All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

30 October 2022

Аповед саракавы. «Tommy».


Вяртанне сястры з Амерыкі зрабіла рэвалюцыю ў маім жыцці. Не толькі з-за таго, што я ўпершыню ўсвядоміў няўлоўную механіку перажыванняў (якіх няма, але якія ўсё роўна ёсць), але таксама і з прычыны той цёплай раніцы ў канцы жніўня, калі я прачнуўся ў сваім менскім ложку і пачуў уверцюру 1969 года. Тую, што назаўжды змяніла маё жыццё.

Нават сёння, калі я чую той першы ўдар па струнах, той першы гітарны акорд, які разразае пустэчу нейкім тагасветным трапятаннем, усё дрыжаць унутры, і я вяртаюся ў летнюю раніцу свайго дзяцінства: я ляжу ў ложку, гляджу ў аконнае неба і слухаю тое, што не паддаецца словам. Гэта найлепшае з таго, што я чуў у жыцці. Гэта тое, што немагчыма апісаць. Гурт The Who, альбом Tommy. Сіняя кружэлка, прывезеная сястрой з Паўночнай Караліны. Насамрэч, я ніколі не чуў назвы гурта і тым больш назвы альбома. У той час я лічыў, што «Тутанхамон» гурта Nautilus Pompilius – гэта найвышэйшы пік у гісторыі музыкі. І вось зараз той, стары свет, цьмянее і сыходзіць назаўжды. У тым старым свеце больш няма сэнсу. Ён вылятае ў адчыненае акно, а я прапускаю сняданак, апранаюся і выходжу на вуліцу. Я не іду шукаць стары свет. Я іду сустракаць новы. 

Гэта пачатак. Я ведаю, што гэта пачатак, і паўгадзіны ў рэлігійным трапятанні я хаджу па парку перад домам і спрабую прывыкнуць да новага святла і новых адчуванняў. Яны б'юць наводмаш, яны асляпляюць, яны напаўняюць галаву нейкім новым газам. Аказваецца, там, у іншым вымярэнні, на іншай планеце, існавала нешта настолькі важнае, што рассякала жыццё на дзве паловы. Будуць іншыя моманты. Будуць дзве дзяўчыны са скрыпкамі ў цэнтры Сіены. Будзе «Facts of Life», апоўначы, у цёмнай менскай кватэры. Будзе Яначак па дарозе з Ньюкаслу ў Лондан.

Аднак Tommy быў першым. У тыя гады я пераслухоўваў гэты альбом так часта, што ведаў на памяць не толькі кожнае слова і кожную ноту, але і ўсе анатацыі з буклета. Ідэя альбома падавалася мне дзіўнай – аднак дзівацтва рабіла музыку больш прыцягальнай. У першыя дзве хвіліны альбома я зачыняў дзверы, адкладаў усе справы і садзіўся перад магнітафонам, а ў апошнія дзве хвіліны альбома сэрца пачынала стукаць хутчэй. «See me, feel me, touch me, heal me...». Зразумела, новы свет значна пераўзыходзіў свет Tommy. І вось я ўжо марную ўсе свае грошы на музыку, і на паліцы побач з менскім ложкам (тым самым, у якім я ўпершыню пачуў The Who) пачынаюць выстройвацца бясконцыя рады новых кружэлак. Памятаю, як мы з сябрам упершыню прыйшлі ў музычную краму ў пераходзе пад ГУМам, і я купіў альбом Help! Гэта зусім новыя адчуванні, аднак я і сёння зведваю іх кожны раз, калі заходжу ў любую колькі-небудзь вартую музычную краму.

Дзіцячы вопыт асаблівы, аднак ён наўрад ці ўнікальны. Так, я памятаю, як праз некалькі гадоў чытаў легендарную «Музычную газету», пра якую сёння мала хто ўспомніць. Здаецца, у пэўны час мы нават выпісвалі яе – нягледзячы на тое, што я любіў чытаць у ёй адны толькі інтэрв'ю. І ўсё ж аднойчы ў газеце надрукавалі вялізны артыкул пра The Who. Гэта была гісторыя гурта, напісаная неўзабаве пасля смерці Джона Энтуісла. У адным з апошніх абзацаў аўтар артыкула піша пра асабістыя перажыванні. Піша, што яе адчуванні ад музыкі The Who могуць зразумець толькі тыя, чый музычны досвед пачынаўся з зачыненага пакоя і з бясконцых праслухоўванняў альбома Tommy. Памятаю, як моцна мяне ўразілі гэтыя словы – яны азначалі так шмат. Тое, напрыклад, што цёплы дзень на зыходзе жніўня быў у мяне аднаго – аднак неба, на якое я глядзеў у тую раніцу, было адно на ўсіх. І ў гэтым я па-ранейшаму бачу галоўную сутнасць музыкі.

