарагімі ангельскімі снатворнымі і заспакаяльнымі.

– Глядзі, мама! – закрычаў я аднойчы. – Глядзі, я буду плыць!

Я скокнуў у раку, прыкладна так, як скакаў тысячу разоў у басейне. Бестурботна, не заплюшчваючы вачэй. Я быў упэўнены ў сабе, і да таго ж рака не была глыбокай. Я скокнуў і паспрабаваў вынырнуць. Напэўна, нешта пайшло не так, бо мяне адчайна цягнула ўніз. На нейкае імгненне я апынуўся на паверхні, аднак потым шчупальцы багавіння ўчапіліся ў шчыкалаткі і павалаклі на дно. Раптам я не ўмеў плаваць. Раптам рака не стрымлівала мяне. Я бездапаможна біўся рукамі і нагамі аб каламутную ваду, але ўжо не мог вярнуцца наверх. Я добра памятаю гэты момант, гэтую страшную долю секунды, калі мозг раптам разумее, што гэта ўсё. Што ты ўжо нічога не можаш зрабіць, акрамя як працягваць тануць. Вада набілася ў лёгкія, і ўжо на самым дне нечая рука схапіла маё плячо і выцягнула на паверхню.

Усё, што я памятаю, гэта твар нейкага мужчыны, які пакінуў мяне на беразе і, не кажучы ні слова, нырнуў назад у раку. 

Адчуванне бездапаможнасці, якое ледзь не забіла мяне ў той дзень, застаецца са мной да гэтага часу. Яно пакрысе рассейваецца, распадаецца на часткі і на іншыя страхі (куды больш сумныя і асэнсаваныя), аднак не сыходзіць назаўжды. Думаю, што віной усяму той незнаёмы хлопчык на ровары. Ён спыніўся каля футбольнага поля і сказаў, што В. памёр. «Што?!?» спыталі мы, перарываючы матч. «Як В. памёр? Мы ж толькі ўчора гулялі з ім у футбол». Аднак хлопчык паўтарыў яшчэ раз: «В. памёр. Патануў». Пасля чаго сеў на ровар і з'ехаў.

Мы дайгралі матч. Хаця сумняваюся, што я змог бы гэта зрабіць, калі б ведаў усю праўду. В. памёр у той самай рацэ. У тым самым месцы, дзе нечая рука выцягнула мяне на бераг.


5 June 2022

Аповед дзевятнаццаты. Абрад.


Да дому сябра я ішоў альбо з кнігай, альбо з футбольным мячом. На гэты раз у руках у мяне быў мяч, і я ішоў па выгаралых пылам і спякотай вуліцах, адбіваючы няроўны рытм і спрабуючы не патрапіць у казурка або аскепак шкла. Як заўсёды, я прайшоў могілкі, дом культуры, сталовую і аднапавярховы цагляны дом, адкуль вырываліся рэлігійныя песні тых, каго мы з сябрам называлі ці то баптыстамі, ці то сатаністамі. Прынамсі, калі б нам сказалі, што ў двары таго дзіўнага цаглянага дома адбываюцца жахлівыя ахвярапрынашэнні, мы б не здзівіліся. Аднак пра дом гэты як-небудзь іншым разам.

Перад брамкай я спыніўся і паклікаў сябра. Ніхто не адказаў. Я дакрануўся да вісклівага рычагу брамкі, аднак апусціць не адважыўся і адступіў назад. Два словы аб тым, чаму я не мог зайсці. Справа ў тым, што ўсё сваё дзяцінства я баяўся сабак. Баюся і цяпер, аднак зараз, калі ў нагах спіць аўстралійская аўчарка, не мае сэнсу казаць пра гэта. Скажу так: я баюся ўсіх сабак, акрамя адной. Або, хутчэй, не баюся, але адчуваю трывогу ды трапятанне, якія вяртаюць мяне ў далёкі летні дзень, калі я разбудзіў сабаку, які спаў на парозе вясковай хаты. Дзядуля, які сядзеў на лаўцы за два метры ад мяне, сказаў, што нельга будзіць спячага сабаку. Я спытаў, чаму, і ён адказаў аднаскладовай формулай, якая захавалася ў маёй падсвядомасці на ўсё астатняе жыццё: «Таму што сабака – гэта звер».

