All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

30 October 2022

Аповед саракавы. «Tommy».


Вяртанне сястры з Амерыкі зрабіла рэвалюцыю ў маім жыцці. Не толькі з-за таго, што я ўпершыню ўсвядоміў няўлоўную механіку перажыванняў (якіх няма, але якія ўсё роўна ёсць), але таксама і з прычыны той цёплай раніцы ў канцы жніўня, калі я прачнуўся ў сваім менскім ложку і пачуў уверцюру 1969 года. Тую, што назаўжды змяніла маё жыццё.

Нават сёння, калі я чую той першы ўдар па струнах, той першы гітарны акорд, які разразае пустэчу нейкім тагасветным трапятаннем, усё дрыжаць унутры, і я вяртаюся ў летнюю раніцу свайго дзяцінства: я ляжу ў ложку, гляджу ў аконнае неба і слухаю тое, што не паддаецца словам. Гэта найлепшае з таго, што я чуў у жыцці. Гэта тое, што немагчыма апісаць. Гурт The Who, альбом Tommy. Сіняя кружэлка, прывезеная сястрой з Паўночнай Караліны. Насамрэч, я ніколі не чуў назвы гурта і тым больш назвы альбома. У той час я лічыў, што «Тутанхамон» гурта Nautilus Pompilius – гэта найвышэйшы пік у гісторыі музыкі. І вось зараз той, стары свет, цьмянее і сыходзіць назаўжды. У тым старым свеце больш няма сэнсу. Ён вылятае ў адчыненае акно, а я прапускаю сняданак, апранаюся і выходжу на вуліцу. Я не іду шукаць стары свет. Я іду сустракаць новы. 

Гэта пачатак. Я ведаю, што гэта пачатак, і паўгадзіны ў рэлігійным трапятанні я хаджу па парку перад домам і спрабую прывыкнуць да новага святла і новых адчуванняў. Яны б'юць наводмаш, яны асляпляюць, яны напаўняюць галаву нейкім новым газам. Аказваецца, там, у іншым вымярэнні, на іншай планеце, існавала нешта настолькі важнае, што рассякала жыццё на дзве паловы. Будуць іншыя моманты. Будуць дзве дзяўчыны са скрыпкамі ў цэнтры Сіены. Будзе «Facts of Life», апоўначы, у цёмнай менскай кватэры. Будзе Яначак па дарозе з Ньюкаслу ў Лондан.

Аднак Tommy быў першым. У тыя гады я пераслухоўваў гэты альбом так часта, што ведаў на памяць не толькі кожнае слова і кожную ноту, але і ўсе анатацыі з буклета. Ідэя альбома падавалася мне дзіўнай – аднак дзівацтва рабіла музыку больш прыцягальнай. У першыя дзве хвіліны альбома я зачыняў дзверы, адкладаў усе справы і садзіўся перад магнітафонам, а ў апошнія дзве хвіліны альбома сэрца пачынала стукаць хутчэй. «See me, feel me, touch me, heal me...». Зразумела, новы свет значна пераўзыходзіў свет Tommy. І вось я ўжо марную ўсе свае грошы на музыку, і на паліцы побач з менскім ложкам (тым самым, у якім я ўпершыню пачуў The Who) пачынаюць выстройвацца бясконцыя рады новых кружэлак. Памятаю, як мы з сябрам упершыню прыйшлі ў музычную краму ў пераходзе пад ГУМам, і я купіў альбом Help! Гэта зусім новыя адчуванні, аднак я і сёння зведваю іх кожны раз, калі заходжу ў любую колькі-небудзь вартую музычную краму.

Дзіцячы вопыт асаблівы, аднак ён наўрад ці ўнікальны. Так, я памятаю, як праз некалькі гадоў чытаў легендарную «Музычную газету», пра якую сёння мала хто ўспомніць. Здаецца, у пэўны час мы нават выпісвалі яе – нягледзячы на тое, што я любіў чытаць у ёй адны толькі інтэрв'ю. І ўсё ж аднойчы ў газеце надрукавалі вялізны артыкул пра The Who. Гэта была гісторыя гурта, напісаная неўзабаве пасля смерці Джона Энтуісла. У адным з апошніх абзацаў аўтар артыкула піша пра асабістыя перажыванні. Піша, што яе адчуванні ад музыкі The Who могуць зразумець толькі тыя, чый музычны досвед пачынаўся з зачыненага пакоя і з бясконцых праслухоўванняў альбома Tommy. Памятаю, як моцна мяне ўразілі гэтыя словы – яны азначалі так шмат. Тое, напрыклад, што цёплы дзень на зыходзе жніўня быў у мяне аднаго – аднак неба, на якое я глядзеў у тую раніцу, было адно на ўсіх. І ў гэтым я па-ранейшаму бачу галоўную сутнасць музыкі.