        

23 October 2022

Аповед дваццаць дзевяты. Самалёт.


«Не перажывай». Мусіць, самая бессэнсоўная парада з тых, на якія толькі здольны чалавек. Перажыванні – гэта не частка цела. Не ўнутраны орган. Іх нельга лячыць, яны не паддаюцца ампутацыі. І ўсё ж мы вечна прамаўляем гэтыя два словы. Даваць гэтую параду глупства, а не даваць груба – такое вось замкнёнае кола. Шмат гадоў таму, у Англіі, сябры падарылі мне кнігу аб тым, як пераадольваць прыступы трывогі і панікі. Памятаю, як часта я гартаў гэтую кнігу. Памятаю, як доўга ўчытваўся ў гэтыя шматслоўныя парады, сутнасць якіх непазбежна зводзілася да аднаго і таго ж: «Не перажывай».

Калі сястра ўпершыню вярталася з Амерыкі, мы адправіліся ў аэрапорт яе сустракаць. Мы сядзелі ў рэстаране другога паверха, елі нейкія сумныя салаты і глядзелі на самалёты, якія то прызямляліся, то ўзляталі ў неба. Усё гэта выклікала ў мяне прыступы захаплення, і я неадрыўна глядзеў на вялізныя колы, высоўныя трапы і іншапланетных людзей з рознакаляровымі чамаданамі. Здаецца, менавіта ў той дзень я закахаўся ў аэрапорты, і ўвесь гэты надзвычайны хаос чаканняў, вылетаў і вяртанняў. Я ўслухоўваўся ў голас, які абвяшчаў пра чарговы прылёт, і ў галаве праносіліся незнаёмыя парыжскія вуліцы і нязведаныя праскія маставыя...

У нейкі момант аб'явілі рэйс Франкфурт-Менск, і мы спусціліся ўніз. Я па-ранейшаму быў ахоплены тым, што адбываецца. Я разглядаў людзей, я ўзіраўся ў твары – кожнае з якіх здавалася мне іншым, чужым, незразумелым. Але вось нарэшце вароты адчыніліся, і ўсе гэтыя новыя людзі пачалі з'яўляцца перад нашымі вачыма. Аднойчы я ўбачыў сястру, якая падышла і абліла нас дыханнем іншага кантынента. Я глядзеў на яе і не мог адарвацца... А яна сказала, што я загарэў і моцна вырас. І не было мяжы майму шчасцю, калі мы ішлі да машыны, а я выцягваў галаву ўверх – бо хацеў здавацца яшчэ вышэй. Вышэй, чым сястра. Вышэй, чым самалёты.

А затым, калі мы ўвайшлі ў дом цёткі, я званітаваў. Мне было так дрэнна, што цела абмякла, і я ледзь не страціў прытомнасць. Я быў абсалютна белым, і цётка паклала мяне на сваёй канапе і зрабіла халодны кампрэс. Я да гэтага часу памятаю тое марознае, ліпкае адчуванне на ілбе, дзе ляжала павязка. Памятаю ўзрушаныя галасы з кухні, якія абмяркоўвалі Амерыку і канец жніўня. У нейкі момант цётка прашаптала, што зусім хутка мне стане лепш. Сястра спытала, што са мной, і скрозь слабасць і чарговы прыступ млоснасці я пачуў голас цёткі. Яна сказала, што ўсё гэта мае перажыванні, і менавіта з-за іх мне стала дрэнна. Я так моцна чакаў вяртання сястры, што цела не вытрымала...

Я ляжаў на канапе і спрабаваў зразумець гэтую дзіўную сувязь, якой, як мне здавалася, не было. Перажыванні? Якія перажыванні? Няўжо яны былі там, у аэрапорце, калі мы сядзелі і чакалі самалёт сястры? Калі я глядзеў на пасажыраў і на іх валізкі? Калі глядзеў на трап і на вялізныя чорныя колы? Бо я не перажываў. Я думаў пра іншыя рэчы... І толькі цяпер я ведаю, што цётка мела рацыю, што перажыванні – гэта не пэўная думка і не хворы зуб. Гэта не тое, што паддаецца аналізу ці ампутацыі. Яны проста ёсць. І часам яны не забіваюць.


16 October 2022

Аповед трыццаць восьмы. Забабоны.