Адчуванне таго, што сабака жыве па сваіх законах, і ты ніколі не зможаш ведаць у поўнай меры, пра што ён думае, завісла ў павуцінні дзіцячых страхаў, і вярталася да мяне яшчэ сотні разоў. Варта мне на секунду пра яго забыцца, як палец намацвае глыбокі шнар у верхняй частцы ілба, пакінуты ўкусам таго самага сабакі, якога я так недарэчы разбудзіў аднойчы ў хаце сваёй цёткі. Абудзіў выпадкова, зусім не жадаючы таго, аднак усё ж разбудзіў.

Я стаяў перад брамкай і баяўся ўвайсці. Я ведаў, што там, за высокім плотам, ёсць сабака. Ён павінен быў быць на прывязі, аднак я не ведаў напэўна. І ўсё ж на імгненне жаданне ўбачыць сябра аказалася мацнейшым за страх, і я адчыніў брамку. Увайшоў... Брамка зачынілася. З нямеючым сэрцам я паклікаў сябра яшчэ раз, і на гэты раз пачуў сабачы брэх. За брэхам услед рушыў і сам сабака, які выскачыў з-за гаража і пабег у мой бок. Здаецца, я ніколі ўжо не забудуся пра рудую пысу і гэты бясконцы брэх, з якім ён скакаў вакол мяне. «Сабакі адчуваюць страх», казалі мне, аднак ніхто не растлумачыў, куды падзець гэты страх. Дзе кнопка, дзе выключальнік? 

Ён скакаў вакол мяне цэлую вечнасць. Скакаў, я ведаў, каб укусіць, угрызціся ў руку, разарваць на часткі. Я баяўся рушыць з месца. Думка аб тым, каб развярнуцца і выйсці на вуліцу, здавалася немагчымай, і таму я толькі адчайна адбіваўся голасам і футбольным мячом, прылепленым да маіх далоняў. Я крычаў так, што мой голас павінны былі пачуць на кожнай вуліцы, але вёска нібыта вымерла. Я па-ранейшаму клікаў сябра, але ўжо неяк ціха і безнадзейна. Уся гэтая сцэна доўжылася хвілін пяць ці дзесяць, і я не ведаю, колькі б яна працягвалася яшчэ (сябар, як высветлілася пазней, той раніцай збіраў у лесе чарніцы) – калі б раптам дзверы дома не адчыніліся, і з іх не выйшаў дзед майго сябра. Босы, без кашулі, у адных штанах... Пра што ён падумаў, калі яго дзённы сон перапыніў вусцішны крык за вокнамі? Пра што ён падумаў, калі ўбачыў заплаканага, звар'яцелага дзіця з футбольным мячом у руках? 

Не кажучы ні слова, ён паглядзеў на мяне, пасля чаго ўзяў сабаку на рукі і пасадзіў на ланцуг. Зайшоў у хату і вярнуўся з нажніцамі. Адрэзаў ад сабакі рыжы касмыль поўсці і паклаў на лаўку. Дастаў некалькі белых цаглінаў і абнёс імі невялікі ўчастак зямлі. У цэнтры, між цаглінамі, паклаў невялікі згустак сабачай поўсці. Дастаў з кішэні запалкі, пасля чаго падпаліў поўсць. Я памятаю гэты тонкі струмень полымя, афарбаваны ў руды колер. А ўжо потым ён сказаў мне скакаць над полымем некалькі разоў. Злева направа, потым справа налева. Я зрабіў гэта – дваццаць, можа быць, трыццаць разоў, моўчкі, не выпускаючы з рук футбольны мяч. Я зрабіў бы ўсё, што заўгодна. Усё, аб чым бы ён мяне ні папрасіў.

– А зараз ідзі, – сказаў ён. – Цяпер ты не будзеш баяцца.

І я пайшоў дадому – па тых самых вуліцах, што і раней. Міма злавеснага цаглянага дома, міма сталовай, міма дома культуры і могілак. Усё было так, як было заўсёды – толькі цяпер я не баяўся гэтага сабакі. Я не баяўся ніводнага сабакі на свеце. На гэтыя некалькі хвілін, а магчыма, на цэлую вечнасць – я зрабіўся бясстрашным.