All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

11 December 2022

Аповед сорак сёмы. Тэлевізар.


Адзін з такіх кадраў – гэта вялізны пакой у вясковай хаце. Зала. Я сяджу на падлозе, на цвёрдым дыване з жорсткіх спайкаў тканіны, і бачу групу людзей вакол сябе. Яны сядзяць нерухома, іх твары злёгку мігацяць у водблісках нейкага святла. Справа ў тым, што ў напаўцёмным пакоі працуе тэлевізар, і экран адсвечваецца ў вялізных акулярах і ў шкляным напружанні вачэй. Яны сядзяць у фатэлях і на канапе. Некаторыя сядзяць на крэслах, прынесеных з кухні. Некаторыя стаяць на парозе пакоя, на маленькай прыступцы, якая была прычынай маіх шматлікіх удараў і падзенняў. Яны нерухомыя, усе гэтыя людзі. Яны настолькі нерухомыя, што можна ўявіць васковую фігуру ці скульптуру ці сямейны партрэт у інтэр'еры.

Сярод іх ёсць мае дзядуля і бабуля, аднак некаторых людзей я не ведаю, і бачу толькі два разы на тыдзень, калі па тэлевізары паказваюць што-небудзь цікавае. Яны прыходзяць да нас, бо не ў кожнай хаце на нашай вуліцы ёсць тэлевізар. Яны ніякавата мітусяцца ў дзвярах і ўсё паўтараюць, лямантуюць, шэпчуць: «Мы не мяшаем? Мы ненадоўга. Мы толькі на паўгадзіны...». Яны праходзяць у залу, займаюць свае месцы, а потым заміраюць. Яны прыходзяць па навіны і нейкія музычныя канцэрты.

Час ад часу чорна-белая карцінка збіваецца, і па тварах людзей прабягае ледзь прыкметнае нараканне. Кадр памяці ажывае, моршчыцца, запінаецца. На жываце я паўзу да тэлевізара і кручу цвёрдую ручку зялёнага транзістара на падлозе. Дзве, а можа быць, тры пстрычкі. Выява на экране вяртаецца, а кадр замірае. Ён ажыве толькі ў канцы вечара, калі яны ціха падымуцца і, шэпчучы падзякі, выйдуць з пакоя ў летні вясковы вечар.

Тэлевізар не быў цэнтрам сусвету, аднак ён быў важнай яго часткай. Ён быў магнітам. Ён быў забароненым плодам, які ляжаў у кішэні. Я ніколі ўжо не забуду тую ноч, калі «Тытанік» выйграў усе «Оскары» свету. Я памятаю песню Селін Дыён, за якую так адчайна заўзеў. Гол Майкла Оўэна ў вароты Аргенціны. Апошнюю серыю «Дзяцей капітана Гранта». Я ніколі не змагу забыць тое, як увесь калядны тыдзень дзядуля з самае раніцы садзіўся перад тэлевізарам і глядзеў навагоднія мультфільмы (ён чамусьці асабліва любіў нейкую шалёную стужку, у якой персанажы з доўгімі насамі гулялі ў хакей). Але больш за ўсё я памятаю тыя летнія вечары, калі бабуля клікала нас у залу, і мы глядзелі чарговы лацінаамерыканскі серыял.

Серыялаў гэтых было вялікае мноства, і бабуля не прапускала ніводны з іх. «Багатыя таксама плачуць», «Дзікая Роза», «Новая ахвяра». Дзядуля безуважна чытаў газету і пагардліва бурчаў, а мы заходзілі ў залу і зачынялі за сабой дзверы, якія рыпелі дрэвам і пахам белай фарбы, але якія агароджвалі свет чарговага бразільскага серыяла ад мітусні і думак аб канцы лета. Гэта быў утульны, цудоўны свет, у якім хацелася быць. Габрыэль любіў Ізабэлу, а Ізабэла любіла Антоніа. Мы садзіліся на канапу і апускаліся ў атмасферу таямніц, запалу, інтрыг... А часам напруга падскоквала настолькі, што прыходзілася спускацца з канапы, класціся на падлогу, паўзці да тэлевізара і паварочваць ручку транзістара.