Вынікам сноў, а таксама шматлікіх гісторый з мінулага, было складанае прымхлівае пачуццё, якое імкнулася паралізаваць частку майго дзяцінства. Так часта я думаў аб тым, што азначаюць гэтыя забабонныя фантазіі і навошта яны ўвогуле патрэбныя? І толькі праз доўгія гады я зразумеў нарэшце, што за цень стаяў за імі: забабоны былі зброяй супраць смерці.

Так, у адным з часопісаў вясковай бібліятэкі друкаваліся шалёныя лісты чытачоў і жудасныя гісторыі з жыцця. Пра дзяўчынку з Бразіліі, напрыклад, у густых валасах якой таіліся сасуды, і якая праз гэта не магла стрыгчыся. Альбо гісторыя пра людзей, якія сядзелі за святочным сталом, і адна з жанчын увесь час казала слова «чорт». І вось у нейкі момант нешта падхапіла яе за плечы і выцягнула ў адчыненае акно. Усё гэта здаецца сёння пацешным, аднак у той час я не знаходзіў сабе месца з-за гнятлівай штодзённасці гэтых гісторый. Яны пасяляліся ўнутры, гэтыя лісты і гэтыя гісторыі, дзесьці паміж сэрцам і грудной клеткай, і вось я ўжо баяўся вымавіць слова «чорт»... Ну так, баяўся. Баяўся выпасці з акна. Дзіўна, але я і зараз яго не прамаўляю, нават калі нічога не святкую, і ўсе вокны зачыненыя.

Напрыклад, мы заўсёды развітваліся з мамай па-французску, усё маё дзяцінства. Bonne nuit. Гэта былі не проста словы. Гэта была таямніца. Рытуал падобны да таго, які быў так прыгожа апісаны ў першай кнізе Марселя Пруста. Мама прыходзілі ў дзіцячы пакой, выключала святло, і я гучна шаптаў: bonne nuit! Мама, зразумела, адказвала гэтак жа, па-французску і шэптам, і толькі цяпер я мог заснуць. Далей усё гэта перарастала ў нейкую ўтрапёнасць, і аднойчы двух словаў ужо не хапала. З нейкага моманту я павінен быў сказаць bonne nuit не адзін, а тры разы (не два – два было жалобнай лічбай). Любы чалавек, які перажыў нешта падобнае, разумее, што далей забабоны толькі ўзмацняліся, і вось я ўжо не проста прамаўляю bonne nuit тры разы, але яшчэ і гляджу на неба. На цёмнае неба, халоднае неба – неба, якое ледзь віднеецца ў проразі фіранак. Я гляджу на неба і некалькі разоў міргаю. Мне спатрэбяцца гады, каб пазбавіцца ад гэтай дзіцячай прымхі – гады, каб зразумець, што не міргнуўшы тры разы, не развітаўшыся з мамай па-французску, не паглядзеўшы на неба, я ўсё роўна прачнуся раніцай жывы і, можа быць, нават шчаслівы.

Так, па тэлевізары, у нейкай богам забытай праграме сказалі аднойчы, што 666 – гэта самая страшная лічба на свеце. Звер, д'ябал, сатана – хто б ні стаяў за гэтай лічбай, трэба любым спосабам імкнуцца пазбягаць яе. І я пазбягаў. І хоць яна рэдка з'яўлялася ў маім дзяцінстве, забабоны праніклі даволі глыбока ў падсвядомасць, і аднойчы, чытаючы кнігу, я раптам адчуў хваляванне на шостай старонцы. На 16-й. На 26-й. На 36-й... Калі ж справа дайшла да 66-й, то я зусім не стаў чытаць. Я толькі хутчэй перагарнуў старонку. Далей мае забабоны перавандравала ў іншую кнігу, у трэцюю, і вось я ўжо пачаў нервова апярэджваць старонку, якая змяшчае гэтую клятую лічбу. І хоць усё гэта паступова знікла (праўда, ненадоўга вярнулася пасля аперацыйнага стала), і ў нейкі момант я добра разумеў, што мяне не хопіць удар і мяне не знойдуць мёртвым побач з кнігай, я і сёння імкнуся хутчэй прачытаць любую старонку, якая змяшчае лічбу шэсць.

Год таму, у Адэсе, нашы сябры ўбачылі, што я не стаўлю пустую бутэльку на стол, і мне прыйшлося тлумачыць... Хаця насамрэч, што тут тлумачыць? Немагчыма растлумачыць тое, што не мае сэнсу. Тое, што вырастае з глыбінь падсвядомасці, аддае загады і не церпіць пярэчанняў.


