All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

8 December 2022

Аповед сорак шосты. Стоп-кадр.


Аднойчы, у 2003 годзе, англійская дзяўчынка спрабавала навучыць мяне таму, як трэба запамінаць. Гэта здарылася ў нейкім лесе непадалёку ад Ньюкасла. Яна падышла да мяне і з непрадказальнай дзіцячай шчырасцю папрасіла паглядзець на дрэва, што расло за дваццаць метраў ад нас. Затым яна паднесла далоні да сваіх вачэй і націснула на векі. «Гэта як фотаапарат», сказала яна. «Ён заўсёды са мной, і зараз я буду памятаць гэтае дрэва ўсё жыццё». Усё жыццё. Яна папрасіла мяне зрабіць тое ж, і я не стаў супраціўляцца.

Насамрэч, усё сваё дзяцінства я быў апантаны гэтай ідэяй – як запомніць хаця б частку з таго, што адбываецца вакол мяне. Нават не падзеі – а хутчэй дэталі, моманты, кадры. Напрыклад, я мог гадзінамі сядзець перад карцінай Паленава, гіпнатызаваць яе і запамінаць кожны сантыметр сажалкі ці белых гарлачыкаў. А часам я знарок казаў сабе: вось зараз я запомню гэты момант, і ён застанецца са мной назаўжды. І я запамінаў плітку на сцяне ў пярэднім пакоі, з малюнкамі садавіны ці кветак, альбо тое імгненне, калі прыгарадны аўтобус праязджае вясковую вуліцу. Тое, нарэшце, як мяч удараецца аб баскетбольны шчыт. Я і зараз памятаю гэтае імгненне – я не ведаю, што з ім рабіць, але я памятаю яго.

Я не заціскаў далонямі павекі, не выдумляў фотаапарат. Проста з нейкага ўзросту мне пачало падавацца, што гэта важна, запамінаць моманты – і сёння я ведаю, што меў рацыю. Мой самы першы ўспамін зманлівы, ён трашчыць і крышыцца ад аднаго намагання ўспомніць. Нават не дзіцячы сад – яслі; я іду па драўлянай падлозе, міма вялізнага акна, і вакол бегаюць дзеці. У тым узросце я, вядома, нават не думаў запамінаць усё гэта, аднак вобраз чамусьці застаўся, і цяпер бясконца вяртаецца ў самыя нечаканыя моманты жыцця.

Так, як вяртаецца, напрыклад, дрэва з лесу на поўначы Англіі. Я бачу яго так, як я бачыў у той дзень. Схіленае і ўжо старое, яно стаіць крыху ў баку ад астатніх дрэваў. Праўда, бываюць дні, калі я бачу яго зламаным, і тады яно ляжыць на зямлі. Частка ствала застаецца расці, а частка пачынае абрастаць травой і ляснымі кветкамі. Гэта складаны, зменлівы кадр, і ён не мог змясціцца ў маіх далонях, калі я ўзяў прыклад з ангельскай дзяўчынкі і наўмысна затрымаў яго ў сваёй памяці. Плёнка крыху засвяцілася і афарбавалася ў густую сэпію. Аднак дзіўная рэч: эфект робіць кадр глыбейшым, больш сапраўдным.