All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

10 July 2022

Аповед дваццаць чацвёрты. Шавец.


Машына... Машына была свабодай. Калі мы забіраліся на задняе сядзенне і заплюшчвалі вочы, то цалкам аддаваліся дарозе. Дарога несла нас наперад. Можна было прыдумваць гісторыі за каламутным шклом, а можна было высунуць руку і памацаць вецер. Машыну гэтую, вуглаватую таўрыю белага колеру, дзядуля адваёўваў з боем, і калі нарэшце атрымаў – стары сябар знік («рэўнасць», казалі суседзі), а бабуля прынесла шампунь і памыла яе ў двары дома. Ну а для нас машына была свабодай, і не было шчасця больш поўнага і сапраўднага, чым раптоўныя словы дзядулі пасля вячэры: «Дзеці, сядайце ў машыну, я буду вас катаць». І мы кружылі па незнаёмых мясцінах, ніжэй апускалі шыбы і адчувалі пах лесу.

А аднойчы дзядуля паглядзеў на мой футбольны мяч, збіты і змучаны за першы месяц бясконцай гульні, і сказаў: «Лёша, паехалі – будзем яго ратаваць».

І мы паехалі – удваіх, у невядомым кірунку. Больш за тое, дзядуля дазволіў мне сядзець на пярэднім сядзенні, што зрабіла гэтую паездку зусім ужо памятнай і асаблівай. Дзіўным было тое, што я паняцця не меў, куды мы едзем, і ўсё ж у нейкі момант дзядуля растлумачыў: «Мы едзем да майго знаёмага. Ён шавец, і ён палатае твой мяч».

Шавец жыў за царквой, у вялізнай драўлянай хаце, якая нагадвала замак. Памятаю, як дзядуля спыніў машыну ля высокага плота, і мы падышлі да зялёнай брамкі. Шавец чакаў нас. Высокі мужчына з чорнымі ад працы рукамі, які гатовы быў задушыць цябе голасам і ўсім сваім выглядам. Дзядуля прывітаўся, і шавец адказаў адборным матам, ад якога ў вачах у мяне пайшлі кругі. Калі мы зайшлі ў дом і селі на лаўку, матам загаварыў і дзядуля – дзядуля, які, я быў упэўнены, і слоў такіх не ведае. Зразумела, я ведаў выраз «лаяцца, як шавец», аднак я і ўявіць не мог, што фраза гэтая была настолькі літаральнай.

У нейкі момант я дастаў футбольны мяч (ці тое, што ад яго засталося) і кавалкі адарванай скуры, і дзядуля сказаў:

«Вось, купілі мяч, … тваю маць».

Шавец пачаў працаваць. Станок, пальчаткі, гарачы пах скуры. Размова абпальвала мой слых, і дыханне перахапляла ад разумення таго, што ўпершыню ў жыцці я знаходжуся ў сапраўднай мужчынскай кампаніі. Часам шавец звяртаўся да мяне, аднак я не паспяваў зрэагаваць, ды яму ўсё роўна не быў цікавы мой адказ. Часам дзядуля расказваў, што я лепшы футбаліст у свеце, і ў такія моманты я адчуваў сябе як у той раз, калі аднойчы да дзядулі ў госці прыйшоў стары прыяцель, і яны загаварылі пра мяне. «Вось, паглядзі – мой унук. На пяці мовах размаўляе». А я глядзеў на качак, якія гулялі ў двары, ды ледзь не самлеў: на пяці мовах! Я кепска ведаў ангельскую, а мяне зараз прымусяць размаўляць па-італьянску...

А потым, хвілін праз трыццаць, шавец аддаў мне мяч, і на стале з'явілася празрыстая бутэлька. Дзядуля папрасіў мяне пачакаць у двары, і раптам я зразумеў, што не вытрымаў мужчынскай кампаніі. У двары я стаяў каля веранды, якая шчыльна зарасла вінаградам, і разглядаў мяч. Празрыстая бутэлька, чорныя рукі, мат... І гэты мяч – зіготкі на сонцы, пакрыты скурай, ідэальна круглы. Зусім як новы.