9 October 2022

Аповед трыццаць сёмы. Лінч.


Няма нічога больш сумнага, чым слухаць аповеды пра чужыя сны, і ўсё ж так цяжка бывае ўтрымацца і не ўспомніць. Тым больш што аб снах у дзяцінстве нам казалі так шмат. Так, нам расказвалі, напрыклад, што нельга есці сыр перад сном. Гадоў праз дзесяць я даведаюся, што гэта ўсяго толькі гарадская легенда, выдуманая і, мусіць, бессэнсоўная, аднак у тыя часы, у вёсцы, яна была праўдай.

Таму што аднойчы, перад сном, я вырашыў гэта праверыць. На нейкім святкаванні ў сярэдзіне лета я з'еў увесь сыр, што ляжаў на стале, і пайшоў спаць. Недзе гадзіны ў дзве ці тры ночы я прачнуўся ад страшнага біцця сэрца і адчування жаху. Памятаю, як глядзеў на чорныя вокны і бачыў у іх працяг свайго сну. У сне я быў заточаны ў нейкую высокую вежу, і нада мною ўзнімаліся цені людзей з вялізнымі жалезнымі сякерамі. Гэта быў вусцішны сон, і ў глыбокай цішыні вясковай хаты я адчуваў шоргат ног і тых самых сякер, занесеных над маёй галавой.

На нейкі час я, вядома, перастаў есці сыр – аднак толькі на час. У менскім ложку гарадская легенда зноў стала гарадской.

І ўсё ж самы страшны сон здарыўся пазней, праз некалькі гадоў пасля смерці бабулі і задаўга да таго, як я ўпершыню ўбачыў фільм Дэвіда Лінча. Сон гэты сніўся мне двойчы, і абодва разы ён быў звязаны з маёй хваробай і адчуваннем уласнай смерці. Памятаю, што аднойчы, у клініцы сну, лекарка доўга і падрабязна тлумачыла мне, якім чынам адзін і той жа сон можа сніцца двойчы. Тлумачыла пра кольцы і кругі сну (пакуль яна расказвала, я ўяўляў сабе арбіты планет), і як часам мы можам трапляць у іх зноў і зноў. Такіх кольцаў было шмат, аднак ніводны сон я не памятаю так выразна, як сон пра маю бабулю. Сон, які сніўся ў дзве самыя страшныя ночы майго жыцця.

Двухпавярховы дом у пустэльным полі, з вялізнымі цьмянымі вокнамі, у якіх нібыта гарыць святло. Святла гэтага я не бачу – але я ведаю, што яно ёсць. Галоўная перавага сну ў тым, што ён надзяляе цябе звышздольнасцямі; такімі, напрыклад, якія дазваляюць бегчы наперад не адрываючы ног ад зямлі ці быць у двух месцах адначасова. Так, у гэтым сне я знаходжуся ўнутры і пры гэтым гляджу на вокны з боку поля. Я гляджу на хату так, як гэта адбываецца ў канцы фільма «У доме» Франсуа Азона.

У акне другога паверха адчуваецца нейкі рух, аднак я нічога не бачу. Я ведаю пра гэты рух, я ўсведамляю яго, але бачу я толькі цьмянае святло. Пры гэтым я знаходжуся ўнізе, на першым паверсе. У пакоі, дзе я стаю, цёмна, аднак побач з сабой я адчуваю тэлефонную трубку. Раптам у акне другога паверха праступае сілуэт маёй бабулі, якая падыходзіць да тэлефона і набірае нумар. Я бачу павольныя, непаваротлівыя рухі яе цені, за якімі гучыць характэрны званок. Усё маё цела напружана, і на першым паверсе, у той самай тэлефоннай трубцы побач са мной, раздаецца голас бабулі. Яна кліча мяне да сябе, аднак я не адказваю. Я хачу адказаць і не магу.

У халодным поце і з цяжкім сэрцам, я прачынаюся.


2 October 2022

Аповед трыццаць шосты. Падарунак.


Смерць заўсёды была адваротным бокам дзён нараджэння. Мы, аднак, гэтага не ведалі. Мы задзімалі свечкі і разгортвалі падарункі і ўсё ніяк не разумелі, чаму ніхто, акрамя нас, не любіў дзён нараджэння. Для нас яны проста былі – гэтыя радасныя стрэлы раз на год. Яны нічога не набліжалі і нічога не аддалялі. Памятаю, як часта я падыходзіў да дзядулі напярэдадні яго дня нараджэння ў сярэдзіне чэрвеня і пытаўся, ці хвалюецца ён. Што ён адчувае. Ён жа ўсміхаўся, глядзеў у акно ці ў газету і казаў, што не хвалюецца. Што нічога не адчувае. Раней адчуваў, а зараз ужо не.

