All original work © 2009 - 2023 Alexey Provolotsky

4 December 2022

Аповед сорак пяты. Спрайт.


Івана Якаўлевіча баяліся ўсе. Заслужаны трэнер, майстар спорту, гаспадар стадыёна. Яго цыбатая постаць грозна маячыла над кожнай пляцоўкай у кожны час дня і ночы. Ён ведаў, чаму на футбольным полі перастала расці трава. Ведаў, дзе дастаць сетку для валейбола. Ведаў, хто не вярнуў тэнісны мяч. І нават у састарэлым узросце ён працягваў рыхтаваць чэмпіёнаў па лёгкай атлетыцы. Яго згорбленая постаць лунала на краі бегавой дарожкі, а хрыплы голас тлумачыў, што і як трэба рабіць. «Кожны дзень», казаў ён. «Кожны дзень трэба перамагаць». І чарговая стройная дзяўчына васемнаццаці гадоў услухоўвалася ў яго інтанацыі, а потым перамагала на любым турніры вобласці і планеты. Гэта была магія. Яго звалі «мудры», і ўсе, нават самыя абкураныя падлеткі, баяліся гаварыць з ім.

Я прыходзіў на стадыён штораніцы і адразу ж накіроўваўся ў яго двор на краі футбольнай пляцоўкі. За драўлянай брамкай трэба было пазбегнуць агрэсіўнага пеўня (ён рэагаваў на кожны няправільны рух) і прайсці па вузкай сцяжынцы паміж адрынай і агародам. Далей трэба было павярнуць направа, падысці да веранды яго дома і крыкнуць: «Іван Якаўлевіч, я за мячом!» Затым я ішоў у хлеў, дзе сярод гусінага паху і клетак з трусамі ляжалі мячы. Валейбольны, футбольны, баскетбольны. З нейкага часу я пачаў усё часцей выбіраць апошні. Па-першае, была другая палова дзевяностых, і я быў закаханы ў Рэджы Мілера. Па-другое, у мяне, здаецца, атрымлівалася.

«У яго няма нерваў», казаў пра мяне Юрась, баскетбаліст юніёрскай зборнай Беларусі, які праводзіў у нашай вёсцы два ці тры тыдні лета. Насамрэч, я дрэнна гуляў у баскетбол, але добра кідаў у кольца. Трохачковыя, штрафныя – я трэніраваўся цэлымі днямі, і толькі надыход навальніцы прымушаў мяне кінуць усё і бегчы дадому. Мусіць, ніхто не заходзіў у двор да Івана Якаўлевіча часцей за мяне, і ніхто так адчайна не змагаўся з гэтым праклятым пеўнем. Аднойчы ў Менску, на нейкай выставе ў цэнтры горада, я выйграў прыз за серыю дакладных кідкоў у кольца. Хлопец, які аддаваў узнагароду, ціснуў маю руку і здзіўлена ўзіраўся ў мае вочы. Ён нічога не ведаў пра гусіны пах і вясковы стадыён.

А аднойчы, калі мы ў чарговы раз кідалі штрафныя, Юрась прапанаваў мне гульню сам-насам. «Мы будзем гуляць, на што-небудзь», сказаў ён. «Адно кольца. Я дам табе фору. Гуляем да 20, рахунак 18:0 на тваю карысць. Гэта значыць, што табе трэба закінуць адзін толькі раз. Згодзен?» Здаецца, я нават не разважаў. Так, гуляў я дрэнна, і сваімі блокамі ён не будзе даваць мне кідаць, аднак што я губляў?.. «Мы будзем гуляць на Спрайт», сказаў Юрась. «Выйграеш - я купляю Спрайт».

Усе стаялі вакол і глядзелі, як ён без цяжкасці закідвае мячы ў кольца. Я нерваваўся – а ён не даваў мне ніводнага шанцу. Адбіраў мяч, абыходзіў мяне па левым, па правым баку. Рахунак быў ужо 18:16 на маю карысць, калі я зрушыўся ўлева, у бок, які ён не чакаў, і хутчэй кінуў... Мяч узняўся у паветра, ніякавата стукнуўся аб шчыт і зваліўся ў кольца. Матч быў скончаны, і я пераможна ўскінуў рукі. Гэта быў шчаслівы момант, і як жа білася сэрца, калі я вяртаўся дадому ў той вечар. А ўжо праз дзень ці два Юрась прывёз на ровары запаветную зялёную бутэльку. Я толькі не памятаю, як выпіў яе. Мусіць, гэта не было ўжо так істотна.

Іван Якаўлевіч памёр зусім нядаўна. Ён пражыў доўгае жыццё. Памятаю, што калі мы бачыліся апошні раз, некалькі гадоў таму, ён наўрад ці памятаў навакольных людзей. І ўсё ж ён пазнаў мяне, і на секунду яго вочы бліснулі тым, старым святлом. Ён пазнаў мяне, і ад сэрца адлягло. Верагодна, тады, у тым далёкім дзяцінстве, я сапраўды часта прыходзіў да яго за ўсімі гэтымі мячамі. Кожны дзень, як любіў паўтараць ён. Кожны дзень.