All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

7 August 2022

Аповед дваццаць восьмы. Труба і струны.


Першы раз я паступаў у музычную школу ў шэсць год. Я не зусім разумеў, навошта гэта было патрэбна, аднак мама ўзяла мяне за руку і прывяла ў нейкі белы будынак, дзе ў вялізным пакоі на першым паверсе сядзеў пажылы мужчына з акуратнай сівой барадой і з цікавасцю мяне разглядаў. Мне было ніякавата, і я ўвесь час глядзеў у падлогу. Мужчына сядзеў побач з фартэпіяна і распавядаў пра музыку. Пра тое, якая яна цудоўная, і як важна, каб дзеці ўмелі не толькі бегаць, скакаць і біць па мячы. Вакол, на сценах, былі развешаны партрэты кампазітараў, і кожны з іх выглядаў менавіта так, як сівы мужчына ля фартэпіяна. Маці слухала ўсё гэта са строгасцю, якая прымушала мяне трывожна маўчаць і спрабаваць трымаць спіну роўна.

У рэшце рэшт мужчына сказаў, што трэба высветліць, ці ёсць у мяне музычны слых. Ён сказаў, што будзе граць на фартэпіяна асобныя ноты, і мне трэба будзе голасам іх паўтарыць. Што ж... Памяць вялікадушна сцерла ўсё тое, што было далей, але я памятаю яго спрытныя пальцы, якія націскалі на клавішы, і мяне захапляла тое, з якой лёгкасцю чуўся гэты жывы гук фартэпіяна.

– Фартэпіяна? – спытаў ён. – Ты хочаш іграць на фартэпіяна?

І тады яны з мамай паглядзелі на мяне, пільна і з нейкай перабольшанай цікавасцю. Я задумаўся. Я ўявіў сабе вёску і тое, як мая стрыечная сястра кожны дзень хадзіла ў мясцовую музычную школу і ў пустых летніх аўдыторыях іграла майму дзядулю вальсы Шапэна. У двары трапяталі дрэвы, дзьмуў лёгкі вецер і чуліся крыкі дзяцей, а яны сядзелі там з музыкай і вялікім стосам нот. Я прыходзіў, але слухаў без цікавасці, і ўцякаў пасля двух хвілін «Месяцавай» санаты. А яшчэ я ўявіў сабе ўрачыстыя цырымоніі ля магілы невядомага салдата ў самым цэнтры вёскі. Збіраўся школьны аркестр з меднымі інструментамі, і нехта рабіў прамову і выкладваў чырвоныя кветкі. Аркестр граў гучна і рэзка, а я вывучаў твары музыкаў і спрабаваў зразумець, хто з іх быў найгучнейшым.

– Труба, – сказаў я ўпэўнена. – Я хачу іграць на трубе.

Мама была ўражана, а сівавалосы мужчына пасунуўся бліжэй да майго крэсла. «Пакажы мне рукі», сказаў ён. Я расчыніў далоні, і некалькі хвілін ён вывучаў іх.

– Ну што ж, – сказаў ён. – Ты можаш іграць на трубе.

Іншым разам я паступаў у музычную школу роўна праз год, і цяпер ужо я збіраўся стаць гітарыстам. Была ранняя восень, і я памятаю, як мы з мамай ішлі па вуліцы недалёка ад дома, курчыліся ад пранізлівага ветру, і спявалі песню на верш Максіма Багдановіча. Ідэя была ў тым, што менавіта яе мне трэба будзе праспяваць пры паступленні. Месцаў на гітару ў гэтай музычнай школе ўжо не заставалася, і мне трэба было зрабіць моцнае ўражанне. Песня была на беларускай мове, і я спяваў яе адчайна і гучна – гледзячы ў цёмнае восеньскае неба і спрабуючы адшукаць там сляды той самай Венеры.

Праслухоўванне было прызначанае на вечар, і іспыт прымаў цыбаты мужчына, які паўгадзіны спрабаваў пераканаць мяне абраць фартэпіяна, трубу, флейту, гуслі або трамбон. Усё, што заўгодна, толькі не гітару. На гітару не было вольных месцаў, і яны маглі ўзяць толькі дзяцей з вельмі вялікім талентам. «Гітара», сказаў я. Ён зноў паспрабаваў пераканаць мяне, цяпер ужо з мамай, аднак усё было дарэмна. «Толькі гітара», паўтараў я. І тады ён папрасіў мяне праспяваць. На гэты раз памяць ужо не такая велікадушная, і я сапраўды памятаю, як стаяў паміж радамі сталоў і, заплюшчыўшы вочы, на ўсё горла крычаў гэты стары беларускі раманс. Добра гэта было ці невыносна, я не ведаю, але ўрэшце мужчына здаўся і сказаў, што яны прымаюць мяне.

– Шэсць ці сем струн? – спытаў ён напрыканцы.

Я не задумваўся. Арыфметыка была простай: чым больш, тым лепш. Я сказаў, што сем. Ён здзівіўся і папярэдзіў, што чакае мяне ўжо ў панядзелак. Аднак ні ў гэтай школе, ні ў першай я так ніколі і не з'явіўся.