І ўсё ж для мяне гэта быў асаблівы дзень. «З-за падарункаў?» спытала аднойчы сястра. Я задумаўся, бо не быў гатовы да такога пытання. І шчыра сказаў, што так. З-за падарункаў. Але ж падарункі тыя былі таямніцай, і таямніцы я любіў ці не больш за ўсё на свеце.

І ўсё ж я мучыўся гэтыя апошнія дні перад запаветнай раніцай. Я ведаў, што падарунак абавязкова будзе, што ён ужо выдуманы і нават куплены – і ляжыць у доме, у адным з пакояў. У адной з шаф. Я мучыўся жаданнем зазірнуць у кожны з іх і наперад ўбачыць тое, што досвіткам будзе шамацець ля майго ложка. І што, заспаны ці бяссонны, я буду распакоўваць перад сняданкам. Зразумела, былі намёкі, здагадкі, доказы, аднак гэтага было мала. І потым – хіба я хацеў ведаць адказ?

Я добра памятаю той дзень, калі вучыўся ў чацвёртым класе, і застаўся дома адзін напярэдадні дня нараджэння. Як апантаны, я насіўся па ўсёй кватэры, гуляў у футбол бейсбольным мячом і час ад часу думаў аб заўтрашнім дні. У нейкі момант я не вытрымаў і прыйшоў у пакой мамы, дзе ў адзежнай шафе (я, канешне, ведаў) ляжаў заўтрашні падарунак. Думкі блыталіся, і мяне з'ядала адчайнае жаданне працягнуць руку і зазірнуць унутр. Аднойчы я адкрыў шафу і адчуў гэты шчыльны і недаступны пах блузак, кольцаў, рамянёў і сукенак. Аднак ужо праз секунду я не вытрымаў напругі і зачыніў шафу. Шафа рыпнула – і не зачынілася да канца.

Праз паўгадзіны я вярнуўся назад, і на гэты раз я быў ужо больш рашучы. Я зазіраў ва ўсе куты, я адводзіў сукенкі ў бок, я запускаў рукі ў маміны пальчаткі і бранзалеты. Я паднімаў кашулі, я рассоўваў шкарпэткі і джынсы. І ўвесь час я адчайна спрабаваў не згарэць ад сораму – здавалася, у любы момант мой твар гатовы быў успыхнуць ад злачыннай напругі. Але вось нарэшце я ўбачыў скрутак на верхняй паліцы шафы. Дрыготкімі рукамі я дастаў яго з шафы і паклаў на канапу. Я ведаў, што гэта было: футбольная форма з імем улюбёнага футбаліста. Не ў сілах стрымаць захапленне, я распрануўся, надзеў форму і забіў уяўны гол. Потым зноў пераапрануўся і вярнуў скрутак на верхнюю паліцу шафы.

Увечары, перад вячэрай, я прыйшоў на кухню, і пачаў угаворваць маму пакінуць мяне заўтра дома. «Чаму?» пацікавілася мама, і я прамямліў нешта няўпэўненае пра дзень нараджэння. Мама сказала, што дзень нараджэння – гэта цудоўна, аднак у школу ўсё роўна трэба ісці. «Добра», уздыхнуў я і нават не заўважыў, як вымавіў: «Ну нічога. Прынамсі, заўтра мы гуляем у футбол, і я змагу надзець новую форму...». Мама здзіўлена паглядзела на мяне, і ў гэты момант я ўсвядоміў жах маіх словаў. Памятаю, з якой ганьбай я выйшаў з кухні і накіраваўся ў свой пакой...

Дзеці ўсяго свету дзеляцца на дзве паловы. Адны адчыняюць бацькоўскія шафы і знаходзяць падарункі і іншыя таямніцы, а іншыя ніколі гэтага не робяць. У той вечар я зразумеў, што пераступіў нейкую важную лінію. Убачыў тое, на што нельга было глядзець. Аднак усё ж гэта была іншая лінія. Не тая, што адкрыецца мне праз шмат гадоў, у нейкі чэрвеньскі дзень, калі я падыду да дзядулі і ў чарговы раз запытаю пра дзень нараджэння. Калі зразумею нарэшце, што мы гаворым пра розныя рэчы. Што я кажу пра дзень нараджэння, а дзядуля гаворыць пра смерць.