Уздоўж вуліцы цягнуліся сумныя крамы з назвамі, якія ўсялялі ў цябе пачуццё безвыходнасці. «Юбілейная». «Хлеб». «Кулінарыя». Да іх павольна пад'язджалі мужчыны з прышчэпкамі на штанах. Яны пакідалі ровары каля ўвахода і, заходзячы ўнутр, адчувалі задушлівы пах цішыні і застою. Уваходзілі жанчыны са старамоднымі анучнымі торбамі, маленькімі, але гатовымі змясціць увесь свет. Уваходзілі дзеці, якія будуць чакаць бацькоў ля маразільных камер з пламбірам. Я, напрыклад.
Была марозная раніца ў пачатку зімовых канікулаў, і мы прыйшлі ў краму «Юбілейную» ў самым канцы вуліцы. Ратуючыся ад холаду, я стаяў унутры, выбіраў марожанае і чакаў маму. Гэта быў шчаслівы час, таму што наступалі святы, і школьныя канікулы мусілі скончыцца толькі ў наступным годзе – і ўсё ж настрой быў скампраметаваны тым, што мама ўсё не вярталася. Да таго ж унутры быў пэйны дыскамфорт. У нейкі момант я павярнуўся і ўбачыў адчыненыя дзверы. Адшукаўшы прычыну дыскамфорту, я ўтаропіўся на п'янага чалавека, які стаяў у шкляных дзвярах. У адну секунду я забыўся пра марозіве і пра зімовае паветра – перада мной адбываўся цуд.
На ганку крамы стаяла крэсла, якое трымала шкляныя дзверы і прапускала марознае паветра ўнутр. Хістаючыся ўсім целам і хапаючыся за гэтае крэсла, п'яны чалавек адчайна спрабаваў захоўваць раўнавагу. У яго правай руцэ быў пэндзлік, які час ад часу ён змочваў у слоіку чырвонай фарбы на крэсле. Потым ён паднімаў руку ўверх, падносіў да шкляных дзвярэй і пісаў на ёй «З Новым Годам!» Без усялякіх трафарэтаў і лінеек, ён выводзіў ідэальна роўныя літары чырвонага колеру. Я не мог адарвацца. Я глядзеў на тое, што адбывалася так, нібыта гэта было нейкае чарадзейства. Верагодна, гэта і было чарадзнейства – паколькі нічога прыгажэйшага я не ўбачу ўжо ніколі ў жыцці.
Калі ён узяўся за год (здаецца, набліжаўся 1996), зоркі і стужкі, я адчуў новы дыскамфорт. На гэты раз мама цягнула мяне за руку і аб нечым прасіла. Казала, што трэба сыходзіць, што нас чакаюць дома... А я супраціўляўся, я хацеў застацца ў краме і даглядзець гэты цуд да канца.
Пасля гэтая сцэна прывяла да дзіўнага захаплення, ад якога я не магу адкараскацца і сёння. Заўважаючы людзей у розных краінах, я мяняю іх месцамі. Я мяняю горад і нават дату нараджэння. Я мяняю абставіны жыцця. Я дамалёўваю папулярнаць і славу. Што яшчэ? Вусы, бараду і прыналежнасць да іншай культуры. Я шукаю Пікаса без таленту і часу пісаць карціны, і я шукаю апошняга жабрака, які змог бы намаляваць «Хлопчыка з трубкай». І часам, здаецца, знаходжу. Ці аказваецца такі свет іншым? Я не ведаю. Але гэта свет, які я люблю ўяўляць і які бачу ўсё больш выразна.