All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

31 July 2022

Аповед дваццаць сёмы. Мяснік.


Я быў закаханы ў рукі мясніка. Ён стаяў за шклянымі дзвярыма непадалёк ад мяснога аддзела і разбіраў тушы жывёл. Тушы віселі за яго спіной, і час ад часу ён браў адну з іх, кідаў на стол і даставаў нажы. Нажоў было некалькі, рознай формы і даўжыні, і з кожным ён упраўляўся так умела і так нязмушана, што я толькі зачаравана глядзеў і спадзяваўся, што маці затрымаецца, і я правяду ў краме цэлы дзень.

Насамрэч, так шмат адбывалася за час гэтых бясконцых чаканняў. Аднойчы бабулька гадоў васьмідзесяці выйграла плюшавую цацку даўгавухага зайца ў папулярным аўтамаце з рабатызаванай рукой і доўга яшчэ размахвала ім перад тварамі дзяцей-няўдачнікаў. Аднойчы чалавек разбіў вялізны чайны сервіз. А аднойчы бяздомны мужчына выцягнуў са шкляной вітрыны пакет малака і непрыметна паклаў яго ў сваю торбу. Зачараваны і крыху ўстрывожаны ўбачаным, я стаяў у поўным здранцвенні, пакуль з-за калоны не паказалася жанчына ў белым халаце, не дастала пакет з торбы мужчыны і не накрычала на яго так, што ён спалохана пабег прэч. І ўсё ж лепш за ўсё я памятаю мясны аддзел у краме «Брэст».

Я любіў не толькі рукі, але нават твар вялізнага чалавека ў белым фартуху з чырвонымі разводамі. Гэты добры твар, які дрэнна спалучаўся з імклівымі і жорсткімі рухамі нажа. Часам ён падымаў вочы ўгору і заўважаў маю прысутнасць. Я бляднеў і спяшаўся адвярнуцца, аднак ён усміхаўся і працягваў разбіраць мяса. Ён выкрываў тушы, зразаў лішняе, сек на кавалкі. Бясформеннае, страшнае мяса ператваралася ва ўсё тое, што ляжала пад шкляной вітрынай і цягнула сюды ўсіх гэтых людзей. Яго вялізныя белыя рукі нібы прамаўлялі загаворы, і мяса паддавалася і раставала на стале. Памятаю, як моцна я ненавідзеў тыя моманты, калі яго не было ў краме ці калі яго адцягвалі занудлівыя жанчыны ў халатах. Яшчэ я не любіў, калі мяса падала на падлогу, і ён выкідваў яго ў смеццевы кошык пад нагамі.

А потым, у вёсцы, забілі свінню. Насамрэч, гэта павінна было здарыцца ўжо даўно, аднак чалавек усё не прыходзіў. Што гэта быў за чалавек, я не ведаў, але я баяўся яго. Ён не прыходзіў, калі часам раніцай чуўся рэзкі ўдар сякеры, і я знаходзіў пёры і кроў непадалёк ад куратніка. Аднак ён павінен быў з'явіцца на досвітку на гэты раз – і я так спадзяваўся, што не ўбачу яго.

У тую раніцу імжэў змрочны летні дождж, і я вырашыў заставацца пад коўдрай даўжэй. Тым больш, што я не ведаў, якая была гадзіна, а чалавек той мог знаходзіцца на заднім двары нашага дома. І ўсё ж мне моцна хацелася піць, і таму я ўстаў і прайшоў на кухню. Аднак я не паспеў падысці да крана, таму што міма мяне прайшоў нехта з эмаляваным белым кубкам, да краёў напоўненым бардовай вадкасцю. Я не бачыў твару – я памятаю толькі чорную патыліцу. Памятаю, як ён стаяў перад ракавінай і піў тое, што было ў кружцы. Выпіўшы адным зацяжным залпам, ён набраў халоднай вады і выпіў яшчэ і ваду. А потым сышоў, і нават не заўважыў мяне. 

Падышоўшы да ракавіны, я ўбачыў чырвона-ружовыя плямы, і галава закружылася... Да горла падступіла нешта кіслае, і я так і не адважыўся адкрыць кран. Я быў упэўнены, што з яго пальецца гарачая кроў.